Правы дзеля бяспекі

- 15:17Нам пішуць

Тыдзень прававых ведаў прайшоў у Пархімаўскім яслях-садзе — базавай школе, што ў Гродзенскай вобласці. Фарміраванне прававой культуры школьніка — неабходная ўмова яго асабістай бяспекі. Дзеці павінны ведаць свае правы і абавязкі, каб умець карыстацца імі ў любой жыццёвай сітуацыі.

У пачатковых класах быў праведзены відэалекторый, на якім у гульнявой форме разам з героямі любімых мультфільмаў хлопчыкі і дзяўчынкі засвоілі прававую азбуку. На гульнях-практыкумах, пазнавальных віктарынах, з дзіцячага прававога сайта навучэнцы даведаліся пра дакументы, якія абараняюць іх правы, адпрацавалі навыкі правільных паводзін у школе, дома і ў грамадскіх месцах. У 5—9 класах прайшлі тэматычныя класныя гадзіны па прававой адукацыі ў форме практыкумаў, дыспутаў, міні-лекцый, прававога калейдаскопа.

Школьны сайт, стэнды былі абноўлены памяткамі, накіраванымі на інфармаванне бацькоў і вучняў у галіне правоў. Ва ўстанове адукацыі была арганізавана выстава літаратуры “Рэспубліка Беларусь — прававая дзяржава”, выстава дзіцячых малюнкаў і плакатаў “У свеце правоў”.

У рамках прававога тыдня прайшлі акцыі “Стоп, спайс!”, “Кідай курыць і стань паспяховым”. Падчас іх навучэнцы старшых класаў правялі сацыялагічнае апытанне “Далучэнне насельніцтва да здаровага ладу жыцця”. Высветлілася, што толькі 18% апытаных мясцовых жыхароў вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца спортам, не кураць, выконваюць рэжым дня.

Вынікі анкетавання падштурхнулі навучэнцаў на стварэнне лістовак і буклетаў па прафілактыцы наркаманіі і тытунекурэння і распаўсюджванне іх на вуліцах аграгарадка Пархімаўцы. З задавальненнем школьнікі прымалі ўдзел і ў флэшмобе “Дыхай свабодна”, заклікалі насельніцтва весці здаровы лад жыцця.

Супрацоўнікі РАУС правялі з дзецьмі гутарку па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін. Гэтаму ж пытанню быў прысвечаны круглы стол “Мае правы” з удзелам прадстаўніка праваслаўнай царквы. Сумесна з сацыяльным педагогам і бацькамі прайшла сустрэча “Азбука ўзаемаадносін у сям’і”.

Такім чынам, усе праведзеныя мерапрыемствы дапамаглі атрымаць і замацаваць веды аб правах і абавязках дзяцей, стварыць творчую атмасферу ў класных калектывах і ўстанове адукацыі.

Святлана ЛЫСЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы.