Правы і абавязкі

- 16:28Нам пішуць

У рамках Тыдня прававых ведаў у Лобжанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клімавіцкага раёна прайшло мерапрыемства для пачатковых класаў “Я і мае правы”, якое правяла настаўніца пачатковых класаў Жанна Уладзіміраўна Новікава.

Дзеці даведаліся, як чалавецтва прыйшло да стварэння правоў і абавязкаў, даведаліся, што асноўны закон нашай краіны называецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а ўсе правы дзяцей запісаны ў Дэкларацыі правоў чалавека, якую прыняла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

Навучэнцы школы далі азначэнне такім паняццям, як “дэкларацыя”, “закон”, “канвенцыя” і “Канстытуцыя”. Трэцякласнікі расказалі асноўныя правы дзіцяці. За час выступлення ў навучэнцаў вырасла “Дрэва правоў”.

Пасля дзеці перайшлі да абавязкаў, а дапамагла ім у гэтым “Кветачка-вясёлка”, якая ўключала ў сябе такія абавязкі, як “Абараняць Айчыну”, “Рабіць урокі”, “Наведваць школу”, “Дапамагаць бацькам”, “Выконваць законы”, “Ахоўваць прыроду” і “Выконваць правілы навучэнцаў”. Таксама была праведзена казачная віктарына, мэтай якой было ў гульнявой форме замацаваць веды пра артыкулы з Дэкларацыі правоў чалавека. Напрыклад, у якой казцы злая Каралева забрала маленькага хлопчыка ў свой ледзяны палац? Ці мела яна на гэта права? У якой казцы галоўнаму герою пагражалі быць з’едзеным. Якое права тут хацелі парушыць звяры?

Дзеці зрабілі выснову, што трэба ведаць свае правы і не парушаць правоў іншых людзей. А таксама памятаць, што, акрамя правоў, у іх ёсць і абавязкі.

Уладзімір НОВІКАЎ,
настаўнік геаграфіі і працоўнага навучання Лобжанскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.
НА ЗДЫМКАХ: навучэнцы 3 класа.