Праз JuniorSkills да будучай прафесіі

- 14:42World Skills

Магілёўшчына ўключылася ў рух па ранняй прафарыентацыі школьнікаў JuniorSkills. На мінулым тыдні ў абласным цэнтры ўпершыню прайшлі адпаведныя конкурсы прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі па кампетэнцыях “Сістэмнае адміністраванне” і “Мабільная робататэхніка”.

Па словах намесніка дырэктара абласнога цэнтра творчасці па тэхнічным кірунку Генадзя Касцючэнкі, арганізатарам конкурсаў выступіла абласное ўпраўленне адукацыі, а праводзіліся спаборніцтвы з мэтай выяўлення творчых здольнасцей, фарміравання прафесійнай падрыхтоўкі ў дзяцей, а таксама папулярызацыі сярод іх рабочых прафесій.

— Удзел у конкурсах прынялі 27 каманд. Усяго спаборніцтвы, якія праходзілі ў розных узроставых катэгорыях, аб’ядналі звыш сарака навучэнцаў. Для іх былі распрацаваны заданні рознага ўзроўню складанасці, — адзначыў Генадзь Анатольевіч.

Так, прадстаўнікам кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” неабходна было своечасова ажыццявіць зборку камп’ютара з камплектуючых, стварыць сеткавы кабель і бесправадную камп’ютарную сетку для абмену данымі, выканаць устаноўку віртуальнай машыны і аперацыйнай сістэмы. Канкурсанты, якія цікавяцца мабільнай робататэхнікай, выконвалі розныя заданні па скораснай зборцы канструкцый робатаў, а таксама стваралі праграмныя алгарытмы на прапанаваныя задачы.

— Удзельнічаць у такім конкурсе было цікава, бо гэта шанс паказаць сябе, свае здольнасці. Да таго ж з удзельнікамі з іншых раёнаў можна пазнаёміцца, убачыць, што ўмеюць яны, даведацца нешта карыснае для сябе. Такі вопыт спатрэбіцца ў далейшым, у тым ліку і пры паступленні. Будучую сферу прафесійнай дзейнасці мы ўжо выбралі — гэта, хутчэй за ўсё, праграмаванне. Думаем, конкурс дапаможа больш дакладна вызначыцца са спецыялізацыяй, — падзяліліся навучэнцы Добраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Горацкага раёна Дзмітрый Багамолаў і Раман Масанін.

Усе канкурсанты паказалі дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі як у веданні тэорыі, так і ў практычных дзеяннях. Пераможцамі ж па выніках набраных балаў у кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” сталі вучань сярэдняй школы № 25 Магілёва Сяргей Слуцкі і навучэнец магілёўскай гімназіі № 2 Іван Букачоў. А лепшымі ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” журы прызнала навучэнцаў абласнога цэнтра творчасці Ілью Ніжнікава і Аляксея Гарбаценку.

Абласныя спаборніцтвы прайшлі пакуль па дзвюх найбольш масавых кампетэнцыях. Аднак зборная каманда вобласці будзе складацца таксама з дзяцей, якіх цікавяць такія кампетэнцыі, як “Нейрапілатаванне” і “Інжынерны дызайн CAD”. У будучыні ж плануецца развіваць у рэгіёне ўсе кірункі руху JuniorSkills.

Адметна, што ў ходзе конкурсных адбораў магілёўскія школьнікі маглі не толькі паказаць свае таленты і прафесійныя навыкі, але і азнаёміцца з пералікам прафесій для далейшага навучання. Такім чынам, спаборніцтвы JuniorSkills сталі для навучэнцаў своеасаблівай прыступкай у авалоданні патрэбнай у дарослым жыцці спецыяльнасцю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.