Праз мінулае — у будучыню

Шмат гадоў збіраю ў бабулін куфар беларускія ручнікі, рэцэпты беларускай нацыянальнай кухні, цікавыя гісторыі. Многія вышыўкі засталіся ў спадчыну ад родных, а многія знайшлі мяне дзякуючы вучням. Саматканыя і вышываныя вырабы — гэта наша памяць, святло і цеплыня з далёкага мінулага. Вельмі хочацца, каб гэтая спадчына не згубілася, а захавалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Разам з шасцікласнікамі мы падрыхтавалі краязнаўчы праект “Падарожжа ў прасторы і часе”, асноўная задача якога заключалася ў тым, каб паказаць, што народнае мастацкае ткацтва і вышыўка — бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Тут і радасць, і весялосць, і абярэг, і першае каханне, і заляцанне, і радзіны, а зрэдку нават і расставанне, і расчараванне. Узоры сімвалізуюць дабро, праўду, прыгажосць, любоў, гордасць за чалавека і яго працу, маюць сваё прызначэнне і сваю назву.

Вучням вельмі спадабалася ўдзельнічаць у праекце. Я пераканалася, што праектная дзейнасць не толькі надзвычай павучальная, але яшчэ і прывівае любоў да роднай мовы і нацыянальных традыцый. Наш праект пачаў набіраць сілу. Дзякуючы валанцёру і слухачу інстытута трэцяга ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста Т.В.Аперавец, завязалася цеснае супрацоўніцтва з нашай школай. Да праекта ахвотна далучыліся мамы і бабулі вучняў. Т.В.Аперавец падарыла нам беларускія ручнікі і абрусы, якім ужо больш за 100 гадоў. З дапамогай гэтай цікавай жанчыны ў рамках фальклорнай праграмы была падрыхтавана прэзентацыя “З беларускiх скарбонак”, дзе вучні азнаёмілі дарослых з інфармацыяй “Лён на нашай зямлі”.

Падчас мерапрыемства бабулі вярнуліся ў сваю маладосць і расказалі, як сеялі лён, збіралі ўраджай і ткалі. Кожны змог папрацаваць за кроснамі, на якіх можна ткаць ільняныя вырабы вялікіх памераў. Вочы дзяцей гарэлі захапленнем. У зале панавала атмасфера цяпла і добразычлівасці. Слухачы інстытута трэцяга ўзросту паказалі ручнікі, цудам уцалелыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кожнага з іх — свая гісторыя.

Неўзабаве нарадзіўся новы сямейны праект “Хлеб — у хаце гаспадар”, у якім захацелі паўдзельнічаць вучні і іх родныя. Тры пакаленні аб’ядналіся для таго, каб далучыцца да роднага слова і гісторыі роднага краю. Кожная сям’я вырабляла смачны хлеб, які затым прэзентавала па-беларуску. Вучні пачулі шмат цікавых і карысных фактаў пра хлеб з вуснаў удзельнікаў інстытута трэцяга ўзросту. Падчас святочнага мерапрыемства гучалі вершы беларускіх паэтаў і народныя песні, дзеці весела танцавалі. Да сустрэчы далучыўся і мясцовы хлебакамбінат, які прапанаваў пакаштаваць розныя гатункі хлеба.

Дзякуючы сумеснай дзейнасці вучняў і дарослых, павысілася цікавасць да роднага слова і нашай спадчыны, а ў інстытуце трэцяга ўзросту з’явіўся новы напрамак работы, звязаны з вывучэннем беларускай мовы.

Наталля ТКАЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 24 Брэста.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *