Марыя Міхнавец, вучаніца гімназіі № 1 Салігорска, і Станіслаў Сенюковіч, які вучыцца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, атрымалі ў навагоднія святы многа падарункаў. Адзін з прыемных сюрпрызаў падрыхтаваў для іх Мінскі абласны Савет дэпутатаў: яны аказаліся ў спісе 29 навучэнцаў, якія па выніках 2015 года атрымалі прэмію абласнога Савета дэпутатаў.
—Мы заахвочваем гэтай прэміяй дзяцей, якія ўдзельнічаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах у складзе каманды Мінскай вобласці. Прэмія абласнога Савета дэпутатаў накіравана на сацыяльную падтрымку і стымуляванне інтэлектуальнага і творчага развіцця адораных навучэнцаў, — патлумачыла Алена Генадзьеўна Жучэнка, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Прэмію ў памеры ад 6 да 10 базавых велічынь атрымалі тыя навучэнцы 9—11 класаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, якія ў мінулым годзе занялі 1, 2 ці 3 месца на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Напрыклад, Марыя Міхнавец і Станіслаў Сенюковіч — удзельнікі алімпіяды па біялогіі — у 2015 годзе сталі ўладальнікамі дыпломаў ІІ ступені на рэспубліканскім этапе: Марыя — сярод дзевяцікласнікаў, Стас — сярод дзесяцікласнікаў. Безумоўна, гэта годная ўзнагарода для цудоўных падлеткаў. Дарэчы, і патраціць прэмію многія плануюць на сваё далейшае развіццё. Напрыклад, Марыя прызналася, што купіла электронную кнігу, якая ўжо зараз дапамагае ёй рыхтавацца для далейшага ўдзелу ў алімпіядзе.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.