Прэзентаваць сваю работу

- 12:41Спецыяльная адукацыя

Па выніках Х Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 65 Гродна Хрысціна Віктараўна Захарава атрымала дыплом ІІ ступені за распрацоўку вучэбна-азнаямляльнай праграмы для настаўнікаў-дэфектолагаў дашкольных устаноў “Электронная прэзентацыя ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення”.

На стыку медыцыны і педагогікі

Хрысціна Віктараўна — малады спецыяліст, у садзе працуе толькі два гады. Скончыла педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Алігафрэнапедагогіка. Лагапедыя”. Яшчэ са школы захаплялася біялогіяй і гуманітарнымі дысцыплінамі, удзельнічала ў алімпіядах. З медыцынай звязаць свой лёс не адважылася, а вось дэфекталогія, якая знаходзіцца на стыку медыцыны і педагогікі, яе вельмі зацікавіла.
— Я ведала, што давядзецца сутыкнуцца з няпростымі дзецьмі, псіхалагічна рыхтавалася да гэтага, чытала літаратуру аб людзях з абмежаваннямі, — гаворыць Хрысціна Віктараўна. — Падчас студэнцкай практыкі ўпэўнілася, што прафесію выбрала правільна, што яна мне падабаецца. У яслі-сад № 65 Гродна прыйшла адразу пасля ўніверсітэта і пачала працаваць у спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Сярод парушэнняў, якія выпраўляю ў выхаванцаў, — агульнае недаразвіццё маўлення, якое часта ўскладнена іншымі праблемамі маўлення, а таксама дызартрыя, рыналалія, дыслалія. Цяжэй за ўсё карэкцыі паддаецца агульнае недаразвіццё маўлення, паколькі яно звязана не толькі з цяжкасцямі гукавымаўлення, а закранае ўсе кампаненты маўлення, у тым ліку і лексіка-граматычнае. Зразумела, у дашкольным узросце не будзеш выкладаць дзецям граматычныя паняцці і правілы, але малых трэба вучыць правільна выстройваць словы ў сказах, дакладна спалучаць іх. Гэта выпрацоўваецца пры шматразовым паўтарэнні і запамінанні на слых.
Карэкцыйная работа па выпраўленні парушэнняў маўлення вельмі цяжкая і карпатлівая як для дзіцяці, так і для настаўніка-дэфектолага. Пры пастаноўцы гукаў, напрыклад, у малодшай і сярэдняй групах, я прымяняю не гукапераймальныя, а механічныя прыёмы. Сваёй рукой або рукой дзіцяці, якую накіроўваю, або з дапамогай спецыяльнага прыстасавання (шпаталя ці лагапедычнага зонда) з выкарыстаннем ватных палачак ці аднаразовых лыжачак працую з артыкуляцыйным апаратам дзіцяці — літаральна рухаю языком дзіцяці, даю яму пэўны кірунак і дапамагаю такім чынам выконваць практыкаванні. Галоўнае пры гэтым сачыць, як рэагуе малыш на іншародныя прадметы ў роце. Пры пастаноўцы заднеязычных гукаў, напрыклад, гука [к] або [г], язык неабходна пальцам піхаць назад. Для гэтага выкарыстоўваю прыгожую ружовую “чароўную” пальчатку.
Усе свае дзеянні на занятках тлумачу, абыгрываю, напрыклад: “Зараз твой язычок адправіцца ў вандроўку”, “Пакажы, як кошка злуецца”, “Давай замесім цеста”. Паказваю дзецям аніміраваныя гісторыі на камп’ютары, здзіўляю іх сюрпрызнымі момантамі. Да малышоў пастаянна прыходзяць незвычайныя госці, напрыклад, папяровая лялька астраном Сцякляшкін.

Як стварыць электронную прэзентацыю?

У карэкцыйнай рабоце Хрысціна Віктараўна выкарыстоўвае інфармацыйныя камунікацыйныя тэхналогіі і камп’ютарныя праграмы. Яны вельмі дапамагаюць на этапе аўтаматычнай пастаноўкі гукаў малышам, пры рабоце над звязным маўленнем, над яго лексіка-граматычным ладам, над узбагачэннем слоўнікавага запасу дзіцяці.
Камп’ютар у кабінеце настаўніка-дэфектолага зручна размяшчаецца на століку, на ўзроўні вачэй малыша знаходзіцца манітор, крэсла, на якім ён сядзіць, мае спінку, ногі малыша пры гэтым павінны цвёрда стаяць на падлозе. Хрысціна Віктараўна арганізоўвае дзейнасць выхаванцаў за камп’ютарам, суправаджае ўвесь пазнавальны працэс. Але такая работа магчыма толькі ў старэйшым дашкольным узросце — пасля 5 гадоў. Раней у рабоце з дзецьмі дапушчальна выкарыстоўваць дадаткова толькі аўдыя- і відэазапісы.
Спецыяльна для сваіх карэкцыйных заняткаў Хрысціна Віктараўна распрацоўвае мультымедыйныя прэзентацыі.
— Канечне, на гэта траціцца нямала часу, але заняткі з выкарыстаннем прэзентацый праходзяць больш эфектыўна і дынамічна ў параўнанні з традыцыйнымі, калі ў маім рэсурсе толькі карткі і дапаможнікі на друкаванай аснове, — гаворыць педагог. — Сёння ёсць магчымасць атрымліваць (спампоўваць, сканіраваць) электронныя варыянты амаль любога дапаможніка і, апрацаваўшы іх творча, падстройваць пад патрэбы сваіх выхаванцаў. Ствараючы прэзентацыі, аб’ядноўваю слайды ў кожнай з іх пэўнай ідэяй, напрыклад, адпраўляю дзяцей у вандроўку на ракеце. Іншы раз даю дзецям дамашняе заданне на аснове прэзентацыі, а для тых, хто часта хварэе і прапускае карэкцыйныя заняткі, адпраўляю заданні іх бацькам па электроннай пошце. Чаргую заняткі за камп’ютарам з іншай практычнай дзейнасцю, з рухальнымі практыкаваннямі, зрокавай гімнастыкай. Выкарыстоўваю прэзентацыі і ў рабоце з бацькамі, напрыклад, пры правядзенні бацькоўскіх сходаў. Прапаноўваю іх калегам на педагагічных нарадах і метадычных аб’яднаннях. Распрацавала для педагогаў вучэбна-азнаямляльную праграму “Электронная прэзентацыя ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення”. Яна прадстаўлена ў форме прэзентацыі, выкананай з дапамогай праграмы PowerPoint, і зацікавіць усіх калег, якія жадаюць самастойна ствараць падобныя распрацоўкі. У праграме размешчаны гатовы матэрыял для правядзення карэкцыйных заняткаў, яе можна выкарыстоўваць пры лагапедычным абследаванні. Я выступіла з гэтай работай на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
У раздзеле “Знаёмства з электроннай прэзентацыяй” дадзена агульная характарыстыка электронных прэзентацый, названы перавагі і кірункі іх прымянення ў педагагічнай практыцы (на карэкцыйных занятках з выхаванцамі, пры дыягностыцы парушэнняў, пры абмене педагагічным вопытам, у рабоце з бацькамі), а таксама рэкамендацыі і патрабаванні па іх выкарыстанні. Вось некаторыя з іх: заняткі на камп’ютары з дашкольнікамі 5—6 гадоў могуць праводзіцца толькі 2—3 разы на тыдзень працягласцю не больш як 10—15 хвілін. Агульны фон прэзентацый павінен быць аднатонным, не адцягваць увагу ад зместу слайда, ілюстрацыі павінны быць вялікімі і рэалістычнымі, не перагружанымі залішнімі дэталямі і спецэфектамі.
Раздзел “Прыклады выкарыстання электронных прэзентацый на занятках з дзецьмі з парушэннямі маўлення” прадстаўлены меню, якое складаецца з блокаў, што адсылаюць педагога да патрэбных матэрыялаў — фрагментаў і канспектаў заняткаў і саміх прэзентацый, напрыклад, “Аўтаматызацыя гука [р] “Вандроўка на ракеце”.
У раздзеле “Як стварыць электронную прэзентацыю” можна пакрокава пазнаёміцца з асновамі яе распрацоўкі ў праграме PowerPoint, а затым замацаваць патрэбны матэрыял з дапамогай тэставых заданняў.
Хрысціна Віктараўна вылучае 10 крокаў у гэтым працэсе:
— Галоўнае — з самага пачатку ўсё прадумаць да дробязей. Перш-наперш акрэсліць тэму, вызначыць узрост дзяцей, для якіх трэба зрабіць прэзентацыю. Напрыклад, яе мяркуецца стварыць для дзяцей 5—6 гадоў для заняткаў па развіцці маўлення, на якіх будзе ісці размова пра агародніну. Знаходзім карцінкі з выявай агародніны, як у адзінкавым выглядзе, так і ў мностве. Далей выбіраем шаблоны, падтэмы, шрыфт, малюнкі, анімацыі, гукавое суправаджэнне, прадумваем пераходы паміж слайдамі.
Апісанне самога працэсу стварэння прэзентацый Хрысціна Віктараўна чаргуе з карыснымі парадамі. Нагадвае, што не трэба размяшчаць на адным слайдзе адразу некалькі блокаў візуальнай або тэкставай інфармацыі — гэта пры ўспрыманні рассейвае ўвагу. Тэкст павінен вылучацца на агульным фоне, інакш ён будзе дрэнна чытацца. Не варта рабіць слайды занадта пярэстымі, пажадана, каб іх колер быў аднатонным — гэта пасадзейнічае фарміраванню ў дзяцей устойлівых зрокавых вобразаў. Выкарыстанне трох-чатырох колераў паляпшае ўспрыманне. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць чытабельнасці слайда. Для розных відаў аб’ектаў рэкамендуюцца розныя памеры шрыфту. Так, загаловак слайда лепш напісаць шрыфтам 22—28, падзагаловак і запісы даных у дыяграмах — 20—24, тэкст, подпісы і надпісы восей у дыяграмах, а таксама інфармацыю ў табліцах — шрыфтам 18—22. Для вылучэння загалоўка, ключавых слоў пажаданы паўтлусты або падкрэслены шрыфт. Для афармлення другараднай інфармацыі і каментарыяў можна прымяняць курсіў.
Каб павысіць эфектыўнасць успрымання матэрыялу прэзентацыі карыстальнікамі, варта помніць аб “прынцыпе шасці”: у радку — шэсць слоў, у слайдзе — шэсць радкоў. Лепш шрыфт адной назвы выкарыстоўваць на ўсіх слайдах. Тэкст, напрыклад, набраць адным з распаўсюджаных і зразумелых шрыфтоў — Arial, Bookman Old Style, Calibri, Tahoma, Times New Roman, Verdana. Старайцеся пазбягаць на слайдзе карцінкі, якая акружаецца тэкстам. Ілюстрацыю лепш размясціць асобна, падпісаўшы пад ёй слоўную інфармацыю. Рэкамендуецца зрабіць анімацыю. Прыцягнуць увагу дзіцяці да тэксту можна і праз эфекты яго качання, мігцення, павелічэння памеру. Прэзентацыя будзе ў выйгрышы, калі ў ёй выкарыстаць гукавое суправаджэнне. Лепш не рабіць яе доўгай, не больш за 10—15 слайдаў. Эфект ад кароткай прэзентацыі хутчэй дасягне жаданай мэты і ў практычным сэнсе, і ў плане спасціжэння ведаў.
У раздзеле “Прыклады гульнявых заданняў для стварэння электронных прэзентацый” можна знайсці слайды з гатовымі мультымедыйнымі заданнямі па ўсіх кірунках лагапедычнага абследавання, карэкцыі звязнага маўлення, гукавымаўлення, лексіка-граматычнага ладу, а таксама практыкаванні для артыкуляцыйнай і зрокавай гімнастыкі.

Надзея ЦЕРАХАВА.