Вучэнні “Захад-2017” з’яўляюцца адкрытымі, і на іх запрашаецца вялікая колькасць наглядальнікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.
У час мерапрыемства кіраўнік дзяржавы закрануў тэму маючых адбыцца сумесных стратэгічных вучэнняў Узброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017”. “Аб гэтым шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні — і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў — усім усё растлумачылі, — падкрэсліў прэзідэнт. — Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем вялікую колькасць наглядальнікаў. Прыязджайце, глядзіце”.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што вучэнні маюць абарончы характар. “Разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна правядзём гэтыя вучэнні”, — рэзюмаваў ён.
На мерапрыемстве ў ліку іншых разглядаліся пытанні дзейнасці сістэмы калектыўнай бяспекі ў АДКБ, дзе Беларусь цяпер старшынствуе. “Ад Беларусі заўсёды чакаюць эфектыўнага старшынства. Нам трэба коратка абмеркаваць, як мы ажыццяўляем заяўленыя напрамкі дзейнасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Галоўным у шэрагу мерапрыемстваў беларускага старшынства павінна стаць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая запланавана на восень.
На нарадзе прэзідэнт асобна закрануў пытанне правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Гэтай тэме была ўдзелена асобная ўвага. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ёсць якія-небудзь пытанні па маючых адбыцца прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Ён звярнуў увагу, што ў гэты перыяд беларуская сталіца стане міжнародным спартыўным эпіцэнтрам. У Мінск прыбудзе нямала замежных гасцей не толькі з еўрапейскіх, але і іншых дзяржаў. У ліку пытанняў падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў знаходзяцца і тэмы бяспекі.
“Беларусь павінна дастойна правесці II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць і прынцыповасць пытання аптымізацыі сілавых структур.
“Мы вызначым узровень колькасці, затраты на тыя ці іншыя напрамкі, прывядзём гэта ў адпаведнасць у бягучым годзе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У далейшым пытанні аптымізацыі не знікнуць, лічыць прэзідэнт, але гэта будзе ўжо задача кіраўнікоў ведамстваў. “Мы іх будзем проста трымаць на кантролі, стымуляваць да аптымізацыі структур. Але ўжо не на самым высокім узроўні і не ў маштабах краіны, як мы гэта робім цяпер”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму выканання Дырэктывы № 1. “Не скажу, што ў нас з дысцыплінай усё ў парадку”, — заўважыў ён.
Прэзідэнт, параўноўваючы сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у іншых краінах, падкрэсліў важнасць таго, што ў нас “людзі жывуць у спакойнай, бяспечнай абстаноўцы, дзе на іх запыты адказвае ўлада”.
“У аснове гэтага — дысцыпліна, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Я не скажу, што мы дасягнулі вяршыні ў гэтым плане, таму дысцыпліна — пытанне нумар адзін. Асабліва гэта залежыць ад сілавога блока, ад паводзін ваеннаслужачых”. Ён звярнуў увагу, што яны павінны кантраляваць абстаноўку, у тым ліку на вуліцах. “Ім да ўсяго павінна быць справа: да руху транспарту, перамяшчэння людзей, аказання дапамогі, калі ў гэтым узнікае неабходнасць. Мы павінны дэманстраваць перад людзьмі, што мы недарма ядзім хлеб, бо мы ж на іх грошы існуем”.
На нарадзе размова ішла і аб арганізацыі сумеснага патрулявання ваеннаслужачых і супрацоўнікаў МУС у мэтах падтрымання парадку на вуліцах населеных пунктаў.
На нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў праваахоўным органам пракантраляваць шэраг пытанняў уборачнай кампаніі, расказаў, каменціруючы вынікі мерапрыемства, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.
“Кіраўніком дзяржавы сёння пастаўлены дадатковыя задачы перад сілавымі органамі. Цяпер у нас пачынаецца ўборка ўраджаю. Пэўныя задачы тут будуць выконваць і праваахоўныя органы, пры гэтым неадкладна”, — адзначыў Станіслаў Зась.
Дзяржсакратар удакладніў, што неабходна будзе кантраляваць гатоўнасць тэхнікі да ўборачнай кампаніі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена кантролю над беражлівым стаўленнем да сабранага ўраджаю. “Усе гэтыя пытанні будуць узяты на кантроль нашых праваахоўных органаў. Такое даручэнне ад кіраўніка дзяржавы мы сёння атрымалі”, — сказаў ён.
“Мы праінфармавалі кіраўніка дзяржавы аб рабоце ўсіх сілавых органаў краіны за першае паўгоддзе. Дзяржаўныя органы нацыянальнай бяспекі адпрацавалі ў штатным рэжыме, без зніжэння эфектыўнасці ў штодзённай дзейнасці. Вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці станоўчыя”, — расказаў Станіслаў Зась.
Ён адзначыў зніжэнне злачыннасці ў цэлым па краіне: стала менш забойстваў, разбояў, крадзяжоў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і пажараў, а таксама колькасць пацярпелых у іх.
“У нас адзначаюцца паляпшэнні і ў ахове дзяржаўнай граніцы, рабоце мытных органаў, у тым ліку навядзенні парадку сярод асабовага складу”, — звярнуў увагу дзяржсакратар.
“Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе праверкі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта — гэта было асобнае даручэнне прэзідэнта на гэты год. І такая праверка праводзіцца”, — сказаў Станіслаў Зась.
Паводле яго слоў, дзейнасць органаў пагранслужбы правяраецца як непасрэдна на дзяржграніцы і ў пагранічнай зоне, так і ў паветранай прасторы. “Гэта дае вынікі, у тым ліку ў рабоце пагранічнага ведамства. Стала больш звяртацца ўвагі на практычную работу падраздзяленняў, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржаўную граніцу. У гэтым годзе мы адзначаем павелічэнне на 30 працэнтаў затрыманняў парушальнікаў. Гэта, вядома, таксама вынік работы пагранічнікаў”, — адзначыў дзяржсакратар.