Проба пяра

- 16:28Нам пішуць

15 сакавіка ў сярэдняй школе № 66 Гомеля прайшла літаратурна-паэтычная сустрэча для вучняў 5—8 класаў “Проба пяра”. Вучні прадэманстравалі цікавую прэзентацыю, прысвечаную Сусветнаму дню паэзіі. На мерапрыемства была запрошана гомельская паэтэса і перакладчыца Галіна Аляксандраўна Рагавая. Яна з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Пралеска”, лаўрэатам конкурсу імя Кірылы Тураўскага, лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Белакрылы птах”, пераможцай Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Пра каханне”. Аўтар пазнаёміла школьнікаў са сваімі паэтычнымі зборнікамі “Роздум” (2006), “Залатыя сходні” (2014), “Гадзіна перад святам” (вершы і загадкі для дзяцей) (2015), а таксама калектыўным зборнікам “Святло шчымлівай памяці” (2006).

Другой часткай мерапрыемства стаў конкурс “Проба пяра”. У ім удзельнічалі дзеці, якія цікавяцца паэзіяй. Яны прадставілі на суд журы і сяброў свае вершы. Пераможцамі сталі Ілья Купрэйчанка, вучань 6 “Б” класа, з вершам “Душа і цела”, Ілья Куленка, вучань 8 “Е” класа, з вершам аб Вялікай Айчыннай вайне, і Кацярына Бязрукава, вучаніца 5 “Г” класа, з вершам “Пра маці”. У праграму сустрэчы ўвайшла віктарына “У свеце паэзіі”, пераможцай якой стала каманда навучэнцаў 6 “Б” класа.

Наталля КАВАЛЁВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 66 Гомеля;
Ала ПРАТАСАВА,
загадчык бібліятэкі школы.