Нядаўна ў краіне падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Адным з пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва стала выпускніца БНТУ малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нанапрацэсаў і тэхналогій Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Настасся Хабарава. Гэта ўжо другі такі поспех у даследчыцкай скарбонцы дзяўчыны.
Часта знешнасць бывае падманлівай. Так аказалася і ў выпадку з Настассяй. Мініяцюрная і сціплая з выгляду дзяўчына ператвараецца ў віхор энергіі, натхнёнасці і прагі да адкрыццяў, калі расказвае пра тое, чым займаецца. Такая ж супярэчлівасць успрымання ўзнікае пры знаёмстве з тэмай маладой даследчыцы — “Фізіка-механічныя ўласцівасці нанаструктурных пакрыццяў нітрыду ванадыя”. Аднак калі дзяўчына тлумачыць сутнасць работы, назва перастае пужаць сваёй складанасцю.
— Мы маем узоры зносаўстойлівых пакрыццяў (тое, што можна выпускаць у прамысловых маштабах). Для даследавання дастаткова кавалачка сантыметра на сантыметр ці два на два. У нас робіцца нанаіэнціраванне: узор памяшчаецца ў спецыяльны прыбор і ўціскаецца ў паверхню з зададзеным нахілам і іншымі параметрамі. Такім чынам вывучаюцца фізіка-матэматычныя ўласцівасці матэрыялу — цвёрдасць, пругкасць і інш., — тлумачыць Настасся. — Таксама мы праводзім атамна-сілавое мікраскапічнае сканіраванне паверхняў (апарат выбудоўвае 3D-мадэль паверхні, паказвае першапачатковую структуру і адсочвае, як яна можа мяняцца пад уплывам). Гэта дазваляе зразумець асаблівасці рэчыва, прасачыць, як яно паводзіць сябе ў розных прыборах, даць адказ, ці можна з ім працаваць у буйных маштабах.
У рабоце маладая даследчыца імкнецца аддаваць сябе напоўніцу. Удзел у конкурсе для Настассі — паказчык таго, што яе дзейнасць чагосьці вартая. Дзяўчына прызнаецца: нягледзячы на ўпэўненасць у якасці работы, першы пераможны вынік шакіраваў.
— Мне найперш хацелася праверыць узровень маёй работы. Я не ацэньвала сябе так высока, разумела, што ў нас шмат таленавітых студэнтаў. Таму звесткі пра перамогу сталі шокам. Калі ўдзельнічала ў конкурсе другі раз, перамога таксама ў добрым сэнсе шакіравала, хаця ўжо не так моцна, — успамінае спецыяліст.
Імкненне зрабіць усё як мага лепш было ўласціва Насці яшчэ са школьных гадоў. Дзяўчына гаворыць, што праграмныя веды па вучэбных прадметах засвойваліся лёгка, таму яе больш вабілі задачкі з зорачкамі па фізіцы і матэматыцы. За першую палову ўрока яна заўсёды старалася рашыць запланаваныя заданні, каб хутчэй перайсці да самых складаных — на логіку, з нестандартным падыходам. Не пакідала без увагі і іншыя прадметы, таму школу скончыла з залатым медалём.
Доўгі час Насця цікавілася біялогіяй, нават падумвала стаць педагогам. Жаданне падмацоўвалася ўменнем дзяўчынкі тлумачыць складаны матэрыял. Магчыма, даў пра сябе ведаць прыклад матулі-настаўніцы. Але хутка гэтае жаданне перамагла цяга да прыборабудавання (аказала ўплыў татава любоў да тэхнікі).
— Я зразумела, што найбольш блізка да гэтай галіны буду толькі на прыборабудаўнічым факультэце БНТУ. На дні адкрытых дзвярэй мне далі спіс з пералікам усіх спецыяльнасцей. Выбіраць было складана, бо кожная назва вабіла па-свойму. Але на “Мікра- і нанасістэмнай тэхніцы” спынілася з адчуваннем, што гэта маё, — успамінае Насця Хабарава. — Інтарэс да ўсіх школьных прадметаў значна дапамог на першых курсах. А на 3 курсе ў нас пачаліся дысцыпліны па спецыялізацыі, і я толькі ўмацавалася ў сваім выбары.
Першым чалавекам, які падтрымаў Настассю на яе шляху, стала куратар студэнцкай групы кандыдат фізіка-матэматычных навук Алена Шчарбакова: яна дапамагала студэнтам пераадольваць страх перад невядомым. Пасля, калі Насця ўжо ўлілася ў спецыялізацыю, побач заўсёды была навуковы кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук дацэнт Таццяна Кузняцова.
— Таццяна Анатольеўна натхняла сваім жыццёвым вопытам, навуковымі дасягненнямі, валоданнем прадмета. Яна расказвала пра даследаванні ў галіне, абапіраючыся на ўласныя напрацоўкі. Гэта былі першыя кручкі, якія мяне зачапілі. Цяпер мы працуем разам, удзельнічаем у грантах, пішам артыкулы ў суаўтарстве. Хацелася б і далей у навуцы ісці побач з ёй.
— Быць маладым вучоным — гэта кожны раз адкрываць для сябе штосьці новае і незвычайнае, разумець, што ты прафесійна ўдасканальваешся, а не знаходзішся ў адной кропцы, натхняцца гэтым і памятаць, што маленькія адкрыцці — таксама адкрыцці.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.