Прыгожы квартэт юных навукоўцаў

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Дзявочы квартэт прадставіць Беларусь на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel ISEF. Ганна Рабянок, Ангеліна Гуніч, Лізавета Карповіч і Аляксандра Гілеўская прэзентуюць у маі два праекты ў Пітсбургу (ЗША). Менавіта іх работы былі выбраны ў фінале конкурсу Belarus Science and Engineering Fair.

Штогод навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў BelSEF запрашае юных навукоўцаў і вынаходнікаў прадставіць журы і шырокай публіцы свае праекты. Па традыцыі праводзяць конкурс упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскі абласны ІРА, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій і карпарацыя Intel. Сёлета мерапрыемства прайшло ў Ліцэі БДУ.

Для ўдзелу ў конкурсе было заяўлена амаль 300 работ навучэнцаў з усёй Беларусі. 65 лепшых праектаў трапілі ў фінал. Менавіта яны і былі прадстаўлены падчас стэндавай прэзентацыі, дзе канкурсанты адказвалі на пытанні журы. Дарэчы, журы на конкурсе было не адно. Акрамя асноўнага, работы ацэньвала таксама педагагічнае, маладзёжнае і бізнес-журы, якія прызначалі свае прызы.

Пераможцаў вызначалі ў некалькіх катэгорыях. Так, у катэгорыі “Інфарматыка” дыпломам І ступені ўзнагароджаны Ян Шляхаў і Артур Царыковіч, навучэнцы сярэдняй школы № 11 Слуцка, якія распрацавалі мабільны дапаможнік для шопінгу “The Best Consultant — пакупкі з намі больш прыемныя!”. Пераможцы катэгорыі “Матэматычныя навукі” Арцём Бахар і Аляксей Арловіч, вучні сталічнай гімназіі № 20, вывучалі спецыяльныя размалёўкі граф, а лідары катэгорыі “Фізіка” Ягор Цэдрык і Андрэй Ільясаў, навучэнцы гімназіі № 35 Мінска, даследавалі візуалізацыю тэмпературных палёў нагрэтых цел. Шмат цікавых распрацовак прапанавалі ўдзельнікі конкурсу ў катэгорыі “Хімія”. Так, дыпломам І ступені была ўзнагароджана Уладзіслава Нялюбіна, навучэнка сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, якая прадставіла праект “Атрыманне фарбавальнікаў на аснове хімічна мадыфікаваных раслінных пігментаў”. Вялікую цікавасць гледачоў і журы выклікала вынаходства Мікіты Хадаронка, вучня сярэдняй школы № 3 Беразіна. Хлопец стварыў прыладу Bat Vision, якая, дзякуючы ўльтрагуку, дапамагае арыентавацца невідушчым людзям.

Каб заваяваць права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні, канкурсантам трэба было не толькі стварыць годны праект, але і ўмець прэзентаваць яго на англійскай мове. Што і ўдалося дзвюм дружным камандам юных навукоўцаў. Ганна Рабянок і Ангеліна Гуніч, якія вучацца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, прадставяць міжнароднаму журы праект “Электрахімічнае атрыманне пакрыццяў са сплаву волава-серабра, прыдатнага ў якасці прыпою”. Навучэнкі Ліцэя БДУ Лізавета Карповіч і Аляксандра Гілеўская прэзентуюць у ЗША праект “Хітазан — экалагічна чыстая біяўпакоўка”. Будзем хварэць за нашу каманду і чакаць добрых вестак з Пітсбургу.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.