Прыклад мужнасці

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Сёлета ў Беларусі адзначаюць 100-годдзе Узброеных Сіл. У сувязі з гэтым святам мы згадваем прыклады мужнасці і гераізму, самаадданасці салдат, ваенныя падзеі, якія павінны назаўсёды застацца ў памяці нашых нашчадкаў. Прыкладам мужнасці і стойкасці для нас, жыхароў Жодзіна, з’яўляецца Герой Савецкага Саюза Пётр Іванавіч Купрыянаў.

Асабліва значная яго асоба для выхаванцаў і супрацоўнікаў дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 горада, таму што ўстанова носіць імя гэтага мужнага чалавека. Гэта вялікі гонар і ў той жа час вялікая адказнасць. На настаўнікаў і вучняў школы ўскладзены важны абавязак — захоўваць памяць пра подзвіг героя. У школе праводзіцца вялікая работа ў гэтым напрамку. Імя Пятра Купрыянава чырвонай стужкай праходзіць практычна праз усе школьныя мерапрыемствы.

У нашай школе ёсць адмысловая традыцыя — навучальны год мы пачынаем з ускладання вянка і жывых кветак да помніка П.Купрыянаву. І гэта пачатак мерапрыемстваў, якія ўвекавечваюць памяць пра нашага земляка. На працягу года ва ўсіх класах — з 1 па 11 праводзяцца ўрокі мужнасці, вусныя часопісы, гадзіны памяці, прысвечаныя Пятру Іванавічу і ўсёй сям’і Купрыянавых. Усе навучэнцы абавязкова наведваюць музей баявой славы, які дзейнічае ў нашай школе. Экскурсіі праводзяць як кіраўнік музея, так і спецыяльна падрыхтаваныя экскурсаводы з ліку навучэнцаў 7—10 класаў. Наведванне музея дае дзецям магчымасць акунуцца ў тыя, ужо такія далёкія ад іх часы. Сярод экспанатаў ёсць апошні ліст Пятра Купрыянава з фронту, пахавальная, якую атрымала маці, некаторыя асабістыя рэчы Пятра Іванавіча, копіі ўзнагародных лістоў. Дзякуючы гэтым экспанатам, навучэнцы могуць больш дакладна ўявіць, якія падзеі адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такія мерапрыемствы, як прыём у акцябраты, піянеры і ў члены БРСМ, таксама праходзяць у музеі, таму што створаная там атмасфера спрыяе больш глыбокаму ўсведамленню важнасці падзей.

Штогод 2 лістапада, у дзень здзяйснення подзвігу і гібелі Пятра Іванавіча Купрыянава, у школе праводзіцца ўрачысты мітынг. У кожнага прысутнага на мітынгу ёсць магчымасць яшчэ раз задумацца, якой цаной аплачана наша сённяшняе мірнае неба, аддаць даніну памяці герою, які не пашкадаваў свайго жыцця, каб мы маглі жыць у мірнай, квітнеючай краіне і смела глядзець у будучыню.

Наталля ШАПЯЛЕВІЧ,
кіраўнік музея баявой славы імя П.І.Купрыянава.