Прыклад уласнага прафесіяналізму і адказнасці

Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, дырэктар сярэдняй школы №1 Ашмян, па адукацыі настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, яго агульны педагагічны стаж складае 37 гадоў, а ў якасці дырэктара сярэдняй школы № 1 Ашмян ён ужо 25 гадоў. Галоўнае ў рабоце, як  лічыць Міхаіл Мар’янавіч, — зрабіць так, каб у школе было цікава і камфортна дзецям і іх бацькам, а настаўнікам хацелася б творча працаваць, атрымліваючы радасць ад сваёй работы, і каб усіх аб’ядноўвала пачуццё гордасці за родную школу. Каб кожны дзень, кожная чвэрць, кожны навучальны год былі чымсьці асаблівым і непаўторным для школы, напоўненым новымі формамі, зместам і вынікамі.

Міхаілу Мар’янавічу ў 2002 годзе прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”; у 2011 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны; у 2005 занесены ў кнігу Славы Гродзенскай вобласці; у 2012 годзе яму прысуджана прэмія Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за вялікі ўклад у развіццё рэгіянальнай сістэмы адукацыі. М.М.Гружэўскі з’яўляецца дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 25 склікання.

Мне заўсёды быў блізкі і зразумелы лозунг “Кадры вырашаюць усё!”. Ніводная найлепшая матэрыяльная база, самыя перадавыя методыкі і тэхналогіі не дазволяць дасягнуць добрага выніку без мэтанакіраваных, прафесіяналаў, для якіх работа стала сэнсам жыцця.

Ёсць каманда кіраўнікоў,
ёсць і калектыў

Намеснікі, калектыў, спецыялісты бу­-дуць такімі, якімі іх хоча бачыць кіраўнік. Надзвычай важна, каго ён збірае вакол сябе.

Намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце з функ­цыянальным выкананнем абавязкаў дырэктара ў выпадку маёй адсутнасці на працягу 23 гадоў з’яўляецца Уладзімір Васільевіч Гусь. Выбар мой не быў выпадковым. Разам працавалі ў аддзеле адукацыі. Ён цудоўны матэматык, педантычны ў рабоце з нарматыўна-прававой базай, камунікабельны, з пачуццём гумару і адказнасці.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Рамуальдаўна Дзянісава, настаўніца геаграфіі, 10 гадоў працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, яе агульны адміністрацыйны стаж — 14 гадоў. Чалавек фанатычна (у добрым сэнсе слова) адданы школе, перажывае за кожнае дзіця, умелы арганізатар і метадыст, валодае абсалютнай выканаўчай дысцыплінай.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковай школе Святлана Рамуальдаўна Жукоўская працавала на гэтай пасадзе ў гімназіі № 1 Ашмян. Я ведаў, што яна прафесіянал высокага класа, таму 6 гадоў назад пераканаў перайсці ў нашу школу.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Уладзіміраўна Асмольская з першай школай не развітвалася ніколі. Закончыла яе ў 1994 годзе з залатым медалём. Працавала ў якасці педагога-псіхолага і настаўніка нямецкай мовы, прайшла ўсе этапы конкурсу “Настаўнік года”, пераможца на абласным узроўні і ўдзельнік рэспубліканскага этапу ў 2006 годзе. Высокапрафесійны псіхолаг, што, несумненна, дапамагае ёй у арганізацыі выхаваўчай работы ў школе.

Апошнім часам больш значнай стала роля намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце. Школа сёння — юрыдычная асоба. Штогод праводзіцца нямала рамонтных работ, прыярытэт аддаецца гаспадарчаму спосабу, развіваецца пазабюджэтная дзейнасць. Ядвіга Антонаўна Мацкевіч 11 гадоў паспяхова спраўляецца з усімі шматлікімі складнікамі сваёй работы.

Усе намеснікі ўмеюць працаваць з людзьмі, весці за сабой праз асабісты прыклад уласнага прафесіяналізму і адказнасці. Кіраўніцкія поспехі адміністрацыі адзначаны граматамі Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі: Уладзімір Васільевіч Гусь у 2008 годзе ўзнагаро­джаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. А школа ў 2009 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у фарміраванне і рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і шматгадовую плённую педагагічную і выхаваўчую дзейнасць.

У сучаснай школе ўзрасло значэнне культуры справаводства, забеспячэння абсалютнай аператыўнасці, аб’ектыўнасці і своечасовасці, аналітычнага складніка ўсіх вынікаў і справаздачнасці. Таму сёння патрабаванні да прафесійнага ўзроўню сакратара зусім іншыя, чым 10—15 гадоў назад. Марыя Станіславаўна Заблоцкая, выпускніца школы, медалістка, з вышэйшай адукацыяй (эканамічны ўніверсітэт) — не проста сакратар, а высокакваліфікаваны спецыяліст, які валодае сертыфікатам ­ІТ-цью­тара, кампетэнтны ва ўсіх напрамках вучэбна-выхаваўчай і гаспадарча-фінансавай дзейнасці школы.

Я перакананы, што адзінства, узаемаразуменне, адказнасць, мікраклімат калектыву вызначаюцца адзін­ствам і ўзаемаразуменнем у адміністрацыі. Калі ёсць каманда кіраўнікоў, ёсць і калектыў.

Індывідуальнасці, асобы, прафесіяналы, аб’яднаныя ідэяй, мэтай, поспехам

Склад педагагічных работнікаў школы — 88 чалавек. З вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй — 37 настаўнікаў, з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй — 26 настаўнікаў. Па стажы работы: да 5 гадоў — 23 настаўнікі, ад 5 да 15 гадоў — 14 настаўнікаў, больш за 15 гадоў — 51 настаўнік. Сярэдні ўзрост калектыву — 40 гадоў. У школе працуе 13 настаўнікаў-пенсіянераў. Працуюць, таму што гэта прафесіяналы высокага ўзроўню, практычна кожны з іх рыхтуе пераможцаў ІІІ і ІV этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, пераможцаў конкурсаў і фестываляў. Лічу, што гэта яшчэ і вельмі важна для фарміравання і падтрымання спрыяльнага мікраклімату ў калектыве, такія людзі фарміруюць успрыманне і захаванне традыцый. З поўным правам я адношу да іх настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, якой у савецкі час было прысвоена званне “настаўнік-метадыст”, дэлегата Усесаюзнага з’езда настаўнікаў 1989 года Марыю Віктараўну Каркотка і настаўніцу рускай мовы і літаратуры, якая ўзначальвае прафсаюзны камітэт школы, Людмілу Ігнацьеўну Міхневіч; настаўніцу геаграфіі Ларысу Іванаўну Станкевіч, узнагароджаную ў 2011 годзе знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”; стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў загадчыка інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам Сафію Мікалаеўну Топаль; кіраўніка ўзорнага ансамбля песні і танца “Званочкі” Веру Іванаўну Федарэнка, настаўніцу нямецкай мовы Таццяну Сяргееўну Саламонаву, якая, будучы класным кіраўніком на працягу 7 гадоў, згуртавала клас, высока матывуючы яго да вучобы, дзякуючы чаму сярэдні бал выпускнікоў склаў 9,1, паступленне ў ВНУ — 96%.

Вялікая роля ў якасці адукацыі, у фарміраванні асобы належыць настаўнікам пачатковых класаў. У школе 17 пачатковых класаў-камплектаў (усяго па школе іх 41). З 17 настаўнікаў пачатковых класаў 12 з вышэйшай і 4 з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Сярод іх ветэраны педагагічнай працы са стажам работы больш за 30 гадоў Яніна Браніславаўна Корзан і Валянціна Філіпаўна Вінцаловіч. Настаўнікі, якія падхапілі ў 90-я гады ідэю тэхналогій “Крок за крокам” і паспяхова адаптавалі іх да беларускай школы, — Марыя Канстанцінаўна Гусь, Марыя Даніілаўна Ясевіч, Таццяна Віктараўна Мядзвецкая, Ларыса Вацлаваўна Гардзей, Алена Станіславаўна Чаплінская. Настаўніца Тамара Уладзіміраўна Бусловіч у 2011 годзе выйшла ў фінал конкурсу “Адкрыты ўрок”, які праводзіўся “Настаўніцкай газетай”. Настаўніца Вольга Уладзіміраўна Саванец — пераможца раённага конкурсу “Настаўнік года-2011”. Настаўнікі Галіна Сцяфанаўна Мухамендрыкава, Тэрэза Антонаўна Клінцэвіч паспяхова выкарыстоўваюць методыку развіццёвага навучання, вучні ў старшым звяне выходзяць на рэспубліканскі алімпіядны ўзровень. Людміла Леанідаўна Жынь, Яніна Іванаўна Жабінс­кая з году ў год паказваюць высокую выніковасць у алімпіядным руху. Людміла Браніславаўна Гайдзіс прадукцыйна кіруе арганізацыйна-вучэбным працэсам у інтэграваным класе.

Немалаважным фактарам стабільнасці калектыву, яго мэтанакіраванасці лічу і тое, што 18 настаўнікаў — выпускнікі нашай школы. Многія з іх лідары ў калектыве, вядомыя сваімі поспехамі не толькі ў раёне. Гэта настаўніца грамадазнаўства Наталля Мечыславаўна Макавецкая, настаўніца англійскай мовы Іна Міхайлаўна Радчанка, настаўнік-дэфектолаг Антаніна Леанардаўна Чайка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірэна Уладзіміраўна Пад’ельская, настаўніца інфарматыкі Таццяна Міхайлаўна Багдан, настаўніца біялогіі Святлана Антонаўна Мароз і многія іншыя. А ў цэлым у нас працуе 71 выпускнік школы горада і раёна. Безумоўна, гэта станоўчы фактар, які дапамагае вырашэнню праблемы замацавання кадраў, грамадскай адказнасці і разам з тым спрыяе высокім вынікам прафарыентацыйнай работы раёна на педагагічныя спецыяльнасці. Дарэчы, гэты напрамак заўсёды прыя­рытэтны ў начальніка аддзела адукацыі Наталлі Генадзьеўны Кучынскай, якая сама з’яўляецца выпускніцай сярэдняй школы № 2 Ашмян; інспектара па кадрах Тамары Уладзіміраўны Сахарчук, якая штогод ездзіць па ўсіх педагагічных ВНУ і каледжах краіны і знаходзіць аргументы вярнуць у Ашмяны выпускнікоў незалежна ад іх формы навучання.

У школе сур’ёзная, адказная сацыяльна-псіхалагічная служба ў асобе вопытнага сацыяльнага педагога Рамуальды Іосіфаўны Ануфрыевай і яе маладых, энергічных і крэатыўных калег: сацыяльнага педагога Аксаны Мікалаеўны Кунгурцавай і педагогаў-псіхолагаў Ганны Станіславаўны Дэрвіс, Юліі Уладзіміраўны Кірыякідзі. Вынікам іх работы па дэкрэце № 18 стала паляпшэнне сітуацыі ў сем’ях, зніжэнне колькасці дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У школе сёння працуе 10 маладых настаўнікаў. Разумею, што наша мэта — навучыць іх любіць сваю работу, нашу школу. Гэта магчыма толькі тады, калі будуць атрымлівацца  добрыя ўрокі, калі з дзецьмі будзе ўзаемаразуменне, калі прафесійная дзейнасць будзе не ў цяжар, а ў радасць, калі будзе магчамасць для рэалізацыі вольнага часу, зносін, будуць належныя ўмовы пражывання. А для гэтага неабходна метадычнае ўдасканаленне, стварэнне камфортных умоў у калектыве, дапамога вопытных настаўнікаў, увага і спагада. Мяне як дырэктара школы радуе, што, адпрацаваўшы 2 неабходныя гады, у калектыве засталіся такія педагогі, як настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Чаўлытка, настаўніца хіміі і біялогіі Вольга Сяргееўна Грабоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Мандрык, сацыяльны педагог Аксана Мікалаеўна Кунгурцава, настаўніцы англійскай мовы Наталля Сяргееўна Андрэйчык і Маргарыта Анатольеўна Кармаза. У іх усіх ужо вызначыўся свой педагагічны почырк, сфарміравалася адказ­насць, метадычная адукаванасць, ёсць, няхай і першыя, але прыкметныя поспехі ў алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях. Ужо сёння бачу сур’ёзную педагагічную будучыню ў сваіх маладых калег. А яшчэ больш радуюць іх чалавечыя якасці: вытрымка, добразычлівасць, спагада, тое, што добра бачаць і цэняць дзеці, бацькі, настаўнікі.

Толькі пачалі свой шлях у прафесійнай дзейнасці Ірэна Станіславаўна Карповіч, Міхаіл Уладзіслававіч Бернат, Святлана Валер’еўна Лыскойць, Наталля Вячаславаўна Лабазава, Вольга Ула­дзіміраўна Турноўская, але ўжо бачна, што ў настаўніцтва яны прыйшлі невыпадкова, любяць дзяцей, а тыя адразу прынялі іх. Няма праблем з дысцыплінай на ўроку, не пакутуе настаўнік, чакаючы званка, гараць вочы дзяцей — зна­чыць, усё бу­дзе добра.

Я даўно працую ў сістэме адукацыі: педагагічны стаж — 37 гадоў, дырэктарскі — 25 гадоў. Добра памятаю адносіны да прадмета “Працоўнае навучанне” і 30, і 20 гадоў назад. Што тады толькі ні рабілі на ўроках працы: і клумбы капалі, і двор падмяталі. Праграма была сама па сабе, а рэальнасць — сама па сабе. Дзеці і сёння ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі, мятуць двор… але робяць усё гэта на суботніках.  Працоўнае навучанне, як і ва ўсёй рэспубліцы, стала сур’ёзным, запатрабаваным, важным прадметам, уключаным у рэестр алімпіядных. Назаву нашых настаўнікаў працы: тэхнічная праца — Віктар Мікалаевіч Калядка, абслуговая праца — Жанна Уладзіміраўна Ляшчэвіч, Таццяна Мікалаеўна Посахава. Яны ў ліку самых аўтарытэтных педагогаў у рэгіёне. Аўтарытэтных таму, што не ў кожнага іншага прадметніка ёсць столькі дасягненняў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Калі шэсць гадоў назад у Ашмянах расфарміроўвалі спецыяльную школу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей “раздалі” па агульнаадукацыйных школах, я неадназначна ўспрыняў гэтае рашэнне. Была  трывога: як складуцца ўзаемаадносіны, як арганізаваць вучэбны працэс, як самому і намеснікам разабрацца ў тонкасцях і асаблівасцях праграмы, і самае галоўнае, як гэтыя дзеці будуць сябе адчуваць у вялікай і шумнай школе, ці бу­дзе ім тут добра? Час паказаў, што рашэнне было правільнае. Дзеці жывуць у нармальным, неізаляваным асяроддзі, і іх асаблівасці неяк нівеліруюцца, раствараюцца, адыходзяць, і, самае галоўнае, іх ніхто не крыўдзіць, і ва ўсіх астатніх дзяцей фарміруюцца нармальныя адносіны да гэтых асаблівасцей, разуменне, што месца пад сонцам ёсць і павінна быць кожнаму. Усё гэта робяць настаўнікі: настаўнік-лагапед Наталля Яўгенаўна Самойленка, настаўнікі-дэфектолагі Ганна Баляславаўна Яхімовіч, Антаніна Леанардаўна Чайка; класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі інтэграваных класаў.

Многія настаўнікі, якія працавалі ў сярэдняй школе № 1 Ашмян, працягва­юць паспяховы кар’ерны рост, у тым ліку і ў іншых сферах, жартам нас іншы раз называюць кузняй кадраў. Настаўніца біялогіі Настасся Міхайлаўна Хіневіч паспяхова ўзначальвае раённы метадычны кабінет, былы намеснік па вучэбнай рабоце Наталля Міхайлаўна Галашэўская тры гады назад прыняла кіраўніцтва сярэдняй школы № 2 Ашмян; начальнік ідэалагічнага аддзела Ашмянскага райвыканкама — наша былая настаўніца гісторыі Людміла Антонаўна Каханоўская; Жупранскі сельскі савет узначальвае наш нядаўні настаўнік інфарматыкі Андрэй Іванавіч Клышэўскі, і гэты пералік можна працягваць.

Поспех установы не можа вызна­чаць адзін чалавек, ці некалькі нават самых адораных, разумных і крэатыўных. Поспех вызначае калектыў, а ўзровень калектыву фарміруецца з індывідуальнасцей, асоб, прафесіяналаў, аб’яднаных ідэяй, мэтай, поспехам. Такі калектыў ствараецца гадамі. І гэта асноўная задача адміністрацыі школы. А сфарміраваны калектыў, у сваю чаргу, не дазваляе адміністрацыі быць шэрай, руціннай, нецікавай. Усё ўзаемазвязана.

Аб тым, што наш калектыў цікавы іншым, што ён адкрыты і гатовы да супрацоўніцтва, гаворыць і тое, што толькі ў мінулым і гэтым навучальным гадах, на базе школы прайшлі 3 рэспубліканскіх і 10 абласных семінараў. Акрамя таго, школа прыняла 17 дэлегацый па абмене вопытам з розных рэгіёнаў рэспублікі.

Кадры сапраўды вырашаюць усё, і іх трэба збіраць, гадаваць і цаніць.

Міхаіл ГРУЖЭЎСКІ,
дырэктар сярэдняй школы № 1 Ашмян.