Прыкмета сацыялізацыі — непрыкметнасць

- 17:01Сацыяльны ракурс
Спорт прыносіць радасць усім

Менавіта слова “непрыкметнасць” не раз гучала ў кантэксце сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця падчас семінара-практыкуму сацыяльных педагогаў цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Міншчыны (“Арганізацыя і змест сацыякультурнай дзейнасці ў кантэксце сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з АПФР”). Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў Дзяржынску, а ў ролі гасцінных гаспадароў выступілі спецыялісты ЦКРНіР Дзяржынскага раёна.

І філасофія, і ўмовы

— Мы зноў гаворым пра сацыялізацыю дзяцей з адхіленнямі ў псіхафізічным развіцці, — адзначыла, пачынаючы семінар, дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР Ніна Канстанцінаўна Віктароўская. — Неабходна зрабіць так, каб дзеці з АПФР без цяжкасцей уваходзілі ў жыццё грамадства, станавіліся, так бы мовіць, непрыкметнымі сярод нас. І сацыяльныя педагогі могуць значна садзейнічаць гэтаму працэсу. Падчас заняткаў у студыі "Крынічка"

У якасці прыкладу ўзельнікам семінара быў прапанаваны вопыт работы спецыялістаў Дзяржынскага ЦКРНіР. Спецыяльная адукацыя ў Дзяржынскім раёне актыўна развіваецца на працягу апошніх 10 гадоў, і ў плане сацыяльнай інтэграцыі дзяцей-інвалідаў тут ужо ёсць станоўчыя зрухі.
— Наша мэта — каб дзіця само выйшла на вуліцу, пайшло ў магазін, пачало карыстацца грамадскім транспартам, — заўважыў у сваю чаргу начальнік аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Вацлаў Іванавіч Матусевіч. — А ўвогуле мы стараемся працаваць па прынцыпе “Галоўнае ў адукацыі — філасофія, усё астатняе — толькі ўмовы”.
Пра ўмовы, неабходныя для развіцця і самарэалізацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, у раёне сапраўды клапоцяцца. Па словах педагогаў Дзяржынскага ЦКРНіР, адным з асноўных фактараў паскарэння працэсу сацыялізацыі “асаблівых” дзяцей з’яўляецца шырокае ўзаемадзеянне карэкцыйнага цэнтра з грамадскімі структурамі.
— Гэта райвыканкам, установы адукацыі (у першую чаргу — гарадская гімназія №1), цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, эколага-біялагічны цэнтр, гарадскі Дом культуры, раённая бібліятэка, школа мастацтваў, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — паведаміла калегам сацыяльны педагог дзяржынскага ЦКРНіР Таццяна Іванаўна Маршанюк. — Цесныя сувязі ў нас наладжаны таксама з БРСМ, Таварыствам бацькоў цяжкахворых дзяцей “Светлячок”, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ), Чырвоным Крыжам.

Дарослая дапамога дзіцячага парламента

Ёсць на Дзяржыншчыне яшчэ адна структура, дзейнасць якой значна ўплывае на развіццё ў жыхароў раёна талерантных адносін да дзяцей з АПФР: дзіцячы раённы парламент. Па словах дырэктара ЦКРНіР Дзяржынскага раёна Таццяны Канстанцінаўны Чыгір, дзіцячы парламент з’яўляецца моцнай формай уплыву на свядомасць дзяцей, іх бацькоў і педагогаў; уваходзяць у названую структуру самыя актыўныя навучэнцы школ раёна. На пасяджэнні парламента (раз у квартал) запрашаюцца спецыялісты розных сфер грамадскага жыцця, якія агучваюць дзецям існуючыя ў раёне праблемы. Школьнікі бяруць пад увагу пачутае і прадумваюць свой план дзеянняў.
— Праблемнае пытанне, напрыклад, можа быць сфармулявана наступным чынам: як аблегчыць жыццё людзям з парушэннямі слыху? — патлумачыла Т.К.Чыгір. — Потым псіхолаг праводзіць з членамі парламента трэнінгавыя заняткі, у выніку якіх дзеці павінны зразумець, як адчуваюць сябе людзі, якія дрэнна чуюць. Пасля трэнінгаў пачынаецца абмеркаванне, і школьнікі прапаноўваюць сваё бачанне вырашэння праблемы. У жыццё рашэнні парламента ўвасабляюцца ва ўстановах адукацыі, дзе вучацца юныя парламентарыі.
Паводле заўвагі дырэктара Мінскага абласнога ЦКРНіР, Дзяржынскі раён сёння адзін з нямногіх у вобласці не мае праблем з кадрамі спецыяльнай адукацыі. На думку Н.К.Віктароўскай, у гэтым ёсць і заслуга дзіцячага парламента, паколькі хлопчыкі і дзяўчынкі, судакранаючыся яшчэ ў школьным жыцці з праблемамі інвалідаў, свядома выбіраюць сабе прафесію (маецца на ўвазе педагог спецыяльнай адукацыі. — Заўв. аўт.).
Дарэчы, па ініцыятыве дзіцячага парламента ў Дзяржынскім раёне прайшоў конкурс сачыненняў школьнікаў “Чужой бяды не бывае”. У сваіх творах дзеці прапаноўвалі розныя варыянты аказання дапамогі сваім “асаблівым” равеснікам. Усе сачыненні выдадзены асобным зборнікам.
У раёне ўвогуле вядзецца значная работа па падрыхтоўцы валанцёраў, у прыватнасці з ліку навучэнцаў гімназіі № 1 Дзяржынска, якія дапамагаюць педагогам спецыяльнай адукацыі праводзіць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, рыхтуюць канцэрты, тэатральныя прадстаўленні для дзяцей-інвалідаў ды і проста стасуюцца са сваімі “асаблівымі” сябрамі.

І песні гучаць па-новаму

Таленты ёсць у кожнага дзіцяці, нават у “асаблівага”. Задача педагога спецыяльнай адукацыі, як і любога іншага педагога, — заўважыць гэтую адметнасць і развіць яе. Так, выхаванцы Дзяржынскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі штогод удзельнічаюць у абласным фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Больш за тое, некаторыя з іх атрымліваюць яшчэ і дадатковыя “бонусы”, як, напрыклад, Яўгенія Сядура і Валерыя Жалезнякова: летась дзяўчынкі прымалі ўдзел у дабрачынным канцэрце дзяцей краін СНД “Нашы дзеці”, які праходзіў у Маскве.
Ладзяць на Дзяржыншчыне і свой (раённы) фестываль творчасці дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі — “Запалі сваю зорку” (праходзіць напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў — 3 снежня). У першым фестывалі, 10 гадоў назад, удзельнічалі ўсяго 10 чалавек, а ў гэтым навучальным годзе на сцэну выйшлі ўжо 120 дзяцей. Згаданае мерапрыемства падтрымліваецца на ўзроўні райвыканкама.
— Падчас фестывалю акцэнт мы робім на інтэграваных нумарах: выступаюць, напрыклад, дзіця-інвалід, здаровае дзіця і хто-небудзь з бацькоў або дзіця-інвалід і педагог, — адзначыла Таццяна Канстанцінаўна Чыгір. — У гэтым навучальным годзе мы падрыхтавалі сумесны музычны нумар з Настассяй Віннікавай — песню “Мама” з рэпертуару спявачкі. Гэта было так кранальна! Настасся, расчуленая, прызналася, што яе песня ў такім выкананні набыла цалкам новы сэнс.
Выхаванцы ЦКРНіР Дзяржынскага раёна “запальвалі” свае зоркі разам з Настассяй Ціхановіч, Вольгай Барабаншчыкавай, Аляксандрай Герасіменяй; былі гледачамі шоу мыльных бурбалак і шоу барабаншчыкаў. Таццяна Канстанцінаўна заўважыла, што дзеці вольна адчуваюць сябе на сцэне побач са славутымі людзьмі, а тыя ніколі не адмаўляюцца ад удзелу ў дзіцячым свяце творчасці. Шмат радасці такія падзеі прыносяць і бацькам выхаванцаў.
Падчас фестывалю “Запалі сваю зорку” ладзіцца і традыцыйная выстава творчасці выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра. Размяшчаецца яна, як правіла, у раённым Доме культуры, афармленнем займаецца раённы цэнтр дзіцячай творчасці. Дзеці абавязкова атрымліваюць імянныя дыпломы ўдзельнікаў фестывалю і падарунак ад райвыканкама. На мерапрыемстве заўсёды прысутнічаюць прадстаўнікі раённай улады.

Да талерантных адносін праз спорт…

Спорт прыносіць радасць усімТрадыцыйнымі сталі і міжрэгіянальныя спартыўныя гульні “Дазволь мне перамагчы”, якія праводзяцца паміж выхаванцамі цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і наведвальнікамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць і валанцёры, і бацькі дзяцей-інвалідаў, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Праз удзел у спартыўных гульнях “асаблівыя” дзеці пазбаўляюцца сваіх страхаў і набываюць упэўненасць у сабе.

…аздараўленне…

У жніўні ў дзіцячым аздараўленчым летніку “Дружба” Дзяржынскага раёна праводзіцца сямейная змена для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі ў развіцці. У праграме экскурсіі — інсцэніроўкі казак, канцэрты, дыскатэкі, заняткі па інтарэсах, спартыўныя эстафеты і інш. Многія з пералічаных мерапрыемстваў могуць наведваць не толькі адпачываючыя, што дазваляе значна пашыраць кола зносін як дзяцей, так і іх бацькоў.

…гурткі і клубы

На базе Дзяржынскага ЦКРНіР дзейнічаюць гурток “Азбука здароўя” і студыя “Крынічка”. Кожнае дзіця знаходзіць тут сабе занятак па душы і мае магчымасць развіць свой творчы патэнцыял. Штогод цэнтр удзельнічае ў выставе дзіцячых работ, што ладзіцца ў гарадскім парку да Міжнароднага дня абароны дзяцей (1 чэрвеня).
Работа з бацькамі вядзецца ў рамках сямейнага клуба “Сямейная гасцёўня”.

 

***

Удзельнікі семінара на свае вочы пабачылі ў дзеянні валанцёраў з дзяржынскай гімназіі № 1 (на адным з заняткаў студыі “Крынічка” (ЦДТ Дзяржынска) па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў класе ЦКРНіР) і папрысутнічалі на спартыўным свяце “Зімовы калейдаскоп” з удзелам былых і цяперашніх выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра. А ў ходзе педагагічнай майстэрні “Выкарыстанне развіццёвага і рэабілітацыйнага патэнцыялу сацыякультурнай дзейнасці ў сацыяльна-педагагічным праектаванні” педагогі праектавалі мадэлі сацыякультурных мерапрыемстваў, якія ў далейшым арганізуюць у сваіх рэгіёнах.
Напрыканцы семінара ўсе ўдзельнікі як адзін прызналіся, што адчулі атмасферу сапраўднай інклюзіі, назіраючы за жыццём “асаблівых” дзяцей у Дзяржынску: іх бачаць, прымаюць і адначасова “не заўважаюць”, ці, дакладней, не вылучаюць са свайго асяроддзя.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

liatkouskaya@ng-press.by

Фота аўтара.