Прыступка да паспяховай прафесійнай будучыні

Як жартуюць палачане, дакладнай прыкметай надыходу вясны для іх з’яўляюцца не толькі вяртанне пералётных птушак і першыя кветкі, але і правядзенне заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гэтым разам тут сустрэліся лепшыя знаўцы замежных моў.

Напэўна, у праваднікоў, якія суправа­джалі 25 і 29 сакавіка рэйсы з фіналістамі ў Полацк і з Полацка, склалася ўстойлівае ўражанне, што яны працуюць у вагонах міжнароднага класа. Насычаная праграма для ўдзельнікаў і кіраўнікоў каманд прадугледжвала як спаборніцтва ў алімпіядных турах, так і выдатную культурна-забаўляльную частку з канцэртамі, экскурсіямі, знаёмствам са славутасцямі Полаччыны і наведваннем музеяў. Асноўныя падзеі алімпіяды адбываліся ў сценах Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа і сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай. Кульмінацыйным момантам стала, безумоўна, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. У ёй прынялі ўд зел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва раёна і вобласці, вядучых профільных устаноў вышэйшай адукацыі і факультэтаў, дыпламатычных ведамстваў.

— Цырымонія ўзнагароджання — гэта прызнанне поспеху і таленту навучэнцаў і педагогаў, якім пашанцавала знайсці адно аднаго, прыслухацца, зразумець і ў выніку выпрацаваць паспяховую стратэгію заваявання алімпіяднага пастамента, — адзначыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч. — Кажуць, гонар настаўніка — у яго вучнях. Гледзячы на хлопцаў і дзяўчат, якія годна прайшлі вельмі складаныя выпрабаванні, мы можам гаварыць пра тое, што іх паважаныя педагогі вартыя самых цёплых слоў, высокіх узнагарод і званняў.

Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь пераможцам уручыла кансультант галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ала Казючыц. Уладальнікамі высокай узнагароды сталі навучэнка 10 класа нарацкай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна Дзіяна Куцкевіч (іспанская мова), навучэнка 9 класа гімназіі № 10 Гомеля Ангеліна Себік (кітайская мова), навучэнка 11 класа Бярэзінскай гімназіі Юлія Падаляка (французская мова), навучэнка 9 класа Пераростаўскага дзіцячага сада — базавай школы Добрушскага раёна Дар’я Васькова (нямецкая мова) і навучэнка 11 класа Квасоўскай сярэдняй школы Гродзен­скага раёна Ксенія Хрыптовіч (англійская мова).

Ала Казючыц выказала словы шчырай удзяч­насці Віцебшчыне, якая прыняла сёлета заключныя этапы рэспубліканскай алімпіяды па 8 вучэбных прадметах, а таксама ўдзельнікам і іх педагогам, журы і членам арганізацыйнага камітэта алімпіяд, усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы навучэнцаў, у арганізацыі і правядзенні інтэлектуальных спаборніцтваў.

— Вы ўсе сёння па праве можаце лі­чыць сябе пераможцамі, — звярнулася да навучэнцаў Ала Алегаўна. — Помніце гэта і не спыняйцеся на дасягнутым. Наперадзе чакаюць новыя старты і маршруты. Няхай для кожнага з вас заключны этап алімпіяды стане прыступкай да новых дасягненняў і перамог, паспяховай прафесійнай будучыні.

Дыпломамі І ступені па вучэбным прадмеце “Англійская мова” адзначаны Антаніна Малей (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны), Марыя Шаўцова (гімназія № 7 Мінска), Павел Хох (гімназія № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна), Яна Барвянкова (сярэдняя школа № 9 Оршы), Віялета Сенькавец (гімназія № 1 імя Ф.Я.Перца Пінс­ка), Ганна Гаявая (сярэдняя школа № 126 Мінска); па вучэбным прадмеце “Нямецкая мова” — Лізавета Грыгор’ева (гімназія № 2 Наваполацка), Ксенія Гурыновіч (гімназія № 1 Ліды), Севасцьян Шакін (гімназія № 56 Мінска); па вучэбным прадмеце “Французская мова” — Аляксандра Рудніцкая (гімназія № 74 Мінска), Аляксей Папоў (гімназія № 8 Мінска), Аліна Алешнікава (гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля); па вучэбным прадмеце “Іспанская мова” — Мацвей Драніца (ліцэй  Барысава) і Святлана Вольская (сярэдняя школа № 114 Мінска імя Сімона Балівара); па вучэбным прадмеце “Кітайская мова” — Цзыян Чу (сярэдняя школа № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі).

Ганаровымі граматамі і спецыяльнымі прызамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта за высокі ўзровень валодання вусным маўленнем адзначаны навучэнка гімназіі № 2 Оршы Ульяна Койда (кітайская мова), навучэнка гімназіі № 2 Наваполацка Лізавета Грыгор’ева (нямецкая мова), навучэнец гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска Даніла Кісляк (англійская мова), навучэнка гімназіі № 1 Ваўкавыска Валерыя Уліцкая (французская мова) і навучэнка сярэдняй школы № 17 Гомеля імя Франсіска дэ Міранды Ганна Крыжэвіч (іспанская мова).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Аляксандра СТАНКЕВІЧА.