Прыцягненне “Навукі”

- 11:43Навіны рэгіёнаў, Рознае

Што яны робяць у дрэннае надвор’е? Вучацца! Што яны робяць у добрае надвор’е? Таксама вучацца! Менавіта так праводзяць першую палову дня старшакласнікі ў лагеры “Навука”, які працуе першы летні месяц у Гродзенскім раёне. Сюды ўдзельнікі і пераможцы раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд з’язджаюцца з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Першая змена ў “Навуцы” адбылася ў 1990 годзе. І з таго часу сотні навучэнцаў прайшлі праз акадэмічнае братэрства, бо менавіта ў першыя дні работы лагера яны прысвячаюцца ў акадэмікі.

Абласны аздараўленчы лагер “Навука” адкрыты на базе дзвюх навучальных устаноў. У Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце працуе “Навука-1” і сфарміраваны шэсць атрадаў “Фізікаў і астраномаў”, “Інфарматыкаў”, “Хімікаў”, “Біёлагаў”, “Географаў” і “Гісторыкаў”. У Азерскай санаторнай школе-інтэрнаце адпачываюць і вучацца тыя, хто дасягнуў поспехаў у матэматыцы, працоўным навучанні, беларускай і рускай мовах і літаратурах, замежнай мове, грамадазнаўстве.


— Першая палова дня — гэта час навучання. Заняткі з нашымі выхаванцамі праводзяць вопытныя школьныя настаўнікі і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія маюць вопыт у падрыхтоўцы алімпіяднікаў, — расказвае дырэктар Парэцкай школы-інтэрната Ларыса Грышкевіч. — У другой палове дня ўсё праходзіць як у звычайным лагеры — адпачынак, спартыўныя гульні, аздараўленне. Напрыклад, мы маем базу, каб праводзіць з дзецьмі фітатэрапію. Гэтыя дзеці вельмі таленавітыя і працаздольныя, таму на плячах выхавальнікаў і важатых, а гэта ў асноўным студэнты — будучыя педагогі, ляжыць задача так арганізаваць вольны час, каб лета ў “Навуцы” стала запамінальным.

— Органам дзіцячага самакіравання з’яўляецца савет, які прымае ўдзел у планаванні, падрыхтоўцы і правядзенні ўсіх мерапрыемстваў, — далучаецца да размовы дырэктар “Навукі-1” настаўніца рускай мовы і літаратуры школы-інтэрната Наталля Язерская. — Традыцыйнымі з’яўляюцца дні атрадаў і тэматычныя прадметныя дні, інтэлектуальныя і інтэрактыўныя гульні, конкурсы “Адна са ста”, “Джэнтльмены, удачы!”, фестываль талентаў “Хвіліна славы”. А па вечарах у нашых дзяцей дыскатэкі.

Вельмі любяць навукоўцы сабрацца вечарам каля агню і абмеркаваць дзённыя справы, заспяваць пад гітару, пагаварыць аб усім, што цікавіць і хвалюе. Гэта ўжо стала традыцыяй.

Той, хто хоць раз пабываў у гэтым лагеры, імкнецца пабываць тут яшчэ і яшчэ. Навучэнка сярэдняй школы № 3 Зэльвы Дар’я Несцяровіч прыязджае ў “Навуку” пяты раз. Першы раз яе запрасілі ў лагер пасля 6 класа, калі заўважылі поспехі дзяўчынкі ў інтэрнэт-алімпіядах па інфарматыцы. І вось год ад году рос “інфармацыйны прафесіяналізм” Дашы, і ў гэтым годзе яна атрымала дыплом ІІІ ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.


Прайшлі праз “Навуку” многія “зоркі ” Гродзеншчыны. Дашын зямляк Аляксей Вісцяж, які ў мінулым годзе заваяваў бронзавы медаль ХХVII Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, таксама тут пабываў.

Калі запытала ў школьнікаў, што ім падабаецца ў лагеры, пачула ў адказ: атмасфера. Так, атмасфера творчасці, паважлівых адносін, сяброўства, якое працягваецца потым доўгія гады. А яшчэ прагучала, што тут вывучаюць адзін прадмет, але самы любімы. І вывучаюць яго цікава. У адпаведнасці з зацверджаным планам, але кожны выкладчык прыўносіць сваё. Так, настаўніца англійскай мовы Гродзенскай гарадской гімназіі Вера Гаравец упор робіць на размоўную англійскую. І тэмы заняткаў прапаноўвае нестандартныя, напрыклад, пагаварыць пра стрэс ці поспех.

Вялікая заслуга ў любові да навукі і вучобы належыць, безумоўна, педагогам. Фарміраваннем кантынгенту школьнікаў і выкладчыкаў займаецца ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Святлана Кавалеўская гаворыць, што лагер “Навука” з’яўляецца адным з элементаў сістэмы работы з адоранымі навучэнцамі, што ўнікальнасць такога лагера ў спалучэнні адукацыйнай і аздараўленчай задач, тут ствараюцца ўмовы для зняцця псіхалагічнай напружанасці, гэтыя ж дзеці вельмі актыўна працуюць на працягу ўсяго навучальнага года.

Любяць “Навуку” не толькі дзеці, але і дарослыя. Настаўнік інфарматыкі Гожскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Дзмітрый Бержынскі не першы год працуе тут. Дзмітрый Аляксандравіч адзначае высокую матывацыю вучняў і вельмі высокі ўзровень іх ведаў, гатоўнасць працаваць штодзённа. І дадае, што часам сам вучыцца ў юных талентаў. Такая непаўторная атмасфера “Навукі” і спрыяе яе прыцягненню.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.