Прыцягваюць у прафесію моладзь

- 10:31Навіны рэгіёнаў

На Магілёўшчыне рознымі спосабамі імкнуцца прыцягнуць у педагагічную прафесію высокаматываваную моладзь. Адной з найбольш эфектыўных форм работы ў гэтым кірунку стала стварэнне амаль ва ўсіх раёнах вобласці профільных педагагічных класаў.

Досыць паспяхова эксперымент рэалізоўваецца ў Хоцімскім раёне. У гэтым навучальным годзе ў дзвюх гарадскіх школах арганізавана вывучэнне курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для дванаццаці дзесяцікласнікаў, зацікаўленых у настаўніцкай адукацыі.

— Распрацаваны вучэбны курс разлічаны на два гады навучання. Яго асноўная мэта — развіццё ў выпускнікоў матывацыі да педагагічнай дзейнасці. У ходзе заняткаў педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Людміла Дзмітрыеўна Саўчанка і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Наталля Парфёнаўна Бяляева падрабязна знаёмяць навучэнцаў з усімі плюсамі і мінусамі настаўніцкай працы. Дзесяцікласнікі маюць рознабаковыя магчымасці для таго, каб ацаніць свае педагагічныя здольнасці, — расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Мяшкова.

Паводле яе слоў, курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” накіраваны не толькі на ўсебаковае вывучэнне тэорыі. Перыядычна школьнікі спрабуюць сябе ў розных відах педагагічнай практыкі. Яны наведваюць урокі ўжо вопытных настаўнікаў, арганізоўваюць тэматычныя даследаванні, распрацоўваюць планы ўрокаў, праводзяць рэальныя заняткі з вучнямі, працуюць выхавальнікамі ў прышкольных лагерах. Акрамя таго, усе старшакласнікі, якія наведваюць вучэбны курс, збіраюць уласныя партфоліа “Я — педагог”, дзе пазначаць свае памылкі і дасягненні ў навучанні прафесіі.

— Падобны падыход садзейнічае фарміраванню ў выпускнікоў першапачатковых прафесійных уменняў. За час навучання ў іх складваецца першаснае ўяўленне пра сябе як настаўніка. Знаёмства з прафесіяй адбываецца глыбей, чым проста назіранне, што дае магчымасць вучням зведаць усе тонкасці педагагічнай дзейнасці, пераканацца ў важнасці і значнасці гэтай высакароднай працы, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.

Пасля заканчэння навучання выпускнікі атрымаюць спецыяльную адзнаку ў атэстаце аб сярэдняй адукацыі, што дасць ім пераважнае права на паступленне на жаданыя педагагічныя спецыяльнасці. У раённым вучэбна-метадычным кабінеце ўпэўнены, што арганізацыя такога прафесійнага курса сапраўды дазволіць прыцягнуць у педагогіку моладзь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.