Нягледзячы на ўзрост і час, усе мы ведаем, што Новы год — самае любімае свята як дзяцей, так і дарослых. Падрыхтоўка да гэтага свята ў нас ва ўстанове пачалася задоўга да яго наступлення. Напярэдадні навагодніх свят выхавальнікі разам з дзецьмі развучвалі вершы, праводзілі гутаркі на тэму Новага года, навагодніх традыцый. Музычны кіраўнік Т.І.Гаўрыленка развучвала з выхаванцамі песні і танцы. Велізарную працу педагогі правялі па афармленні груп, залы і тэрыторыі ўстановы.
Сцены залы мы аформілі выцінанкамі на зімовую навагоднюю тэматыку: прыгажуня зіма ў сукенцы з доўгім снежным шлейфам, Снягурка, Дзед Мароз, белыя гурбы, мноства сняжынак… Таксама ўпрыгожылі ялінкі на галоўным уваходзе і гульнявых пляцоўках.
Прайшло шмат навагодніх мерапрыемстваў як для дзяцей, так і для дарослых: у холе нашай установы арганізавана выстаўка карнавальных масак пад назвай “Маскі-шоу”, якая завершыцца дэфіле ўдзельнікаў з уручэннем дыпломаў. Таксама праходзіць выстаўка навагодніх вырабаў “На парозе чараўніцтва”, у адной з ніш хола аформлена тэматычная навагодняя фотазона для наведвальнікаў — бацькоў і гасцей.
Правядзенне выставак стварае дарослым і дзецям добры настрой. Вырабы, розныя па памеры і тэхніцы, зроблены з душой і любоўю, з жаданнем канкурсантаў парадаваць іншых сваім майстэрствам і падзяліцца творчымі ідэямі.
Падчас ранішнікаў казачныя героі запрашалі дзяцей у чароўны свет казкі. Усе акунуліся ў святочную атмасферу прыгод, паўдзельнічалі ў цікавых конкурсах і гульнях. А са з’яўленнем Дзеда Мароза пачыналася сапраўднае свята з песнямі і танцамі, карагодамі вакол ёлкі. Пасля прадстаўлення дзеці чыталі вершы Дзеду Марозу і Снягурцы, фатаграфаваліся з персанажамі, атрымлівалі навагоднія падарункі.
Вераніка АСТАШОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада “Вясёлка” в. Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.