Пытанні пра размеркаванне: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

- 16:01Образование, Приложение, Школа управления

На актуальныя пытанні адказала Любоў Мальковіч, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі.

Я з’яўляюся студэнткай 5 курса аднаго з універсітэтаў Мінска. Вучуся на дзённым аддзяленні за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У мяне ёсць дзіця да трох гадоў (дзіцяці 9 месяцаў). У красавіку ва УВА праходзіць размеркаванне. У адпаведнасці з пунктам 6.5 артыкула 83 Кодэкса аб адукацыі: “Месца работы для выпускнікоў падчас размеркавання вызначаецца ўстановай адукацыі або дзяржаўным органам самастойна з улікам наяўных заявак і заключаных дагавораў аб узаема­дзеянні, а для выпускнікоў, хто адносіцца да катэгорыі: цяжарных жанчын, маці ( бацькаў), якія маюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў на дату прыняцця рашэння аб размеркаванні, месца работы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па іх месцы жыхарства”. Ці магу я адмовіцца ад месца работы, якое мне прадаста­віць універсітэт? І ці магу я на падставе гэтага артыкула адмовіцца ад размеркавання ўвогуле?

Пытанні размеркавання выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спе­цыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2022 № 572 (далей — Палажэнне), і знаходзяцца ў кампетэнцыі ўстаноў адукацыі.

У адпаведнасці з пунктамі 2, 3 артыкула 72 і пунктам 1 артыкула 78 Кодэкса, калі атрыманне вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме за кошт сродкаў рэс­публіканскага бюджэту, пасля завяршэння навучання выпускнікі абавязаны адпраца­ваць па размеркаванні два гады або кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, у рэспубліканскі бюджэт.

Згодна з пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса і пунктамі 2, 10, 13, 15 Палажэння, камісія па размеркаванні выпускнікоў установы адукацыі (далей — камісія) самастойна прымае рашэнне аб размеркаванні выпускніка, кіруючыся Кодэксам і Палажэннем. Пры гэтым месца работы для выпускнікоў падчас размеркавання вызначаецца камісіяй у адпаведнасці з атрыманай выпускніком спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, з улікам наяўных заявак і заключаных дагавораў аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў (пункты 2, 9 артыкула 72 Кодэкса).

Як асоба, якая мае дзіця ва ўзросце да трох гадоў на дату прыняцця рашэння аб размеркаванні, вы маеце права на размеркаванне па месцы жыхарства (падпункт 9.6 пункта 9 артыкула 72 Кодэкса). Пры адсутнасці такой магчымасці месца работы прадастаўляецца на агульных падставах.

Дакументы, якія выпускнікі прадстаўляюць у камісію, вызначаны ў частцы сёмай пункта 15 Палажэння. У гэтым выпадку гэта арыгінал і копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і.

У адпаведнасці з пунктам 2 Палажэння аб парадку кампенсавання ў рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыя­ліста, рабочага, служачага, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2022 № 572, выпускнік мае права адмовіцца ад работы па размеркаванні і добраахвотна кампенсаваць затрачаныя сродкі. Для кампенсацыі затрачаных сродкаў выпускнік звяртаецца ва ўстанову адукацыі, якая выдала яму пасведчанне аб накіраванні на работу, за разлікам сумы зат­рачаных сродкаў. Разлік сумы затрачаных сродкаў праводзіцца ва ўстаноўленым парадку і на працягу 15 рабочых дзён з дня звароту накіроўваецца выпускніку заказной карэспандэнцыяй са зваротным паведамленнем або ўручаецца пад подпіс. Тэрмін кампенсацыі сродкаў складае адзін месяц з дня атрымання выпускніком разліку сумы затрачаных сродкаў.

***

Прашу растлумачыць, ці мае права ўстанова адукацыі (каледж) размеркаваць дзіця, якое з’яўляецца непаўналетнім на момант заканчэння навучальнай установы, а таксама будзе ўсё яшчэ непаўналетнім на момант пачатку абавязковай адпрацоўкі, у населены пункт не па прапісцы дзіцяці і яго бацькоў, з якімі яно пражывае. Мая дачка (17 гадоў) заканчвае каледж у гэтым годзе і на момант абавязковай яўкі на месца працы (адпрацоўкі) будзе ўсё яшчэ з’яўляцца непаўналетняй.

Размеркаванне, пераразмеркаванне, накіраванне на работу, перанакіраванне на работу, кампенсаванне сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, рабочага, служачага, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, Палажэннем аб парадку кампенсавання ў рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага (далей — Палажэнне аб кампенсаванні), зацверджанымі пастановай Савета Міністраў ад 31.08.2022 № 572.

Згодна з артыкулам 72 Кодэкса аб адукацыі, размеркаванне — працэдура вызначэння месца работы выпускніка, якая ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі або ў выпадках, вызначаных урадам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным органам, у мэтах падтрымкі выпускнікоў, задавальнення патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых, служачых.

Месца работы шляхам размеркавання прадастаўляецца камісіяй па размеркаванні ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй і (ці) ступенню выпускнікам, якія атрымалі вышэйшую, сярэднюю спецыяльную, прафесійна-тэхнічную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў, акрамя асоб, якія вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

З улікам патрабаванняў артыкула 272 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абмежаванняў па размеркаванні асоб, якія не дасягнулі ўзросту 18 гадоў, заканадаўс­твам у сферы адукацыі не прадугледжана.

Дадаткова інфармуем, што маладыя спецыялісты, маладыя рабочыя (служачыя), якія прыступілі да работы, могуць быць пераразмеркаваны на ўмовах, вызначаных артыкулам 74 Кодэкса аб адукацыі, у тым ліку ў парадку пераводу ад аднаго наймальніка да другога па ўзгадненні паміж імі.

У адпаведнасці з пунктам 2 Палажэння аб кампенсаванні выпускнік мае права адмовіцца ад работы па размеркаванні (пераразмеркаванні), накіраванні на работу (перанакіраванні на работу) і добраахвотна кампенсаваць затрачаныя сродкі. Для кампенсавання затрачаных сродкаў выпускнік звяртаецца ва ўстанову адукацыі, якая выдала яму пасведчанне аб накіраванні на работу, за разлікам сумы затрачаных сродкаў. Тэрмін кампенсавання сродкаў складае адзін месяц з дня атрымання выпускніком разліку сумы затрачаных сродкаў.

***

У 2016 годзе я атрымаў вышэйшую катэгорыю метадыста. У 2021 го­дзе — вышэйшую катэгорыю настаўніка. Прашу даць мне растлумачэнні, ці магу я пры наяўнасці дзвюх вышэйшых катэгорый — метадыста і настаўніка — атрымаць катэгорыю настаўнік-метадыст на спрошчаных умовах.

Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя).

З тэкстам Інструкцыі можаце азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі.

Інструкцыяй не прадугледжана аўтаматычнае прысваенне кваліфікацыйных катэгорый.

У адпаведнасці з пунктамі 18, 19 Інструкцыі, прэтэндаваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” могуць педагагічныя работнікі, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка пасля заканчэння трох гадоў з дня яе прысваення. Таксама абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць аўтарскай методыкі выкладання прадмета або ўласнага вопыту, які абагульняецца і выкарыстоўваецца іншымі педагогамі ўстаноў адукацыі, публікацыі ў навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і інфармацыйных тэхналогій, выкарыстанне эфектыўных педагагічных форм, метадаў і сродкаў навучання.

Заява аб прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” падаецца ў атэстацыйную камісію аддзела (упраўлення) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога размешчана ўстанова адукацыі, дзе вы працуеце. Метадычныя рэкамендацыі “Метадычнае забеспячэнне атэстацыі педагагічных работнікаў” размешчаны на афіцыйным сайце дзяржаўнай установы адукацыі “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі