Пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі абмеркавалі спецыялісты

- 16:45Актуально, Образование

Міжведамаснае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі прайшло на пляцоўцы ЗАТ «Атлант», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Тэмай абмеркавання стала рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сферы прамысловасці. Напачатку міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што пытанне, якое будзе абмяркоўвацца, выбрана невыпадкова: «Сёння ў краіне больш чым 1,68 млн чалавек гэта моладзь. А значыць, яе трэба больш актыўна прыцягваць да ўдзелу ў грамадскім жыцці».

Згодна са статыстычнымі данымі, каля 20 % моладзі пражывае ў сельскай мясцовасці, астатнія — у горадзе. Метады і падыходы, якія трэба ўлічваць, працуючы з гэтымі катэгорыямі моладзі, шмат у чым агульныя, але разам з тым маюць свае адметнасці.

Міністр адукацыі нагадаў, што год назад галіновым міністэрствам быў вызначаны і прадстаўлены індэкс эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. Сёлета агучылі справаздачы па 9 кірунках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. Са слоў Андрэя Іванца, у такіх кірунках, як развіццё навуковага патэнцыялу, занятасць, здароўе моладзі, адзначаны даволі высокія паказчыкі эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Тым не менш, асаблівай увагі патрабуюць такія кірункі, як удзел моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, захаванне сямейных каштоўнасцей, падтрымка маладых сем’яў. На інфармацыйную работу з моладдзю таксама трэба звяртаць увагу.

«Менавіта працуючая моладзь зяўляецца вельмі сурёзным і важным субектам рэалізацыі нашых дзяржаўных падыходаў», — акцэнтаваў Андрэй Іванец.

Сёлета больш чым 53 тыс. выпускнікоў устаноў усіх узроўняў адукацыі атрымалі гарантаваныя першыя рабочыя месцы.

«Мы павінны забяспечыць магчымасць рэалізацыі інстытута настаўніцтва, — сказаў міністр адукацыі. — Трэба, каб кожны малады чалавек, які прыходзіць на сваё першае рабочае месца, меў кваліфікаваную падтрымку старэйшых вопытных калег. Добры кіраўнік сам сябе забяспечвае кадрамі, бо добра разумее: каб выгадаваць добрага спецыяліста пасля заканчэння УВА, павінен прайсці не адзін год».

Андрэй Іванец нагадаў, што пытанні работы з вучнёўскай моладдзю былі падрабязна разгледжаны напярэдадні новага навучальнага года.

«У структуры занятасці прыкладна 27 % складае моладзь, — прывёў даныя міністр адукацыі. — Падрыхтоўка кадраў на ўсіх узроўнях адукацыі павінна не толькі каардынавацца Міністэрствам адукацыі, але і ажыццяўляцца па запыце заказчыкаў кадраў. Для гэтага ёсць усё неабходнае, працуе аўтаматызаваная інфармацыйныя сістэма «Дзяржзаказ». Але не ўсе прадпрыемствы зарэгістраваны ў ёй.  Калі ў рэальным сектары эканомікі створаны спрыяльныя ўмовы з пункту погляду рэалізацыі сацыяльнага пакета, матэрыяльнага забеспячэння, прафесійнага і карернага росту, то пытання аб замацаванні кадраў не ўзнікне», — упэўнены А. Іванец.

 Наталля САХНО