Марына Эдуардаўна СУВОРАВА прызначана намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнікам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства. Сёння яна ў гасцях нашай газеты, і мы пагаворым аб перспектывах развіцця гэтых кірункаў у нацыянальнай сістэме адукацыі, аб асаблівасцях сёлетняй прыёмнай кампаніі і, безумоўна, аб прэстыжнасці рабочай прафесіі.
— Марына Эдуардаўна, ужо нават назва вашага ўпраўлення гаворыць сама за сябе. Вы курыруеце прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. А якія яшчэ кірункі ўваходзяць у Галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі?
— Згодна з новай структурай Міністэрства адукацыі, упраўленне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ўпраўленне вышэйшай адукацыі і аддзел дадатковай адукацыі дарослых уваходзяць у Галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі, і такім чынам яно ахоплівае ўвесь цыкл прафесійнай адукацыі.
— Колькі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёння падпарадкавана галіноваму міністэрству?
— На сёння ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзейнічаюць 207 навучальных устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 113 каледжаў і 88 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У нашым падпарадкаванні знаходзіцца адна прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова і больш як 40 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Усе астатнія належаць упраўленням адукацыі аблвыканкамаў, камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама і іншым органам. Наша ўпраўленне актыўна ўзаемадзейнічае з усімі заснавальнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы цесна супрацоўнічаем з імі ў фарміраванні лічбаў прыёму, размеркаванні выпускнікоў, узгадняем нарматыўную прававую базу, разам аналізуем сітуацыю на рынку працы і ўзгадняем пазіцыі па пераліку прафесій і зместавым напаўненні адукацыйнага працэсу.
— Калі гаварыць аб развіцці гэтых двух узроўняў адукацыі, то ў апошні час яны атрымалі новы імпульс. Без перабольшання можна сказаць, што яны пастаянна на слыху. Вось і зараз мы з вамі сустракаемся ў знамянальны час, калі наша нацыянальная зборная ўжо асвойвае конкурсныя пляцоўкі чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі.
— Аб фарміраванні прывабнага пазітыўнага вобраза рабочай прафесіі, павышэнні цікавасці да сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сведчыць і нядаўні Рэспубліканскі педагагічны савет, дзе кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку за тое, што гэтыя ўзроўні адукацыі былі захаваны і сёння імкліва і паспяхова развіваюцца. Аб павышэнні іміджу рабочых прафесій сведчыць наведванне прэзідэнтам А.Р.Лукашэнкам Мінскага аўтамеханічнага каледжа, прэм’ер-міністрам А.У.Кабяковым — філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій машынабудавання і аўтасэрвісу”. Дзяржава клапоціцца, каб у нашу эканоміку і сацыяльную сферу прыйшлі прафесіяналы, таму наша задача — апраўдаць надзеі маладых людзей у якасным асваенні рабочых прафесій.
— Напэўна, у гэтым важную ролю адыгрывае і прафарыентацыйная работа. Якраз рух WorldSkills з’яўляецца яскравым пазітыўным вобразам сучаснай прафесійнай адукацыі.
— Для ўзроўняў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі характэрна асаблівая прафарыентацыйная работа. Не сакрэт, што ва УВА прафарыентаваць моладзь не трэба. Маладыя людзі сёння больш імкнуцца паступіць ва ўніверсітэт, чым ва ўстановы ПТА і ССА, тым самым будуюць сваю адукацыйную траекторыю, пачынаючы адразу з вышэйшай адукацыі. Але сусветныя тэндэнцыі, рэаліі жыцця ўсё ж настойваюць пачынаць сваю прафесійную кар’еру з асваення рабочай прафесіі, з навучання прафесійным навыкам, а потым ужо ўдасканальваць свае веды на іншым, больш высокім адукацыйным узроўні.
Скіраваць моладзь у бок прафесійнага выбару рабочых прафесій — гэта і ёсць задача сённяшняй прафарыентацыйнай работы ў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Трэба прызнаць, што яна вельмі разнастайная і вядзецца разам з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі на працягу ўсяго навучальнага года, а не напярэдадні прыёмнай кампаніі. Вялікую ролю ў фарміраванні прафесійнага выбару дзіцяці адыгрываюць і непасрэдна бацькі, якія далучаюцца да прафарыентацыі. Ёсць шмат прыкладаў ранняй прафарыентацыі, якая пачынаецца з дзіцячага сада і дазваляе закласці ў свядомасць дзіцяці першыя рыскі той ці іншай прафесіі. Хто ведае, магчыма, з сённяшніх дашкалят вырастуць новыя ўдзельнікі нацыянальнай каманды, якія будуць выступаць на чарговым WorldSkills. Сёння гэты рух з’яўляецца вялікай матывацыяй для нашай моладзі ў выбары рабочай прафесіі, адкрывае шырокія магчымасці паказаць сябе на міжнароднай арэне і ўрэшце па-сапраўднаму ацаніць ролю рабочага чалавека ў развіцці эканомікі і ў цэлым сваёй краіны. Улічваючы пазітыўны ўклад WorldSkills у нашу сістэму адукацыі, гэты рух у нас будзе развівацца і далей. Будзе ўдасканальвацца нарматыўная база, пашырацца кола ўсіх зацікаўленых, павялічвацца колькасць крыніц фінансавання і матэрыяльнай падтрымкі.
— Якія асноўныя кірункі ў развіцці ПТА і ССА плануецца рэалізаваць у найбліжэйшы час?
— Мы будзем і далей працягваць удасканаленне зместу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як вядома, сёння змест прафесійнай падрыхтоўкі ўсё больш звязваюць з практыкаарыентаванасцю. Але на ўзроўнях ПТА і ССА практыка-арыентаванае навучанне існуе першапачаткова. Сёння 40 працэнтаў вучэбнага часу ў навучальных установах ПТА накіравана на засваенне практычных навыкаў, а ў ССА па некаторых спецыяльнасцях нават 50 працэнтаў ад дысцыплін прафесійнага кампанента. У нас актыўна развіваецца дуальнае навучанне, якое мае на ўвазе актыўны ўдзел у прафесійнай падрыхтоўцы заказчыкаў кадраў. Увогуле, пры дуальным навучанні тэарэтычная частка падрыхтоўкі праходзіць на базе навучальнай установы, а практычная — на рабочым месцы. Прадпрыемствы робяць заказ навучальным установам на канкрэтную колькасць спецыялістаў, удзельнічаюць у распрацоўцы і рэцэнзаванні вучэбных планаў і праграм, заказчыкі кадраў уваходзяць у склад дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Як бачна, узаемадзеянне з наймальнікамі ў нас развіваецца вельмі даўно. І гэтая практыкаарыентаванасць на нашых узроўнях ярка адлюстравана. Увогуле, калі ты хочаш навучыцца штосьці рабіць рукамі, то паступай ва ўстановы ПТА і ССА, там сапраўды гэтаму навучаць.
— Ці будуць уносіцца змяненні ў тыпавыя вучэбныя планы і праграмы ў залежнасці ад запытаў вытворчасці, сацыяльнай сферы і развіцця сучаснага рынку працы?
— Безумоўна, будуць. Змест прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе фарміравацца ў залежнасці ад развіцця той ці іншай галіны, ад інтэнсіўнасці яе развіцця, ад таго, якія прафесіі ёй патрэбны і спатрэбяцца ў найбліжэйшай перспектыве. Мы будзем уносіць сугучныя з гэтым змяненні ў адукацыйны працэс, уключаць у вучэбныя планы і праграмы новы зместавы кампанент, які адпавядае патрэбам эканомікі і рынку працы. Прычым мы маем неабмежаваныя тэрміны абнаўлення вучэбна-плануючай дакументацыі, што азначае, што мы ідзём след у след за нашай эканомікай.
— У якой меры будзе адбывацца аптымізацыя тэрмінаў падрыхтоўкі кадраў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Мы не можам быць у баку ад аптымізацыі, якая праходзіць у вышэйшай школе, таму што ўсе ўзроўні прафесійнай адукацыі звязаны паміж сабой. Як вядома, сёння тэрміны падрыхтоўкі на ўзроўні вышэйшай адукацыі па многіх спецыяльнасцях скарочаны да 4 гадоў. Заканамерна, што і на ўзроўнях ПТА і ССА трэба аптымізавацца. Тым больш што ўсе ўзроўні прафесійнай адукацыі інтэграваны. Гэта прадугледжвае, што выпускнікі ПТА паступаюць ва ўстановы ССА на скарочаны тэрмін навучання, а тыя, хто скончыў сярэднюю спецыяльную ўстанову, паступаюць ва УВА для навучання па інтэграваных праграмах.
Такая інтэграцыя дазваляе аптымізаваць тэрміны навучання на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, і гэта вельмі важна, на ўзровень вышэйшай адукацыі прыходзіць ужо практыка-арыентаваны чалавек, які прайшоў некалькі ўзроўняў прафесійнай падрыхтоўкі. На вышэйшым узроўні ён атрымлівае навуковы кампанент, больш паглыбленую тэарэтычную падрыхтоўку і ўдасканальвае практычныя навыкі.
— Ці закране аптымізацыя непасрэдна навучальныя ўстановы?
— Мы плануем ажыццяўляць гэты працэс у найбліжэйшы час згодна з тымі канцэптуальнымі падыходамі развіцця адукацыі, якія былі агучаны міністрам адукацыі на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Адзін з пунктаў гэтых падыходаў сведчыць аб пераходзе на адзін від установы адукацыі — каледж, дзе будуць рэалізоўвацца праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта вядзе да аптымізацыі саміх навучальных устаноў. Так, напрыклад, у той ці іншай вобласці або населеным пункце немэтазгодна ўтрымліваць аднапрофільныя ўстановы і ПТА, і ССА. Іх можна аб’яднаць у адну ўстанову, стварыць свайго роду кангламерат, дзе будуць засяроджаны два ўзроўні адукацыі.
Акрамя таго, мы плануем развіваць сеткавую форму, пры якой адну частку адукацыйнай праграмы рэалізоўвае адна навучальная ўстанова, практыка-накіраваную частку — другая. Такім чынам у вучэбных групах дзвюх устаноў будзе адбывацца абмен тэорыяй і практыкай, паміж сабой будуць узаемадзейнічаць адміністрацыя ўстаноў, педагогі, заказчыкі кадраў. Думаю, што для рэалізацыі гэтага кірунку лепш за ўсё выкарыстоўваць рэсурсныя цэнтры на базе навучальных устаноў ПТА і ССА розных профіляў. Пакуль гэты напрамак знаходзіцца на пачатковай стадыі, але ў перспектыве мы плануем яго развіваць.
— Марына Эдуардаўна, як сёлета прайшла прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Што для яе характэрна?
— Фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму на гэтыя ўзроўні адукацыі пачынаецца ўжо з кастрычніка бягучага года міжведамаснай групай, якая была створана ў 2015 годзе згодна з сумеснай пастановай трох міністэрстваў: адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны. На пасяджэннях групы прысутнічаюць прадстаўнікі гэтых міністэрстваў, рэгіянальныя органы адукацыі, заснавальнікі навучальных устаноў, заказчыкі кадраў. Фарміраванне плана прыёму засноўваецца на заказе на кадры — пачынаючы ад колькасці і заканчваючы структурай падрыхтоўкі.
Сёлета на ўзроўні ПТА было прынята 28,8 тысячы чалавек, а на ўзроўні ССА — 37,3 тысячы. Лічбы пакуль не канчатковыя, таму што працягваецца набор на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю на завочную форму навучання.
Калі гаварыць пра кантынгент паступіўшых, то ва ўстановы ПТА і ССА прыйшлі адукаваныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі, якія ўсвядомлена выбралі рабочыя прафесіі. За гэтым выбарам стая ць стабільнае рабочае месца, нядрэнны заробак, сацыяльны пакет. Станоўча ацэньваючы гэтыя аспекты, моладзь з кожным годам усё больш паварочваецца ў бок прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, каб быць узброеным прафесійнымі навыкамі на пачатку свайго жыццёвага шляху, а ў далейшым будаваць свой лёс у залежнасці ад жадання і магчымасцей. Паспяховае выкананне прыёму навучэнцаў ва ўстановы ПТА і ССА пацвярджае гэты настрой моладзі. І будзем спадзявацца, што ён захаваецца ў нашых маладых людзей і ў далейшым.
Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.