Работнікі сферы адукацыі вызначылі лепшых на рэспубліканскім турзлёце

- 17:34Новости

Рэспубліканскі турзлёт работнікаў адукацыі і навукі завяршыўся ў турыстычным цэнтры «Юнацтва» Бярэзінскага раёна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Удзельнікаў падчас адкрыцця мерапрыемства прывіталі старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

«Жадаю вам ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, — звярнулася да прысутных Т. Якубовіч. — Дзякуй вам за згуртаванасць і адзінства!»

У турзлёце прынялі ўдзел больш за 300 чалавек у складзе 9 каманд, якія прадстаўлялі рэгіянальныя арганізацыі прафсаюза, галіновую прафсаюзную арганізацыю Нацыянальнай акадэміі навук, зборную каманду пярвічных прафсаюзных арганізацый УВА Мінска.

Па выніках пяці відаў спартыўнай і трох відаў конкурснай праграм больш за ўсіх на п’едэстал за ўзнагародамі падымаліся прадстаўнікі Мінскай вобласці. На другім месцы — каманда Мінскай гарадской арганізацыі. Замыкае тройку пераможцаў Магілёўская абласная арганізацыя. Віцебская і Гомельская вобласці з аднолькавай колькасцю балаў сталі чацвёртымі.

— Мы праводзім такія турзлёты ў першую чаргу для таго, каб аб’яднаць нашы калектывы, каб у работнікаў галіны была магчымасць рэалізаваць сябе ў спорце і ў творчасці, — адзначыла Т. Якубовіч. — У сферы адукацыі шмат аматараў турыстычных відаў спорту і спартсменаў даволі высокага ўзроўню. Разумеем: каб перамагчы на турзлёце, трэба быць адзінай камандай. Такі прынцып павінен быць і ў прафсаюзе. Дасягнуць вынікаў можна толькі ў тым выпадку, калі мы разам.

Арганізатарамі Рэспубліканскага турыстычнага злёту педагагічных работнікаў выступілі Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму. Спартыўную частку і судзейства забяспечыў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Наталля САХНО
Фота з сайта estu.1prof.by