Радасць ад добрых спраў

- 10:51Нам пішуць

Моладзь Навагрудчыны прыняла актыўны ўдзел у рэспубліканскім Тыдні лесу. Члены Маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў пасадзілі дрэвы на сімвалічнай для навагрудчан Куравіцкай гары, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў так званы “Навагрудскі кацёл”. Пройдзе час, і на схілах гары зазелянеюць, радуючы вока, маладыя бярозкі і сасонкі. А тыя, хто пасадзіў дрэўца, напэўна, прывядуць на гэтае месца сваіх дзяцей і з гонарам раскажуць аб сваім ўдзеле ў акцыі. 

Добрую справу прадоўжыла і раённая піянерская арганізацыя. У гарадскім парку акцябраты размясцілі шпакоўні, дабрасумленна зробленыя сваімі рукамі. Піянеры сталі ініцыятарамі працоўнай акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Прыемна будзе адпачыць, прагульваючыся па чыстых сцежках парку, пад удзячны спеў птушак. А яшчэ прыемней адчуваць, што твае добрыя справы прынеслі карысць роднаму краю, роднай Навагрудчыне.

Т. АНІКЕВІЧ,
метадыст Навагрудскага ЦТДіМ.