Рамантыка вялікіх і малых дарог

- 11:00Выхаванне, Выхаваўчая работа

“Загарэлыя, стомленыя, з нацёртымі мазалямі, але задаволеныя, мы вяртаемся дадому”. Гісторыі настаўнікаў-энтузіястаў, якія кожнае лета адпраўляюцца з вучнямі ў паходы па родным краі. Якую мэту яны перад сабой ставяць і чаму не шкадуюць свайго часу на падарожжы?  

 

Зараду энергіі ад праведзенага на прыродзе часу хапае на цэлы год, запэўнівае Наталля Вячаславаўна Белая, настаўніца фізічнай культуры сярэдняй школы № 23 Барысава. 

— Самая першая мая вандроўка адбылася, калі мне было 10 гадоў. Мая хросная сабрала суседскіх дзетак прыкладна майго ўзросту, і мы на веласіпедах паехалі за горад у лясок, дзе гатавалі юшку з рыбных кансерваў, смак якой я памятаю і сёння, — усміхаецца суразмоўніца. — У 5 класе мы ўпершыню адправіліся ў паход з начоўкай ра­зам з класным кіраўніком, а ў 7 класе ў піянерскім лагеры я далучылася да воднага паходу на выратавальных плытах. Памятаю адчуванне бязважкасці, плыт мякка плыве па цячэнні, ім­жыць грыбны дожджык, мы размаў­ляем, вяслуем па чарзе, крута!

Наталля Вячаславаўна скончыла БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Фізічная культура і методыка арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы” ў 1999 годзе. На такі выбар паўплывалі яе школьныя настаўнікі фізічнай культуры — Васіль Васільевіч Дрозд і Віктар Антонавіч Ледвіг. Дарэчы, з апошнім яны зараз працуюць разам у роднай школе. А сама яна стала прыкладам для сваіх траіх дзяцей.

— Са старэйшым сынам і яго класам хадзілі ў паходы, сярэднюю дачку Ірыну брала з сабой з 5 класа. Зараз яна майстар спорту па тэхніцы пешага турызму, скончыла сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці “Спартыўнае арыен­таванне”. Яна дапамагае мне рыхтаваць дзяцей да раённых спаборніцтваў, з’яўляецца іх трэнерам на абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах. Малодшая Насця вучыцца ў 9 класе і таксама займаецца турызмам — смела садзіцца ў байдарку, упэўнена адчувае сябе ў велатрыяле, лю­біць пешыя падарожжы, — дзеліцца настаўніца.

Вандроўкі з Наталляй Вячаславаўнай могуць доўжыцца ад 2 да 9 дзён. Падарожнічаюць звычайна невялікімі групамі па 8—10 чалавек. Але бываюць выключэнні для выпускнікоў, калі ў вандроўку адпраўляюцца адразу два класы з бацькамі і класнымі кіраўнікамі. І потым пры сустрэчы яна чуе: “А памятаеце, як вы вадзілі нас у паход і пасвячалі ў турысты?”.

Гэта добрая фізічная нагрузка, а значыць — аздараўленне, загартоўка. Гэта прыгажосць прыроды — цішыня лесу, яго водары, журчанне вады ў рацэ і шум каласкоў у полі, спевы птушак. Гэта задавальненне ад пройдзенага маршруту, адкрыццё новых месцаў, гістарычных помнікаў.

З вучнямі 4—6 класаў настаўніца праводзіць паходы выхаднога дня, прычым не толькі летам, але і ў любую пару года. Гэта могуць быць пешыя падарожжы ці невялікія паездкі на веласіпедах. Наталля Вячаславаўна часта даручае вучням самім выбраць маршрут, пры гэтым адзначае, што да яе меркавання школьнікі прыслухоўваюцца. На погляд настаўніцы, паходы даюць столькі станоўчых момантаў, што нават пералічыць цяжка:

— Гэта добрая фізічная нагрузка, а значыць — аздараўленне, загартоўка. Гэта прыгажосць прыроды — цішыня лесу, яго водары, журчанне вады ў рацэ і шум каласкоў у полі, спевы птушак. Гэта задавальненне ад пройдзенага маршруту, адкрыццё новых месцаў, гістарычных помнікаў. Спосаб актыўнага адпачынку, займальны занятак… Усё гэта прымушае забыцца пра штодзённыя справы і супакойвае нервовую сістэму. 

Сёлета Наталля Вячаславаўна разам з дружнай кампаніяй з 10 чалавек адправілася ў пешы паход з Хатыні ў Барысаў. За 4 дні наведалі шмат памятных мясцін, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і вайной 1812 года. Атрымалі асалоду ад прыгажосці навакольнай прыроды, шмат станоўчых эмоцый ад зносін ля вогнішча з песнямі пад гітару. Для тых, хто ўпершыню далучыўся, правялі традыцыйны абрад пасвячэння ў турысты і дамовіліся сустрэцца наступным летам і зноў адправіцца ў паход.

Марына ЖДАНАВА.