Ранец рыхтуюць летам

- 15:06Адукацыйная прастора

Ужо зусім блізка восень, верасень, а разам з ім і новы навучальны год. Большасць школьнікаў разам з бацькамі пачалі старанную падрыхтоўку да школьных будняў. На Магілёўшчыне створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб бацькі мелі магчымасць загадзя сабраць дзіця ў школу.

— Сёлета ў вобласці школьныя кірмашы пачалі дзейнічаць з сярэдзіны ліпеня. Зараз працуюць 75 школьных кірмашоў. Дваццаць з іх пастаянна дзеючыя, пяцьдзясят пяць працуюць у выхадныя дні, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Вераніка Цітова. — Самы буйны школьны кірмаш у абласным цэнтры будзе працаваць з 1 па 31 жніўня. На ім задзейнічаны шэсцьдзясят суб’ектаў гандлю, якія прапануюць тавары, неабходныя для падрыхтоўкі да новага навучальнага года — ад канцылярскіх прылад і ранцаў да адзення дзелавога стылю і спартыўнага абутку, — дадала Вераніка Аляксандраўна.

Для больш патрабавальных бацькоў у абласным цэнтры і раённых гарадах арганізавана работа адпаведных гандлёвых кропак, а ў магазінах створаны спецыяльныя куткі для першакласнікаў і школьнікаў. Ажыятажу або дэфіцыту школьных тавараў не прадбачыцца.

У афіцыйных звестках пераконваюць непасрэдна гандлёвыя павільёны галоўнага школьнага кірмашу вобласці. Трапіўшы сюды, бацькі і дзеці, сапраўды, могуць купіць усё і адразу, хутка сабраўшы патрэбныя да школы рэчы. На кірмашы прадстаўлена школьнае адзенне, абутак, скургалантарэя, канцылярыя. Магчымасць выбару ёсць па мадэлях, матэрыялах, расфарбоўцы, відах тавараў. У асноўным прапануецца прадукцыя айчыннай вытворчасці. Але і імпартных рэчаў таксама дастаткова. Увогуле, асартымент тавараў вельмі вялікі. Пакупнікі робяць свой выбар, ацэньваючы суадносіны кошту і якасці.

Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама, зборы ў школу вучня малодшых класаў абыдуцца бацькам у 240—450 рублёў. На падрыхтоўку старшакласнікаў прыйдзецца выдаткаваць крыху больш сродкаў — 315—590 рублёў. Калі ў сям’і некалькі навучэнцаў, неабходныя пакупкі становяцца адчувальнымі для бацькоўскага бюджэту. Па гэтай прычыне гандлёвыя арганізацыі праводзяць акцыі сацыяльнай накіраванасці.

— На набыццё школьных тавараў прымяняюцца мінімальныя надбаўкі, прадастаўляюцца скідкі, а таксама прапануецца пакупка ў растэрміноўку і крэдыт. У жніўні ў гандлёвай сетцы раённых спажывецкіх таварыстваў будзе праведзена акцыя “Школьны бум”, падчас якой на ўвесь асартымент школьных тавараў будуць дзейнічаць скідкі да 15 працэнтаў. Акрамя гэтага, пакупнікам будуць аказвацца такія дадатковыя паслугі, як раскамплектоўка касцюмаў і камплектаў, — паведаміла Вераніка Цітова.

Адметна, што прадугледжаны і іншыя віды падтрымкі сем’яў у перыяд збораў у школу. На працягу жніўня ў вобласці арганізавана дабрачынная акцыя “У школу — з радасцю”. Яе мэта — дапамагчы бацькам-выхавальнікам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмным, замяшчальным сем’ям сабраць дзяцей у школу. Акрамя таго, малазабяспечаныя і мнагадзетныя сем’і змогуць звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе пры прадастаўленні пэўных дакументаў атрымаюць сацыяльную адрасную дапамогу.

Такая падтрымка з боку дзяржавы, несумненна, дапаможа бацькам паўнавартасна падрыхтаваць сваіх дзяцей да новага навучальнага года.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.