Рарытэты ад куцюр

- 13:14Прафесіяналы

Вясковы куцюр’е — менавіта так жартам называюць Аляксандра Галкоўскага з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, што ў яго ёсць багатая калекцыя рарытэтных рэчаў, ён і сам стварае ўборы, якія былі папулярныя ў XVIII—XIX стагоддзях. Яго калекцыі аўтэнтычнага адзення не раз экспанаваліся на выставах у Клімавічах, Магілёве, Мінску, Маскве. Мы зазірнулі ў госці да Аляксандра Мікалаевіча, каб натхніцца старадаўнім стылем, любоўю да даўніны і жаданнем перанесці яе ў будучыню.

Падарожжа ў часе ля куфраў

Экскурс у мінулае Аляксандр Мікалаевіч пачынае каля некалькіх куфраў і шафы, якая дасталася яму ад прапрабабулі. Калі пачаў цікавіцца адзеннем, жыццём продкаў, ён не памятае, бо ўсё гэта было ў яго жыцці з маленства.

— Мае бацькі шмат працавалі, таму я больш жыў з бабуляй, стараўся ёй ва ўсім дапамагаць. І рабіў усё тое, што рабіла яна. Для мяне кросны былі часткай дзяцінства. У адной з маіх сваячак была вялікая хата і кросны, таму ў яе часта збіраліся некалькі вясковых жанчын, спявалі падчас работы. І там заўсёды быў і я. Для мяне гэтая карціна — самая запамінальная з дзяцінства. Збіраць рэчы наўмысна я ніколі не збіраўся — проста рэчы назапашваліся, іх аддавалі цёткі, бабулі, прабабулі… Для нас гэта не экспанаты — мы з жонкай карысталіся гэтай вопраткай, апраналі яе на святы. Карыстаемся і сёння, у нас шмат спадніц, андаракаў, кашуль і г.д. Надоўга яшчэ хопіць тканых абрусоў, посцілак, коўдраў. Але сярод гэтых рэчаў быў і радавы ручнік, прабабуліна хустка і іншыя самабытныя рэчы. Колькі ім гадоў, цяжка сказаць дакладна, але дзесьці каля ста. Я іх аддаў у акадэмію навук, каб яны змаглі іх даследаваць.

Як жа ў вёсцы без валёнкаў?

Усяго ў Аляксандра Мікалаевіча захоўваецца каля 200 кашуль, сарафанаў, сукенак, андаракаў і інш. Канечне, не такі, але таксама багаты гардэроб быў некалі ў кожнай хаце. Ён мяняўся на працягу жыцця ў залежнасці ад статусу і ўзросту гаспадароў, ад іх змен у жыцці — як добрых, так і дрэнных. І на кожны выпадак у нашых бабуль і дзядуль былі свае рэчы, кожны прадмет адзення меў сваё прызначэнне. Пра гэта, гаворыць гаспадар, можна было “прачытаць” па ўзорах на адзенні. Дастаючы адну за адной рэчы, ён тлумачыць:

— Гэтая галаплечка — жаночая сарочка. Гэтая сукенка — самасінька. Гэтая намётка — хустка на галаву. Кожны ўзор на іх мае сваё значэнне. Узяць для прыкладу фартухі. Маладыя дзяўчаткі маглі сваім вышытым арнаментам сказаць “не чапай мяне”. Незамужнія дзяўчаты вышывалі лініі жыцця, якія ідуць уверх, і тым самым казалі: “Да замужжа гатова”. Замужнія жанчыны шыфрам на сваім фартуху маглі не толькі абвясціць, што сталі маці, але і нават сказаць пол дзіцяці. Увогуле, фартух быў вельмі важным элементам гардэробу ў кожнай жанчыны. Былі і вясельныя фартухі, і для сталых жанчын, і для маладых. Калі ў маці было шмат дачок, яна аздабляла свой фартух расшыўкай і абавязкова карункамі, а калі ў жанчыны заканчваўся дзетародны перыяд, яна такія фартухі ўжо не насіла, а апранала простую “сялянку”.

Акрамя стварэння і калекцыяніравання старадаўняга адзення, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі яшчэ і краязнавец, калекцыянер керамікі (гарлачыкаў у яго каля ста штук, некаторым каля стагоддзя), рамеснік, захавальнік былін, паданняў, павер’яў беларуска-расійскага памежжа, ведае больш за тысячу прыказак і прымавак.

І паясы маюць галасы

Асаблівая любоў у Аляксандра Мікалаевіча да паясоў. Іх у яго было больш за тысячу, але шмат разышлося на падарункі. Некаторыя з іх засталіся ў спадчыну ад яго родных, але большую частку калекцыі ён выткаў сам. Майстар сам узнавіў старадаўнюю клімавіцкую методыку пляцення паясоў, навучыў гэтаму ўсю сям’ю. Па словах Аляксандра Мікалаевіча, клімавіцкае пляценне адлюстроўвае гісторыю, якая бярэ пачатак ажно з язычніцкіх часоў. Гэта адчуваецца і ў колерах, і ў спалучэннях, і ў сімвалах.

— Па ўзорах і колеры пояса можна даведацца, багаты яго ўладальнік або бедны, колькі ў яго сыноў, а колькі дачок, чым ён займаецца. Так, блакітны колер пераважаў на поясе ў рыбака, а зялёны — у таго, хто меў свой лес, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Гаварылі паясы і пра тое, для чаго яны прызначаны, бо яны былі на ўсе выпадкі жыцця: вясельны, радзільны, спавівальны, пахавальны… Мела значэнне і тое, як іх насіць. Калі вузел палажу налева — скажу дзеўкам, што я халасты, калі направа — жанаты, вузел пасярэдзіне жывата вязалі ўдаўцы.

З дачкой Дар’яй і ўнучкай Насцяй.

Свае паясы Аляксандр Мікалаевіч неяк прадстаўляў на выставе ў Маскве ў Дні Беларусі.

Бягуць гады, стагоддзі, а творчая дынастыя не перарываецца. Для майстра гэта натуральная справа — працяг сямейнай справы. Гэтая творчая дынастыя бярэ свой пачатак ад бабуль і прабабуль. Бабуля па маці яшчэ пры цары вучылася на курсах кройкі і шыцця, а бабуля па бацьку славілася на ўсю акругу сваімі хусткамі. Добра шыла і маці Аляксандра Галкоўскага, асабліва ўдаваліся ёй мужчынскія кашулі. Прасці даматканыя паясы ўмее і дачка Дар’я, якая шмат гадоў працавала ў Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеі, а нядаўна пакінула там дырэктарскую пасаду, бо пераехала. З дзяцінства ўмеюць ткаць паясы і сыны. Па-заліхвацку ткуць узоры на паясах і ўнучкі майстра — 13-гадовая Насця і 10-гадовая Вера. Цяпер многае з навукі шыфраў на паясах асвоілі нават іх аднакласнікі і настаўнікі. І галоўнае, што для ўсіх гэтая справа была і застаецца па душы.

Прасці на калаўроце — звычайная справа і ў нашы дні.

Талентаў многа не бывае

У доме Галкоўскіх ніколі не бывае сумна. Кожныя выхадныя сюды  з’язджаюц­ца дзеці, унукі, даўнія сябры, каб дапамагчы гаспадарам і атры­маць асалоду ад сялянскага жыцця, зазір­нуць у мінулае. Тым больш што акрамя старадаўняга адзення, гаспадар мае багатую калекцыю ганчарных вырабаў. Кераміку ў сям’і збіраюць ужо больш за 20 гадоў, ёсць нават посуд, якому каля стагоддзя. Ёсць у майстра і старадаўняя кашэль — дзве плеценыя з лазы скрыні, якія састаўляліся адна ў адну і насіліся за спінай.

Аляксандр і Людміла Галкоўскія трымаюць вялікую гаспадарку: тры каровы, цяляты, конь, каля ста авечак, розную свойскую птушку. Галкоўскі — вядомы ў акрузе шапавал. З аўчыны робіць валёнкі, пра­дзе нітку, а яго жонка Людміла вяжа шкарпэткі, рукавіцы, світары, коўдры. Акрамя таго, ён яшчэ і пчаляр у некалькіх пакаленнях. Мае больш за 60 вулляў. Большасць з іх ён зрабіў сам, а некалькі пчаліных хатак перайшлі Аляксандру Мікалаевічу ў спадчыну яшчэ ад прадзеда. Аднаму з вулляў ужо 105 гадоў! А пару гадоў назад Аляксандр Мікалаевіч купіў унікальны рарытэт — старадаўняе прыстасаванне для качання вашчыны.

Такая вялікая гаспадарка не пускае гаспадара ад сябе надоўга і далёка. Напрыклад, з-за гэтага ён адмовіўся паехаць за мяжу, куды яго клікалі на Міжнародны конкурс фалькларыстаў. Збіраць і расказваць мясцовыя легенды, паданні — гэта яшчэ адна любімая справа А.М.Галкоўскага. Ён нават дапамагаў выдаваць зборнікі фальклору. Пра А.М.Галкоўскага, яго любоў да сям’і, вёскі, працы, традыцый напісала сваю кнігу “Атожылкі” горацкая паэтэса Лідзія Мініч, яго сваячка.

Акрамя таго, у Аляксандра Мікалаевіча выдатны голас. Ён прымаў удзел у розных творчых фестывалях — ад раённых да міжнародных, у міжнародных форумах даследчыкаў беларускай казкі, якія ладзіліся ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і ў Міжнародным сімпозіуме “Музычная карта свету”, на які былі запрошаны даследчыкі і носьбіты традыцый з розных куткоў свету.

Сямейныя традыцыі захоўваюць і дзеці Галкоўскіх. Малодшы Аляксандр — навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Старэйшы Захар — разьбяр па дрэве і метале. Дачка Дар’я загадвала Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеем. Усе яны дапамагалі бацьку збіраць рарытэты для хатняй калекцыі, якая ўжо пераўзышла музейныя.

Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі дапамог дачцэ рэканструяваць у музеі вясельны абрад — з усімі старадаўнімі традыцыямі, з жывымі песнямі ў выкананні мясцовых жанчын, з шурхаламі на конях — гэтыя старадаўнія гучныя бразготкі сталі яго гордасцю. Спецыяльна для гэтага абраду для маладых Аляксандр Мікалаевіч пляце пута (і “дорыць пута, каб нявеста была тута”), а Дар’я тчэ вясельны пояс і звязвае ім рукі. І сёння праект “Вяселле ў музеі” праводзіцца для маладых Клімавіцкага раёна.

Аляксандр Мікалаевіч яшчэ і стараста вёскі. Ён заўсёды словам і асабістым прыкладам заклікае аднавяскоўцаў, пакуль ёсць сілы, жыць і працаваць напоўніцу і ніколі не забываць сваю гісторыю, сваё мінулае. Некалькі гадоў назад на ўскрайку вёскі ён сам паставіў абеліск салдатам-чырвонаармейцам, якія вызвалялі вёску Судзілы ў складзе Бранскага фронту і не вярнуліся з вайны. Ідэя і ўвасабленне — Аляксандра Мікалаевіча Галкоўскага. Каб паставіць гэты помнік, ён прадаў карову. На такую справу яму грошай не шкада, бо ён упэўнены: толькі ў тых, хто памятае мінулае, ёсць будучыня.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з уласнага архіва А.М.Галкоўскага.