Расія: чаму адстае расійская школа?

- 11:57Паралелі, Рознае

Падчас Сусветнага саміту па інавацыях у сферы адукацыі WISE-2014, які прайшоў нядаўна ў Катары, былі прааналізаваны асноўныя сучасныя і перспектыўныя трэнды сусветнай адукацыі. Некаторыя высновы саміту і месца Расіі ў сусветным адукацыйным працэсе спрабуе прааналізаваць “Московский комсомолец”.

“Галоўны настаўнік сённяшняга дзіцяці — яго мабільнік, бо там Google, якому ён так верыць”, — так абмаляваў сітуацыю ў адукацыі адзін з катарскіх бацькоў, але пад яго словамі можа падпісацца любы. Яно і зразумела.
“Свет змяніўся настолькі, што адукацыя аказалася на раздарожжы: менавіта цяпер вызначаюцца глабальныя выклікі і шляхі яго развіцця на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі”, — заявіў, адкрываючы Сусветны саміт па інавацыях у сферы адукацыі WISE-2014, яго старшыня, доктар філасофіі, шэйх Абдула бен аль-Тані.
Вызначыць новыя сусветныя выклікі і трэнды атрымалася даволі хутка. З аднаго боку, дэматывацыя дзяцей да вучобы. З другога — стаўка на крэатыўную школу, якая рыхтуе будучых прафесіяналаў з ярка выяўленым творчым складнікам. Карацей, ключавым словам у адукацыі на найбліжэйшую будучыню становіцца крэатыў з усімі яго вытворнымі. Тут усё зразумела. Складаней зразумець, як гэтага дасягнуць.
Школа — галоўны вораг крэатыву?
Дзве трэція вядучых экспертаў свету, якія сабраліся ў Досе, лічаць, што цяперашняя школа забівае крэатыўнасць дзяцей. Пры гэтым галоўнай перашкодай для крэатыўнасці большасць (37%) назвала занадта вялікія часавыя затраты на падрыхтоўку школьнікаў да тэстаў. Другая па колькасці група (28%) вінаваціць кіраўніцтва школ, якое рэдка адабрае крэатыўнасць настаўнікаў з-за боязі звязанай з ёй рызыкі, 20% — саміх настаўнікаў, а 13% — празмерную абавязковасць школьнай праграмы. Яшчэ 2% лічаць, што крэатыўнасць школы нікому не патрэбна.
Цікава, што самым эфектыўным спосабам матывацыі настаўніка да крэатыўнасці пераважная большасць — 56% — назвала не павелічэнне зарплаты (за гэты шлях выказаліся 22%), а большы давер да настаўніка і свабоду эксперымента на ўроку. Важна таксама, што кожны дзясяты эксперт настойвае на скарачэнні аб’ёму тэстава-ацэначных работ і нарошчванні зваротнай сувязі вучня з настаўнікам на аснове педагагічных назіранняў. Гэты шлях, як аказалася, апрабуюць ужо многія краіны. І толькі Расія рухаецца ў процілеглым кірунку.
“Апошнія 20 гадоў мы рухаліся не туды і выхоўвалі ў дзецях няслушныя навыкі, — адкрыў дыскусію аўтар бестселера “Як дзеці дасягаюць поспеху” Пол Тот (ЗША). — Роля індэкса IQ і тэсціравання ў цэлым неймаверна раздутая: важней крэатыўнасць і дапытлівасць дзіцяці, самастойнасць і самакантроль, аптымізм і сацыяльныя навыкі”. Гэтая выснова зроблена не на пустым месцы. Пілотны праект у дзвюх школах Нью-Ёрка пацвярджае: дзеці, лёгка рашаючы тэсты, часта не здольны процістаяць цяжкасцям у вырашэнні жыццёвых праблем. Так што сёння пры ўсёй важнасці акадэмічнага складніка галоўная задача настаўніка, па-першае, навучыць дзяцей вучыцца, а па-другое, спраўляцца з няўдачамі, узброіць іх жыццёвай стратэгіяй быць пераможцам, а не ахвярай. Не варта, на думку П.Тота, перабольшваць і ролю электронных адукацыйных тэхналогій: “Яны карысныя, але вельмі ўскладняюць педагагічнае ўздзеянне на вучня і працэс яго выхавання”. І зноў адчуванне, што Расія ідзе не туды: нашы чыноўнікі ад адукацыі перш за ўсё даюць справаздачу аб закупках электронных дэвайсаў і размаху дыстанцыйнай адукацыі.
Толькі тры гады назад тагачасны кіраўнік Мінадукацыі і навукі Андрэй Фурсенка абвясціў, што наша сістэма адукацыі павінна рыхтаваць дасведчаных спажыўцоў у адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. А вось эксперт Гарвардскай лабараторыі інавацый Тоні Вагнер (ЗША) заявіў: “Сучасная школа павінна гадаваць не будучых спажыўцоў, а крэатыўшчыкаў”.
“У свеце адбыліся фундаментальныя змены, і патрэбны людзі, здольныя прыдумаць нешта новае, адкрыць новыя магчымасці і прынцыпова новыя шляхі вырашэння праблем. Добрую палову работадаўцаў цікавіць не дыплом прэтэндэнта на працоўнае месца, а тое, што той умее і ці можа працаваць у камандзе. Мы перайшлі да інавацыйнай мадэлі, а значыць, у першую чаргу школа павінна заахвочваць дапытлівасць дзіцяці. Менавіта гэта, а не простая перадача ведаў з’яўляецца сёння галоўнай мэтай школы. І пад яе сёння трэба рыхтаваць настаўнікаў і новыя праграмы, бо крэатыўнаму падыходу да жыцця трэба вучыць з дзяцінства. У адваротным выпадку ўжо да 12 гадоў дзеці разумеюць, што трэба не задаваць настаўніку пытанні, а даваць правільныя адказы. А калі падрастуць, то калі і вынайдуць нешта, то не дзякуючы, а насуперак навыкам, якія атрымалі ў школе”, — сказаў ён.
“Свет цяпер мае патрэбу не ў тых, хто шукае работу, а ў тых, хто стварае працоўныя месцы”, — канстатаваў кіраўнік міжнароднага фонду Creativity, Culture and Education Пол Коллард (Вялікабрытанія). — Таму галоўнае — выхаванне ў навучэнцаў крэатыўнасці, дапытлівасці, уяўлення, зацятасці, умення працаваць у камандзе, самадысцыпліны. Гэта, дарэчы, і лепшы шлях матывацыі да вучобы, бо цікава вучыцца, а не хуліганіць на ўроку, толькі калі дзеці фізічна, маральна і інтэлектуальна ўцягнуты ў адукацыйны працэс. Той, хто спіць на ўроку, не засвоіць нічога, а той, хто там пакутуе ад нуды, — амаль нічога!”
Добрым прыкладам з’яўляецца Фінляндыя. У апошні час гэтая маленькая краіна стала прызнаным сусветным лідарам адукацыі. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што адукацыю тут лічаць галоўным фактарам дабрабыту чалавека. Зрэшты, і дзяржавы таксама.
“Кожны еўра, укладзены ў адукацыю дашкольніка, прыносіць сем, — падзялілася адукацыйнай арыфметыкай сваёй краіны міністр адукацыі і камунікацый Фінляндыі Крыста Кіуру. — Такім чынам, укладанні ў адукацыю — гэта абавязкова ўкладанне ў эканоміку. Проста гэта не заўсёды ляжыць на паверхні. Напрыклад, дзіцячыя садкі паляпшаюць кагнітыўныя магчымасці на 87%. Таму мы, гаворачы аб адукацыі, маем на ўвазе не толькі школу, а ўвесь ланцужок, пачынаючы з дзіцячага садка”.
Мэта “дашколкі” ў Фінляндыі, па яе словах, “з аднаго боку, навучыць дзяцей вучыцца, а з другога — разумець пачуцці іншых людзей, супрацоўнічаць адно з адным, быць часткай грамадства. Пры гэтым мы лічым прынцыпова важным пакідаць ім дастаткова часу для самастойных, без удзелу дарослых, заняткаў і гульняў”.
А вось пра школьнае навучанне. “Мы пачалі рэформу адукацыі з-за таго, што навучанне насіла занадта акадэмічны, адцягнены характар, а эканоміцы не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Другой мэтай стала стаўка на крэатыўнасць і навучанне асновам прадпрымальніцтва”, — расказаў “МК” выканаўчы дырэктар фінскай няўрадавай арганізацыі Me and MyCity Томі Алакоскі.
Спачатку, прызнаўся ён, многія не верылі, што новы падыход пойдзе на карысць, і хоць відавочна ніхто не супраціўляўся, быў вялікі скепсіс. Але з настаўнікамі і бацькамі папрацавалі, педагогі прайшлі перападрыхтоўку ва ўніверсітэтах. Пасля да супрацоўніцтва са школай падключыліся прадпрымальнікі, зацікаўленыя ў падрыхтоўцы будучай працоўнай сілы, і ўсё закруцілася.
Пілотны праект па ўвязцы тэарэтычных ведаў з практыкай пачаўся ў 2010 годзе і праз чатыры гады прынёс першы плён. Настаўнікі ўцягнуліся, а школьнікі са здзіўленнем выявілі, што, скажам, матэматыка — не толькі цікавы, але і неабходны прадмет, кім бы ў дарослым жыцці яны ні сталі — бізнесменамі або наёмнымі работнікамі. Зараз на чарзе новая праблема: дзеці, па словах Т.Алакоскі, не ведаюць, куды ісці пасля школы, і ім трэба дапамагчы з выбарам.
Правесці індывідуальную работу з кожным школьнікам у Фінляндыі рэальна. Напрыклад, у Хельсінкі ў школе ў сярэднім па 400 навучэнцаў: у малодшых класах менш за 20 чалавек, а ў старшых — па 25. У фінскім дзіцячым садку прыпадае па 8 выхаванцаў на аднаго выхавальніка. Ды і ў цэлым на адукацыі не эканомяць — на гэтую сферу ідзе да 30% даходаў ад падаткаў. І гэта прынцыповы момант.
Зразумела, што выдзяленне сродкаў ва ўмовах эканамічнага крызісу — пытанне няпростае, а калі сітуацыя пагаршаецца іншымі фактарамі, як у Расіі, — тым больш. Аднак існуюць аб’ектыўныя паказчыкі фінансавання адукацыі ў краінах, зацікаўленых у інтэлектуальным развіцці нацыі.
Па ацэнцы кіраўніка міжнароднай арганізацыі “Глабальнае партнёрства ў галіне адукацыі” Эліс Олбрайт, “для нармальнай работы сістэмы адукацыі краіна павінна ўкладваць у яе каля 6% ВНП, або 20% нацыянальнага бюджэту”. Для Расіі з яе нядаўнімі 4,5% ВУП на адукацыю, а ў 2015 годзе, як плануецца, і з 4,1% — гэта нязбытныя мары. Іншыя сусветныя трэнды, пра якія гаварылася ў Досе, на шляху руху расійскай адукацыі таксама не назіраюцца. Можа быць, нам больш патрэбна не крэатыўнасць, а аднастайнасць?