Расія: школьныя атэстаты будуць выдаваць без АДЭ

- 13:57Паралелі

Дзярждума прыняла ў трэцім чытанні закон, дзякуючы якому Урад Расійскай Федэрацыі зможа прыняць рашэнне аб выдачы школьных атэстатаў без Адзінага дзяржаўнага і Асноўнага дзяржаўнага (атэстацыя за 9 гадоў навучання) экзаменаў на падставе гадавых школьных адзнак.

“І дзеці, і бацькі сёння бу­дуць ведаць, што пры любым варыянце развіцця падзей гэта не бу­дзе стратны год, гэтыя праблемы будуць вырашаны”, — падкрэсліў кіраўнік камітэта Дзяржаўнай Думы па бюджэце і падатках Андрэй Макараў.

Папраўкі прыняты ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Дакумент тычыцца адукацыйных праграм асноўнай агульнай і сярэдняй агульнай адукацыі.

Акрамя таго, ураду даюцца паўнамоцтвы па размеркаванні ВНУ дадатковых бюджэтных месцаў, якія прадастаўляюцца за кошт федэральнага бюджэту.

Раней Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў, што АДЭ па ўсёй Расіі пачнецца 29 чэрвеня, яго будуць здаваць толькі тыя, хто збіраецца ў бягучым годзе паступаць у ВНУ.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.