Напярэдадні Дня Перамогі ў яслях-садзе № 2 Круглага прайшоў тэматычны тыдзень “Раскажыце дзецям аб вайне!”, мэтай якога было фарміраванне патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў, выхаванне павагі да ветэранаў вайны, салдат, якія абараняюць нашу Радзіму.
На працягу тыдня выхавальнікі праводзілі з дзецьмі тэматычныя гутаркі “Радзіма-маці кліча”, “Брэсцкая крэпасць”, “Дзеці — героі вайны”, арганізавалі выставу сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей на тэму “Гэты Дзень Перамогі!”. Каб выхаванцы сада даведаліся пра гісторыю часоў Вялікай Айчыннай вайны, ва ўсіх узроставых групах былі аформлены адпаведныя куткі баявой славы. Экспанатамі сталі фотаздымкі ваенных гадоў, экспазіцыі ваеннай тэхнікі, баявыя ўзнагароды, тэматычныя папкі, альбомы, якія дапамагалі збіраць бацькі. Дзеці з цікавасцю разглядалі выставы, задавалі пытанні, слухалі аповеды педагогаў аб тым, калі і чаму пачалася вайна, як нялёгка дасталася нашай краіне Вялікая Перамога, пра герояў вайны, пра подзвігі дзяцей у ваенны час. Напярэдадні Дня Перамогі дашкольнікі даведаліся шмат цікавага з гераічнага мінулага нашай Радзімы.
Адной з яркіх падзей тыдня стала ўрачыстае свята “Дзякуй за мірнае неба!”, на якое быў запрошаны ветэран ВАВ Анатоль Фёдаравіч Лукашэвіч. Дашкольнікі, затаіўшы дыханне, слухалі госця, які расказваў аб ваенных гадах, разглядалі яго заслужаныя ўзнагароды. Выхаванцы сярэдняй і старшай груп з вялікім задавальненнем выконвалі для ветэрана і ўсіх прысутных патрыятычныя песні, чыталі вершы, танцавалі пад музыку ваенных гадоў. Падчас свята дзеці таксама пабывалі на віртуальнай экскурсіі па музеі Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых салдат.
Уражанні ад праведзеных мерапрыемстваў, несумненна, застануцца ў дзіцячай памяці на доўгі час. Наш педагагічны калектыў упэўнены: чым больш мы знаёмім дзяцей з гісторыяй нашай краіны, тым большая верагоднасць таго, што падрастаючае пакаленне не забудзе пра подзвігі прадзедаў і перадасць эстафету памяці сваім дзецям і ўнукам.
Галіна АТРАШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Круглага.