У год стагоддзя беларускай міліцыі вучні прававога класа сярэдняй школы № 2 Скідзеля з мэтай знаёмства з гісторыяй развіцця праваахоўных органаў наведалі музей Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Мінску.
4 сакавіка 1917 года загадам грамадзянскага каменданта Мінска першым начальнікам гарадской міліцыі быў прызначаны Міхаіл Фрунзэ. З тых часоў гэты дзень лічыцца датай стварэння беларускай міліцыі.
Калі мы зайшлі ў музей, то нібы апынуліся ў машыне часу, якая дазволіла трапіць у часы Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўжо былі людзі, якія займаліся аховай грамадскага парадку. Па дарозе ў сучаснасць мы трапілі ў часы Расійскай імперыі, у якой за парадкам сачыў гарадавы, затым перамясціліся ў часы савецкай улады, калі з’явіліся міліцыянеры, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльскай аварыі. У кожным з гэтых перыядаў былі свае героі, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.
Вучням вельмі спадабаліся васковыя фігуры, на якіх яны ўбачылі абмундзіраванне розных эпох; сярэднявечны прататып сучаснай сірэны, прылады кляймення злачынцаў, першае жазло рэгуліроўшчыка (яшчэ не паласатае); клішэ для вырабу фальшывых долараў, узнагароды, сапраўдныя і рэканструяваныя ўзоры зброі XI—XX стст.
Жывую цікавасць у нас выклікалі экспанаты, якія распавядаюць пра будні сучаснай міліцыі. Вучні мелі магчымасць прымерыць некаторыя дэталі экіпіроўкі байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Хлопцаў зацікавілі рэтраўзоры міліцэйскай аўтамабільнай тэхнікі, выстаўленыя каля будынка музея.
Багатая займальнымі фактамі і эпізодамі гісторыя міліцыі выклікала ў вучняў жаданне звязаць сваё прафесійнае жыццё з праваахоўнымі органамі.
Алена МУЗЫКА,
класны кіраўнік прававога класа сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскага раёна.