“Равеснік” для равеснікаў

- 13:04Нам пішуць

Чацвёртая змена ў загарадным аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Равеснік”, размешчаным у вёсцы Старое Забалацце Маларыцкага раёна, прайшла надзвычай цікава і запамінальна. На працягу 18 дзён 39 хлопчыкам і дзяўчынкам з Маларытчыны і Брэста не было калі сумаваць. Дух бестурботнасці, весялосці і прыўзнятага настрою панаваў тут усю змену.

– Пра гэта паклапаціўся педагагічны атрад, які сёлета ў лагеры працаваў упершыню па ініцыятыве райкама БРСМ, – расказвае начальнік лагера Таццяна Стасюк. – Змена атрымалася для ўсіх цёплай у прамым і пераносным значэнні. Гэтаму спрыяла не толькі спякотнае жнівеньскае надвор’е, але і цеплыня сэрцаў тых, хто адпачываў і працаваў у летніку. Далікатныя, тактоўныя, шчырыя, прыветлівыя, адказныя, ініцыятыўныя – гэта ўсё яны, выхавальнікі: Дар’я Анішчук, Таццяна Гаргун, Таццяна Гаркаўчук, Раман Гардзійчук, Максім Сезік, Ірына Піпко і Таццяна Нікіцюк. Яны штодзень імкнуліся зрабіць адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак цікавым і змястоўным, пагрузіць іх у цудоўны і непаўторны свет дзяцінства.

– Кожны дзень меў тэматычную накіраванасць, – гаворыць старшая выхавальніца лагернай змены, педагог Лукаўскага дзіцячага сада Дар’я Анішчук. – Рэжым дня быў спланаваны так, што пасля аднаго мерапрыемства адразу пачыналася другое. Так, шмат станоўчых эмоцый выклікалі дні знаёмстваў, казачных герояў, прыгажосці, Беларусі, мужнасці, жаданняў і самакіравання, падчас якіх кожны выхаванец мог раскрыць свае здольнасці. Для дзяцей праводзіліся гульнявыя і забаўляльныя праграмы, розныя тэматычныя гутаркі, рухомыя гульні, віктарыны, сустрэчы, круглыя сталы, турніры па футболе і валейболе, спартыўныя эстафеты і інш. Акрамя таго, былі зладжаны аперацыя

“Утульнасць”, працоўныя дэсанты, дыскатэкі і конкурсы “Міс лагера” і “Містар лагера”.

Некаторыя выхавальнікі працуюць у “Равесніку” ўжо не першы год. Сярод іх – студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Таццяна Гаргун.

– У гэтым лагеры я працавала і летась, – расказвае дзяўчына. – Змена запомнілася пазітывам і творчай атмасферай, створанымі намаганнямі начальніка лагера Таццяны Мікалаеўны Стасюк. Хто аднойчы пабываў у летніку, той ужо не можа не прыехаць сюды яшчэ раз. Таму ў маіх планах на наступны год пабываць у “Равесніку” зноў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктарапа вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.