Разам, адной камандай

- 11:05Віцебшчына

У чорных кіцелях з бліскучымі гузікамі і чырвонымі пагонамі, з медалямі на грудзях, у белых сарочках з чорнымі гальштукамі, у чырвона-чорных фуражках, белых пальчатках, з сур’ёзнымі тварамі, ідэальнай выпраўкай і начышчаным да бляску абутку — так сустракаў удзельнікаў прэс-туру разлік барабаншчыкаў Віцебскага кадэцкага вучылішча, які ў момант наведвання журналістамі ўстановы адукацыі адпрацоўваў на пляцы элементы парада з нагоды апошняга званка. Яшчэ юнакі, а ўжо сапраўдныя мужчыны… Такім было першае ўражанне ад сустрэчы з кадэтамі. Гэтае ўражанне не аказалася падманлівым.

Кожны тата жадае, каб яго сын вырас мужным, адказным, сумленным чалавекам, сапраўдным мужчынам. Аднак мужчынскае выхаванне — справа надзвычай складаная. Самы эфектыўны спосаб — быць прыкладам для сына. Аднак хто гарантуе, што на пэўным этапе сталення хлопчыка ты не зробіш памылку? Педагогі Віцебскага кадэцкага вучылішча такіх памылак не дапускаюць, тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы. У спецыялізаванай установе адукацыі створаны ўсе ўмовы, каб падлетак вырас мужным, адказным, сумленным, эрудзіраваным маладым чалавекам — адным словам, сапраўдным мужчынам.

Аднак што мы ўсё пра хлопцаў ды пра хлопцаў? Дзяўчаты таксама вучацца ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Мужнасць, адказнасць, сумленнасць, эрудзіраванасць — гэтымі якасцямі, пагадзіцеся, варта валодаць і дзяўчатам. Ды і форма ў кадэтаў прыгожая, што таксама з’яўляецца не апошняй прычынай, чаму дзяўчынка марыць стаць кадэтам. Такой амаль сакрэтнай інфармацыяй падзяліліся кадэты Алеся Пяткевіч, Юлія Хамякова, Настасся Галай, якія правялі для журналістаў экскурсію па музеі кадэцкага вучылішча. Дарэчы, у 2017/2018 навучальным годзе з 280 кадэтаў вучылішча налічвалася 80 дзяўчат. А вось што прыцягвае педагогаў працаваць у кадэцкім вучылішчы, паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Іосіфаўна Васільева:

— Да нас прыходзяць вучыцца мэтанакіраваныя дзеці. Кожны імкнецца атрымаць добрыя адзнакі, бо ведае, што ад гэтага залежыць яго паступленне і далейшая вучоба ва ўстановах вышэйшай адукацыі ваеннага профілю. А з такімі мэтанакіраванымі дзецьмі любому настаўніку цікава працаваць. Сярод кадэтаў мы самі вучымся, прафесійна развіваемся. Наша ўстанова створана ў 2011 годзе на базе Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Адукацыйны працэс у вучылішчы накіраваны на стварэнне ўмоў для ваенна-прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, фарміравання ў іх гатоўнасці да службы ва Узброеных Сілах, дзяржаўных органах сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Кадэцкае вучылішча рэалізоўвае профільную падрыхтоўку і забяспечвае высокі ўзровень падрыхтоўкі, неабходны выпускнікам для працягу навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Вучэбны і выхаваўчы працэс Віцебскага кадэцкага вучылішча істотна адрозніваецца ад сістэмы работы гарадскіх школ і гімназій. Так, з 8 класа вучэбным планам прадугледжана вывучэнне прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка”, а з кадэтамі 8 і 10 класаў пасля заканчэння навучальнага года праводзяцца 5-дзённыя вучэбна-палявыя зборы на базе 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. У 10-х класах адкрыты профільныя групы, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка, фізіка, замежная мова. А для поўнага задавальнення адукацыйных запытаў і патрэб навучэнцаў адкрыты факультатыўныя заняткі па розных вучэбных прадметах.

Выдатным паказчыкам прафесіяналізму педагогаў вучылішча з’яўляюцца вынікі ўдзелу кадэтаў у алімпіядах. За 6 гадоў пераможцамі III этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі 64 кадэты, а заключнага этапу — 18 кадэтаў. Так, у 2017/2018 навучальным годзе на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве быў заваяваны адзін дыплом І ступені і два дыпломы ІІІ ступені. Гэтыя дасягненні ў многім з’яўляюцца заслугай настаўніка грамадазнаўства Аляксандра Афанасьевіча Грыгор’ева. На яго занятках дзеці не толькі вывучаюць законы грамадства, але і абмяркоўваюць актуальныя жыццёвыя пытанні. Гэта сапраўдныя ўрокі жыцця.

Значныя дасягненні ёсць і ў выхаваўчай рабоце. Так, на конкурсе-фестывалі кадэцкай сцэнічнай творчасці “Гонар і пакліканне”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, дыпломы ІІ ступені заваявалі Артур Макарэвіч у намінацыі “Вакал” і Арына Паваротная ў намінацыі “Дэкламацыя”. Першае месца на VIII фестывалі патрыятычнай песні “Чырвоны гваздзік” у Магілёве сярод навучэнцаў кадэцкіх вучылішчаў, сярэдніх агульнаадукацыйных і спецыяльных навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь таксама заняў старшы віцэ-сяржант узвода 11 “А” класа Артур Макарэвіч. Віцебскія кадэты рэгулярна становяцца прызёрамі конкурсаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а па выніках грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, якая традыцыйна праходзіць восенню на базе НДЦ “Зубраня”, за апошнія 7 гадоў пяць разоў каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча займала першае месца, а ў мінулым годзе стала другой. Апошнія тры гады запар віцебскія кадэты перамагалі на Рэспубліканскай кадэцкай інтэлектуальна-творчай алімпіядзе “Патрыёт”, выдатныя вынікі паказваюць і на алімпіядзе “Феміда”. І гэта толькі невялікі пералік дасягненняў. За перыяд з 2011 года 20 навучэнцаў Віцебскага кадэцкага вучылішча сталі лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

З такім адоранымі і таленавітымі кадэтамі калектыў “Настаўніцкай газеты” і сустрэўся ў бібліятэцы вучылішча. На падобныя сустрэчы запрашаюцца ўсе госці ўстановы адукацыі. Фармат сустрэч — шчырая размова, неад’емнай часткай якой з’яўляецца бліцапытанне. Людзям розных прафесій кадэты задаюць самыя нечаканыя пытанні, адказы на якія гасцям прапаноўваецца даваць па-армейску дакладна. Так, у галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Вадзіма Аляксандравіча Кнышава кадэты пацікавіліся: “Ваша кіраўніцтва адпавядае лозунгу “Наперад, сябры!” або “За мной, сябры!”?” Адказ мы пачулі наступны: “Наперад, сябры!” З калегамі мы ідзём разам, адной камандай”. На прапанову расказаць пра месца сістэмы адукацыі Віцебшчыны ў Рэспубліцы Беларусь уласны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” па Віцебскай вобласці Таццяна Віктараўна Бондарава адказала так: “Віцебская вобласць імкнецца стаць лідарам. Думаю, мы гэтага дасягнем, у тым ліку з вашай дапамогай”. У рэдактара аддзела рэгіянальнай адукацыі Генадзя Міхайлавіча Ешчанкі пацікавіліся: “Якія крытэрыі як журналіст вы прад’яўляеце да сённяшняга настаўніка?” На думку нашага калегі, галоўны крытэрый наступны: творчасць і жаданне супрацоўнічаць з педагагічным выданнем. Менавіта да супрацоўніцтва і заклікалі педагогаў журналісты “Настаўніцкай газеты” і часопіса “Народная асвета”. А падзяліцца віцебскім педагогам з калегамі сапраўды ёсць чым. Як ёсць чым пахваліцца і ў плане матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння.

Для педагогаў і навучэнцаў у вучылішчы створаны належныя ўмовы працы. Значную дапамогу аказвае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Абсталявана 11 спецыялізаваных вучэбных кабінетаў, у кабінетах фізікі, біялогіі і геаграфіі ўстаноўлены інтэрактыўныя дошкі, інтэрнат складаецца з трох жылых корпусаў на 330 месцаў, абсталяваны дзве сталовыя на 128 і 156 пасадачных месцаў, ёсць спартыўны комплекс з басейнам, дзвюма трэнажорнымі заламі, залай цяжкай атлетыкі і залай для гульнявых відаў спорту. Абсталяваны памяшканні для настольнага тэніса, більярда, шашак і шахмат. На тэрыторыі вучылішча размешчаны тэнісны корт, валейбольная і баскетбольныя пляцоўкі, гімнастычны гарадок, хакейная пляцоўка, футбольнае поле са штучным пакрыццём, ёсць інтэрактыўны лазерны цір “Рубін” і цір для пнеўматычнай зброі, актавая зала на 295 месцаў, зала рытмікі і танцаў.

— У нашым вучылішчы няма класнага кіраўніцтва ў тым разуменні, якое ёсць у гарадскіх школах і гімназіях. Аднак у нас ёсць спецыяльная пасада выхавальніка, які прымае дзяцей пасля ўрокаў. Яшчэ ў нас працуюць выхавальнікі выхаднога дня. Настаўнік у нас займаецца пераважна вучэбным працэсам. Калі ён, скажам, ставіць нізкі бал навучэнцу, то ён ставіць такую адзнаку сабе. Лічу, мы з калегамі павінны спаўна адпрацоўваць тыя немалыя сродкі, якія траціць на ўтрыманне кадэтаў дзяржава. Ёсць асаблівасці і ў рабоце з бацькамі. Па-першае, з імі мы бачымся не так часта, як класны кіраўнік звычайнай школы, таму даводзіцца шукаць новыя формы і метады работы. Па-другое, як і кадэты, усе бацькі таксама матываваныя, яны ведаюць, куды аддаюць дзяцей вучыцца, і зацікаўлены ў іх паспяховым навучанні. Раз у чвэрць у нас праводзіцца бацькоўская субота, яўка на якую заўсёды высокая. Па суботах арганізоўваюцца кансультацыі для бацькоў, пераважна для 8 і 9 класаў. Наогул, навучэнцам пачатковага звяна ў першыя месяцы складана прывыкнуць да распарадку дня, асабліва да таго, што смартфонамі ім дазваляецца карыстацца толькі ў вызначаны час. Для вучняў 10 і 11 класаў уклад жыцця ў вучылішчы ўжо звычны. Да таго ж і ўзровень свядомасці павышаецца, — паведаміла Таццяна Іосіфаўна Васільева.

Узровень мужнасці, адказнасці, сумленнасці таксама павышаецца. І спрыяе гэтаму зладжаная сістэма работы, якую педагогі Віцебскага кадэцкага вучылішча праводзяць пад кіраўніцтвам дырэктара Сяргея Мацвеевіча Лагвіненкі. Таму і гучыць выраз “віцебскі кадэт” ганарова.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.