Разам супраць бяды

ААН назвала наркаманію адной з трох галоўных пагроз чалавечай цывілізацыі, нароўні з ядзернай вайной і экалагічнай катастрофай. Барацьба з гэтай пагрозай вядзецца па ўсім свеце рознымі метадамі і сродкамі. Усведамляючы важнасць гэтай барацьбы, да яе падключаюцца не толькі спецыялісты, але і проста неабыякавыя людзі. Некалькі гадоў назад ва ўстановах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці з’явіліся добраахвотныя маладзёжныя атрады па наркакантролі. Нядаўна ў Мінскім дзяржаўным абласным каледжы адбыўся абласны збор камандзіраў гэтых атрадаў.

Сёння на тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічаюць 24 добраахвотныя маладзёжныя атрады па наркакантролі, у склад ад якіх уваходзяць 373 удзельнікі. Зразумела, злачынстваў гэтыя маладыя людзі не раскрываюць і злачынцаў не ловяць, галоўная іх задача — быць для сваіх равеснікаў станоўчым прыкладам таго, як жыць здарова, цікава і ў рамках закона. Атрады працуюць па некалькіх напрамках: прапаганда здаровага ладу жыцця, аказанне дапамогі ў рабоце па папярэджанні распаўсюджвання, захоўвання і ўжывання наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў сярод навучэнцаў, навучанне падлеткаў навыкам бяспечных і адказных паводзін, арганізацыя вольнага часу, інфармацыйная дзейнасць. Вядучым напрамкам работы атрадаў з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця і першасная прафілактыка ўжывання наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.

Дзейнасць атрадаў ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з зацікаўленымі ведамствамі і структурамі — аддзяленнямі па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, інспекцыямі па справах непаўналетніх, установамі аховы здароўя, грамадскімі арганізацыямі і інш. У аснове дзейнасці атрадаў ляжыць методыка “Роўны навучае роўнага”. Падрыхтоўку членаў атрадаў, а таксама суправаджэнне іх работы ажыццяўляюць педагогі-кансультанты, якія прайшлі навучанне па гэтай методыцы.

Удзельнікі атрадаў, самі з’яўляючыся падлеткамі, добра разумеюць, што іх равеснікам сумныя, фармальныя мерапрыемствы будуць нецікавыя, а значыць, не будуць мець уздзеяння. Таму атрадаўцы заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых форм работы. Сёння яны выкарыстоўваюць найбольш прывабныя ў маладзёжным асяроддзі формы — прафілактычныя панарамы, кіналекторыі, ток-шоу, тэматычныя акцыі, флэш-мобы, фаер-мобы, інфармдайджэсты, інфармацыйныя гасцёўні, фільмагрупы і інш. Актыўна задзейнічаюць сайты ўстаноў адукацыі, сацыяльныя сеткі, дзе размяшчаюцца інфармацыйныя лістоўкі, буклеты, постар-медыятары, тэматычныя ролікі і фільмы, іншы даведачны матэрыял.

Збор камандзіраў — мерапрыемства, якое дае магчымасць абменьвацца вопытам і знаходзіць нешта новае для далейшага выкарыстання. У фае абласнога каледжа разгарнулася інтэрактыўная пляцоўка, дзе свае напрацоўкі дэманстравалі некалькі маладзёжных атрадаў па наркакантролі. У Мінскім дзяржаўным абласным каледжы была створана тэматычная ролевая гульня “Тваё жыццё — твой выбар”, якая дае магчымасць прымяраць на сябе розныя сацыяльныя ролі. Удзельнікі атрада, што дзейнічае ў каледжы, выкарыстоўваюць гульню на розных мерапрыемствах. Яшчэ адну гульню — “Аўкцыён ведаў” — распрацавалі і прапанавалі калегам прадстаўнікі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Гульня дапамагае ў цікавай форме праверыць, наколькі ўдзельнікі прафілактычных мерапрыемстваў засвоілі інфармацыю.

Прадстаўнікі Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя расказалі аб выкарыстанні вербацімаў для прафілактычнай работы. Вербацім — гэта тэхніка стварэння тэатральнага спектакля, якая прадугледжвае адмаўленне ад пастаноўкі гатовага літаратурнага твора. Матэрыялам для спектакля становяцца інтэрв’ю з людзьмі, так ці інакш звязанымі з абранай тэмай. Вербацім адлюстроўвае вострыя канфлікты сучаснага грамадства, узнімае складаныя, балючыя тэмы, у пастаноўках выкарыстоўваецца мінімум дэкарацый, грыму. У Бярэзінскім ліцэі стварылі вербацім “Наркотыкі: паміж смерцю і жыццём. Шчырая размова”, такім чынам паставіўшы мастацтва на службу выхавання падлеткаў.

Працягам мерапрыемства стаў круглы стол. У абмеркаванні ўдзельнічалі камандзіры і прадстаўнікі ўсіх добраахвотных маладзёжных атрадаў па наркакантролі, што дзейнічаюць у Мінскай вобласці. Да іх далучыліся Таццяна Валянцінаўна Апраніч, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Вадзім Уладзіміравіч Ліпоўка, начальнік аддзела ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама, Сяргей Уладзіміравіч Іванчанка, старшы памочнік пракурора Мінскага раёна.

Таццяна Валянцінаўна звярнула ўвагу на важнасць прыцягнення моладзі да сацыяльна значнай дзейнасці, звязанай з фарміраваннем культуры здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін. Госці праінфармавалі ўдзельнікаў збору аб тэндэнцыях распаўсюджвання наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі, мерах, якія прымаюцца пракуратурай і праваахоўнымі органамі па супрацьдзеянні распаўсюджванню і ўжыванню падлеткамі наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, а таксама адказалі на пытанні прысутных.

Далей слова ўзялі камандзіры, якія расказалі аб дзейнасці сваіх атрадаў. Так, напрыклад, у Барысаўскім дзяржаўным каледжы стала традыцыяй правядзенне лінеек інфармавання з удзелам агітбрыгады атрада “Нарка-СТОП!”. Удзельнікі добраахвотнага атрада па наркакантролі пайшлі далей і выступілі не толькі перад навучэнцамі, але і былі ўдзельнікамі цыклавых камісій для майстроў вытворчага навучання і куратараў вучэбных груп па тэме “Асноўныя метады і формы работы па прафілактыцы наркатычнай залежнасці сярод навучэнцаў”.

Атрад, што дзейнічае ў Любанскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, носіць назву “ПІРС”. Яго ўдзельнікі арганізоўваюць тэматычныя сустрэчы, акцыі, фотавыставы, інфасесіі. Важная роля ў прафілактычнай рабоце адводзіцца прыцягненню навучэнцаў установы, якія стаяць на ўліку ў ІСН, да спорту. Удзельнікі атрада асабістым прыкладам імкнуцца далучыць усіх навучэнцаў ліцэя да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнай накіраванасці: у складзе каманды ліцэя яны паспяхова выступалі на розных этапах абласной круглагадовай спартакіяды. Усведамляючы значнасць і моц праваслаўных традыцый, на мерапрыемствы запрашаюць прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Зацікаўленасць вучняў настолькі высокая і шчырая, што ў асветніцкіх і прафілактычных мерапрыемствах бяруць удзел былыя члены атрада — выпускнікі ліцэя.

Удзельнікі атрада “Альтэрнатыва” Салігорскага дзяржаўнага каледжа абралі асноўнай формай работы форум-тэатр, які дазваляе ў рамках прапанаванага міні-спектакля расказаць аб уплыве наркатычных і псіхатропных сродкаў на здароўе чалавека, аб адказнасці за іх ужыванне, распаўсюджванне і захоўванне, прымусіць моладзь задумацца над праблемай і знайсці шляхі яе вырашэння.

Прафілактычная панарама “Разам супраць бяды” — форма работы, якую абраў атрад “Стоп-спайс!” Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Эпізоды панарамы ляглі ў аснову відэафільма, знятага ў ліцэі, які актыўна выкарыстоўваецца для суправаджэння мерапрыемстваў прафілактычнай накіраванасці.
Шмат нестандартных мерапрыемстваў правёў атрад па наркакантролі “Місія” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа: флэш-хвілінкі, флэш-акцыя “Тебе крышка”, флэш-моб “Перадай іншаму”, акцыі “Лётай без наркотыкаў” і “Падпішы наркотыкам прысуд”. А яшчэ ва ўстанове прыдумалі тэхналогію fly now: інфармацыйныя матэрыялы — паштоўкі, постары, флаеры, запіскі — размяшчаюцца на стужках, якія ідуць ад надзіманых шароў, што лунаюць пад столлю. Атрымліваецца інфарматыўна, прыгожа, арыгінальна.

Завяршыўся збор прыемным момантам — лепшыя добраахвотныя маладзёжныя атрады па наркакантролі, а таксама лепшыя камандзіры атрадаў былі адзначаны граматамі і падзякамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *