Разам з татам, разам з мамай

- 15:25Нам пішуць

Лепшы спосаб далучыць дзіця да здаровага ладу жыцця — паказаць на ўласным прыкладзе, як трэба ставіцца да фізкультуры і спорту, таму сямейныя спартыўныя спаборніцтвы займаюць адно з вядучых месцаў у круглагадовай спартакіядзе “Гуляем за Беларусь!” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. “Разам з татам, разам з мамай!” — пад такім дэвізам нядаўна тут прайшло спартыўнае свята, арганізаванае з удзелам зацікаўленых сацыяльных структур.

Мамы і таты адклалі ўсе справы, каб правесці сумесны вольны час з дзецьмі. Спаборніцтвы на тэматычных станцыях былі няпростымі. Разам з Гродзенскім гарадскім аддзелам па надзвычайных сітуацыях на станцыі “Бяспеку сям’і ствараем разам” на практыцы адпрацавалі навыкі бяспечнай жыццядзейнасці, набылі ўменні карыстання калектыўнымі і індывідуальнымі сродкамі абароны. На станцыі “Першая дапамога”, арганізаванай з прыцягненнем валанцёраў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, навучыліся аказваць дапамогу чалавеку, які знаходзіцца без прытомнасці. Кожная сямейная каманда змагла адпрацаваць на практыцы навыкі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі на манекене. “Дом мары” — трэцяя станцыя, на якой сямейныя каманды фантазіравалі аб увасабленні сваіх жаданняў: кожны “будаўнік” імкнуўся прынесці найбольшую колькасць “цаглінак” для закладкі падмурка хаты. Не засталася ў баку ад свята і інтэлектуальная дзейнасць. Праца розумаў кіпела на станцыі “Спартыўны эрудыт”.

На мерапрыемстве адчуваўся не толькі спаборніцкі дух, але і панавала атмасфера згуртавання. Гэта былі не проста спаборніцтвы: удзельнікі каманд радаваліся і перажывалі адзін за аднаго.

Здаровы лад жыцця і бяспечная жыццядзейнасць у рамках свята сталі пачаткам сямейнай традыцыі, якую працягнуць і дзеці, і ўнукі. Спартыўнае свята атрымалася на славу. Пераможаных у ім не было. Усе атрымалі дыпломы і заахвочвальныя прызы, але галоўнае — засвоілі, што сям’я — гэта асобны свет са сваімі асновамі, асаблівасцямі, сваёй атмасферай.

Наталля ТАРАШЧЫК,
загадчык аддзела фізкультурна-спартыўнай работы ЦТДіМ “Спектр” Гродна.