Іна Уладзіміраўна Білічэнка, больш за 20 гадоў працуючы на пасадзе загадчыка сектара рэкламы, была для нас, журналістаў, навігатарам па Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Гэта прыклад чалавека, які да дробязей ведае, чым жыве яе ўстанова, яе педагогі, навучэнцы, і заўсёды рада дзяліцца іх поспехамі з калегамі праз наша выданне. Спадзяёмся, што цяпер, калі Іна Уладзіміраўна ўзначаліла метадычны аддзел, супрацоўніцтва паміж “Настаўніцкай газетай” і палацам атрымае новы віток.
Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі шмат гадоў супрацоўнічае з “Настаўніцкай газетай”. Педагагічны калектыў палаца вельмі ўдзячны за сумеснае плённае супрацоўніцтва! Вы заўсёды наперадзе і адпавядаеце сучасным патрабаванням.
Дзякуем за тое, што на старонках рэспубліканскага выдання заўсёды ёсць месца для артыкулаў пра нашу ўстанову. Нам прыемна адкрываць свежыя нумары газеты і чытаць на яе старонках пра нашых крэатыўных педагогаў і таленавітых гурткоўцаў. Вашы карэспандэнты аператыўна і кампетэнтна расказваюць аб магчымасцях дадатковай адукацыі, аб мерапрыемствах нашага палаца, яго шматлікіх аб’яднаннях па інтарэсах, наватарскіх праектах, летнім адпачынку.
З дапамогай “Настаўніцкай газеты” чытачы даведваюцца пра таленавітых педагогаў, кіраўнікоў заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь. Так, пасля аднаго артыкула кіраўнік ансамбля танца “Чабарок” Наталля Леанідаўна Дзягель атрымала шмат прапаноў правесці майстар-класы як у Мінску, так і ў іншых гарадах нашай краіны. А пасля яшчэ аднаго артыкула наш выкладчык дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Таццяна Міхайлаўна Сінкевіч таксама атрымала шмат званкоў і цікавых пытанняў. Тое, што вы расказалі пра вопыт кіраўнікоў лялечна-драматычнай студыі “Галактыка” Аляксандра Юльянавіча і Веры Васільеўны Абрамовіч, кіраўнікоў кабінетаў “Дызайн-студыя моды і стылю” Лідзіі Уладзіміраўны Чугаеўскай і “Дзіцячая цацка” Святланы Барысаўны Калістратавай і іншых педагогаў палаца, дапамагло наладзіць абмен педагагічным вопытам на ўзроўні краіны.
Атрымалі падтрымку на старонках “Настаўніцкай газеты” і нашы інавацыйныя віртуальныя праекты “Навігатар захапленняў” і “Творчасць non-stop”. А праз адукацыйны цэнтр інавацыйных практык “Тэхнапрарыў” многія юныя мінчане змаглі пазнаёміцца з сучаснымі кірункамі інавацыйнай тэхнічнай творчасці.
Журналісты газеты на працягу многіх гадоў асвятляюць міжнародныя фестывалі, конкурсы, сацыякультурныя мерапрыемствы, педагагічныя форумы і канферэнцыі. Прадукцыйнае і цікавае супрацоўніцтва палаца і “Настаўніцкай газеты” штогод дапамагае ва ўсталяванні партнёрскіх адносін не толькі з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада і краіны, але і з міжнароднымі партнёрамі. А чытачы газеты могуць азнаёміцца з лепшым інавацыйным педагагічным вопытам і творчасцю дзяцей і моладзі сталіцы Беларусі.
На старонках газеты размяшчаюцца матэрыялы аб тым, як у палацы ажыццяўляюцца дапрофільная падрыхтоўка дзяцей і моладзі, навучанне пачатковым прафесійным навыкам, ранняя прафарыентацыя, аб тым, як наладжаны партнёрскія адносіны з зацікаўленымі ўстановамі вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Знаходзячыся на пасадзе загадчыка сектара рэкламы, працавала з журналістамі “Настаўніцкай газеты” на працягу многіх гадоў, таму хачу падзякаваць усім ад сябе і ад супрацоўнікаў сектара рэкламы палаца за высокі прафесіяналізм, творчы падыход, пазітыўнасць і дапамогу, пажадаць здароўя, цікавых тэм, удзячных чытачоў, моцнага здароўя, сіл і энергіі! Вы нашы партнёры і сябры! З юбілеем і з надыходзячым Новым 2021 годам! Спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва.