Вельмі цікава ў нашай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў пачатковых класах, на працягу якога малодшыя вучні актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах.
Акцыя “Размаўляй па-беларуску” выяўляла лепшых знаўцаў беларускай мовы. Творчыя здольнасці вучні паказвалі ў конкурсе малюнкаў “Вобразы мілыя роднага краю…”. У школьнай бібліятэцы, дзе была арганізавана выстава кніг беларускіх пісьменнікаў, дзеці спаборнічалі ў конкурсе на лепшых чытачоў беларускіх кніг. У бібліятэцы пабывалі і выхаванцы ясляў-сада № 1 Камянца, з якімі вялася гутарка пра беларускія казкі. Дашкольнікі паглядзелі па тэлевізары беларускую казку і спелі “Калыханку”.
Чацвёртакласнікі ўдзельнічалі ў алімпіядзе па беларускай мове, дзе паказалі добрыя вынікі. Сярод пераможцаў Дзіяна Суконкіна, Ганна Кантроўская, Валерыя Малажавая, Вераніка Кужко, Дамініка Назарэвіч і Максім Волкаў.
На працягу прадметнага тыдня ў школьным фае дэманстраваліся відэаролікі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, яе культуры і традыцыям. Вучні з цікавасцю слухалі беларускія казкі і песні.
У рамках тыдня настаўнікі пачатковых класаў правялі адкрытыя ўрокі, якія атрымаліся займальнымі, цікавымі і пазнавальнымі. Прыемна, што заняткі паказалі добры ўзровень валодання беларускай мовай.
Бадай, самымі яркімі сталі мерапрыемствы, падрыхтаваныя вучнямі 2—4 класаў разам з класнымі кіраўнікамі і настаўніцай музыкі І.М.Ралевіч: “Люблю мой край”, “Мая Радзіма — Беларусь” і “Знаўцы роднага краю”.
Падчас святочнага канцэрта “Мой родны кут” першакласнікі парадавалі гледачоў танцам “Тут-туп, чаравік”, другакласнікі і трэцякласнікі спявалі беларускія народныя песні, а чацвёртакласнікі паказалі творчыя нумары. На мерапрыемстве гучалі вершы пра родную мову і шчырыя прызнанні ў любові да Беларусі. Вучні 8—10 класаў правялі абрад “Зялёныя святкі”.
Педагогі нашай школы лічаць, што дзеці павінны не толькі дасканала валодаць роднай мовай, але і шанаваць і захоўваць яе. На гэта накіраваны многія вучэбна-выхаваўчыя мерапрыемствы.
Рыта ПАДЛЕСКАЯ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 2 Камянца.