Разнастайнасць дысцыплін

- 11:00Спартыўныя падзеі

12 каманд УВА сустрэліся на спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Здароўе”. Студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта паказалі клас: Глеб Вараб’ёў стаў лепшым у асабістым першынстве, Дзіяна Навумчык і зборная ўзялі “серабро”.

Больш за 30 гадоў

Вера Фёдараўна Пісарэнка, дацэнт кафедры фізвыхавання і спорту, — адна з тых, хто на працягу доўгага часу рыхтуе каманду ўніверсітэта да розных спаборніцтваў. Мнагаборства ёй бліжэй за ўсё, таму што выкладчыца займалася ім з 23 да 55 гадоў. Мае нават званне майстра спорту.

— Я ездзіла на чэмпіянаты СССР у Петразаводску, Санкт-Пецярбургу і Кішынёве. Стральба мне давалася лепш за ўсё. Тады на чэмпіянаты прыязджалі 15 каманд, сярод 50 чалавек я звычайна была ў сярэдзіне, прызавыя месцы не займала. Прыём, размяшчэнне, арганізацыя перамяшчэння, судзейства, графік спаборніцтваў — усё было на найвышэйшым узроўні. Я займалася мнагаборствам больш за 30 гадоў, але мне гэта не надакучыла, бо, калі любіш сваю справу, далучаеш да яе дзяцей, студэнтаў, знаёмішся на спаборніцтвах з новымі людзьмі і сустракаеш старых знаёмых, гэта проста немагчыма.

Вера Фёдараўна родам з Гродзенскай вобласці. У 1974 годзе яна скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, па размеркаванні трапіла ў Магілёў і з 1986 года працуе ў БРУ. У 1998-м трэба было выставіць каманду ўніверсітэта на спаборніцтвы па мнагаборстве — каму гэтым заняцца? Вядома, прафесіяналу і фанату гэтага віду спорту. З часам узровень каманды павышаўся, з’яўляліся кандыдаты ў майстры і майстры спорту (званні прысвойвалі да 2008 года), прызёры і пераможцы чэмпіянатаў свету па паліятлоне.

— У нас быў перыяд, калі каманда 4 гады запар займала 1-е месца ў мнагаборстве “Здароўе”. Сёлета склад памяняўся практычна на 70%, два чалавекі перад спаборніцтвамі захварэлі, але нават у такой сітуацыі мы набралі 3791 бал і ўзялі “серабро”. Пераможца, БДУФК, набраў 3886 балаў. З прадстаўленых відаў былі стральба кулявая са становішча стоячы, скачок з месца, бег 100 м, 3000 м — для юнакоў, 2000 м — для дзяўчат, плаванне (50 м) і сілавая гімнастыка: дзяўчаты адціскаліся, юнакі падцягваліся.

Дзіяна Навумчык:

“Калі я прыйшла ва ўніверсітэт, то разумела, што не буду займацца толькі фізкультурай, і выбірала сабе спартыўную секцыю. Мнагаборства мне спадабалася сваёй разнастайнасцю. Спачатку нічога не атрымлівалася, але цярпенне і праца ўсё перацерлі. У школе я спортам не займалася і нават не падазравала, што магу паказваць добрыя вынікі.

Мае першыя спаборніцтвы — гэта зімовая ўніверсіяда ў 2017 годзе. Я заняла 2-е месца і была ў шоку, што за 3—4 месяцы натрэніравалася да такога ўзроўню.

З пачатку першых заняткаў мае вынікі вельмі падраслі. Добры прыклад — лыжы. Раней я на іх толькі стаяла, не магла нават рухацца, адразу падала. Гэтай зімой я трапіла ў топ-25 лепшых лыжніц на спаборніцтвах. Са стральбой падобная сітуацыя: спачатку не трапляла ў чорную мішэнь, а зараз настолькі натрэніравалася, што нават без папярэдняй падрыхтоўкі на гэтых спаборніцтвах па мнагаборстве “Здароўе” стала лепшай. Якраз стральба мне больш за ўсё і падабаецца, таму што яна патрабуе засяроджанасці і вытрымкі. Цяжэй за ўсё даюцца адцісканні, бо, калі ты паказваеш добры ўзровень, ты павінна яго падтрымліваць або паляпшаць.

Нягледзячы на тое, што я скончыла ўніверсітэт зімой, трэніроўкі не кінула. Планую выступаць за сваю арганізацыю на спаборніцтвах па мнагаборстве і паказваць дастойныя вынікі. Зараз я трэніруюся адна, стараюся рабіць гэта кожны дзень, сама складаю сабе праграму”.

Яшчэ і трэнажорная зала

Нягледзячы на тое, што вучоба ва ўніверсітэце — гэта даволі вялікая нагрузка, мнагаборцы БРУ бяруць на сябе яшчэ больш. Трэніроўкі ў іх праходзяць 6 разоў на тыдзень. Кожны від спорту студэнтам даецца па-рознаму. Хтосьці добра плавае, хтосьці выдатна бяжыць доўгія дыстанцыі, а хтосьці — кароткія.

— Стральба праводзіцца штодня па свабодным графіку: я магу знаходзіцца ва ўніверсітэце цэлы дзень, а спартсмены прыходзяць у зручны для іх час. Трэніроўкі па плаванні праходзяць 3 разы на тыдзень. Аўторак і чацвер — у 6:45 раніцы, субота — у 12:30. Некаторыя на першых занятках, умоўна кажучы, не маюць паняцця, што такое вада. Мы вучым іх тэхніцы, даводзім да дастойнага ўзроўню. Трэніроўкі з бегам, сілавымі практыкаваннямі і скачкамі таксама праходзяць 3 разы на тыдзень: панядзелак, серада, пятніца — з 16 да 18 гадзін. Студэнты займаюцца з задавальненнем. Часам ім кажаш, што спартсменаў высокага класа з іх не атрымаецца, на што яны адказваюць: “Мы робім гэта для сябе: хочам навучыцца хадзіць на лыжах, плаваць, бегаць, страляць”. Асабліва матываваныя нават пасля заняткаў просяць пусціць іх у трэнажорную залу. Таму мае выхаванцы проста не маюць часу, каб займацца нейкімі дрэннымі рэчамі.

Вера Фёдараўна запрашае да сябе на заняткі ўсіх, але многія ведаюць яе завочна і прыходзяць па рэкамендацыях сяброў ці сваякоў. Гэта не абавязкова студэнты са спартыўным мінулым, некаторых нават не на кожным школьным уроку па фізічнай культуры і здароўі бачылі. Калі студэнты вытрымліваюць новую для сябе нагрузку — застаюцца, калі спакушаюцца на іншыя заняткі — сыходзяць. Прагрэс бачны і знешне, і па лічбах. Напрыклад, Дзіяна Навумчык на першых трэніроўках адціскалася разоў 10, а сёлетняй зімой за 4 мінуты зрабіла 102 адцісканні. І гэта не адзіны падобны выпадак.

— Да мяне ходзяць каля 30 чалавек: больш не бяру, а менш не бывае. Гэтыя ж студэнты ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па трыятлоне, стральбе, кросе і г.д. Мы закрываем 12 відаў рэспубліканскай універсіяды. Тыя, хто прыйшоў у гэтым годзе, стануць прафесіяналамі толькі на 3 курсе. Тады яны змогуць правесці ўрок, трэніроўку, спаборніцтвы па стральбе, плаванні і інш.

Глеб Вараб’ёў:

“Я з 1 класа займаўся плаваннем. Калі паступіў ва ўніверсітэт, працягнуў. Мяне заўважыла Алена Аляксандраўна Малышава і запрасіла паспрабаваць сябе ў мнагаборстве. Я пагадзіўся і з 2 курса ўдзельнічаю ў спаборніцтвах. У мнагаборстве мне спадабаліся трэнеры і кампанія (на трэніроўкі хадзіла шмат добрых старшакурснікаў), таму з плавання я цалкам перайшоў сюды.

Да частых трэніровак я прывык, таму што ўсё жыццё займаюся спортам. Пасля вучобы прысвяціць яму 2 гадзiны — гэта не праблема, наадварот, я так расслабляюся. Пасля складанага дня гэта дапамагае адцягнуцца і потым з яснай галавой заняцца вучобай. Спорт — гэта своеасаблівы адпачынак.

Больш за ўсё ачкоў на спаборніцтвах мне прыносяць плаванне і стральба. Стральба — цікавы від спорту, для поспеху ў ім трэба быць спакойным і стрыманым. Бег мне не вельмі падабаецца: цяжкавата.

Калі я прыехаў на сёлетнія спаборніцтвы па мнагаборстве, нават не думаў пра месца, якое займу, проста хацеў паказаць свой лепшы вынік. Тое, што я ў лідарах, стала зразумела пасля другога дня, калі адрыў па ачках павялічыўся. Але з гэтым веданнем прыйшла і адказнасць: трэба было паказаць вынік не горшы, чым у папярэднія дні. Добра, што я шмат займаўся плаваннем і ўмею сябе кантраляваць і супакойваць у падобных сітуацыях”.

Брат мнагаборства

Праверкай сіл і дадатковай трэніроўкай для студэнтаў БРУ стаў чэмпіянат па паліятлоне, які праходзіў у Магілёве 16—20 верасня. У першынстве ўдзельнічала 80 спартсменаў з Беларусі, Казахстана і Расіі. Гэта мала: звычайна яшчэ прыязджаюць студэнты з прыбалтыйскіх краін, краін далёкага замежжа, але — пандэмія. Названыя спаборніцтвы Магілёў прымае з 2008 года дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва БРУ і Міжнароднай федэрацыі паліятлона.

“У любым чалавеку можна развіць спартыўныя навыкі. Магчыма, ён не стане чэмпіёнам рэспублікі, але сярэднячком — дакладна. Каманду з 10 чалавек гэты сярэднячок у патрэбны момант падтрымае”.

Чым летні паліятлон адрозніваецца ад мнагаборства? У яго ўваходзяць 5 дысцыплін: кіданне спартыўнага снарада, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, плаванне (100 м), спрынт і бег на вынослівасць. Паліятлон зарадзіўся ў 1991 годзе як частка спартыўнага комплексу “Гатовы да працы і абароны”.

Зборная БРУ і на гэтых спаборніцтвах зноў была ў прызёрах: 2-е месца ў чэмпіянаце, 2-е месца сярод юніёраў і 2-е месца сярод спартыўных клубаў. У асабістым заліку студэнтка эканамічнага факультэта Кацярына Плотнікава ўзяла “бронзу”.

На жаль, паліятлон і мнагаборства зараз не надта папулярныя ў нашай краіне. Вера Фёдараўна звязвае гэта з тым, што ў Беларусі няма сваіх федэрацый па гэтых відах спорту. У свой час ёй прапаноўвалі іх стварыць і ўзначаліць, але тады выкладчыца не магла, а цяпер ужо не дазваляе ўзрост. Вера Фёдараўна спадзяецца, што ўсё ж знойдзецца ініцыятыўны чалавек для гэтай справы, тады і цікавасць спартсменаў, трэнераў, гледачоў вернецца.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.