Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Віцебскай вобласці Валерыем Мікалаевічам БЫКАВЫМ, з якім падводзілі вынікі вучэбнага года і гаворым пра летнія клопаты навучальных устаноў раёна.
— Валерый Мікалаевіч, пачнём з агульнай карціны. Якім чынам развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Лепельскага раёна ў гэтым навучальным годзе?
— Адукацыйным працэсам ахоплена 1236 выхаванцаў і 3134 навучэнцы. Якасць адукацыі забяспечваюць 655 педагогаў. З мэтай забеспячэння даступнасці атрымання адукацыі арганізаваны падвоз для 453 вучняў, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах. У раёне шырока ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі, выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы. У гэтым годзе мы ўключыліся ў рэалізацыю праекта “Электронная школа”. Плануем з 1 верасня 2017 года пачаць працу з сэрвісамі “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. Усяго некалькі дзён назад прайшлі выпускныя вечары. 206 выпускнікоў атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, 281 — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі. 21 выпускніку выдадзены пасведчанні з адзнакай, 24-м — залатыя медалі. Якасць ведаў, атрыманых нашымі выпускнікамі, штогод пацвярджаецца вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання. Па выніках ЦТ мінулага года раён займае 4-е месца ў вобласці, у 2014 годзе мы былі першымі, у 2015 годзе сярэдняя школа № 1 Лепеля ўвайшла ў топ-100 лепшых устаноў адукацыі рэспублікі. З 2011 года паказчык паступлення выпускнікоў сярэдніх школ ва ўстановы вышэйшай адукацыі не апускаецца ніжэй за 61%.
— Якія планы ў раёна па аздараўленні дзяцей, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?
— У летні перыяд плануем аздаравіць больш за 1000 дзяцей. З 1 чэрвеня ў лагерах з дзённым знаходжаннем на базе 17 устаноў адукацыі ўжо праходзяць аздараўленне 600 вучняў, працуюць профільныя лагеры, 90 выхаванцаў аздараўляюцца на базе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Традыцыйным для раёна стала арганізацыя лагераў працы і адпачынку для падлеткаў на базе прадпрыемстваў раёна, працы па другаснай занятасці навучэнцаў у складзе рамонтных брыгад. Больш за 300 дзяцей і падлеткаў з чэрвеня па жнівень пройдуць аздараўленне ў кругласутачным лагеры на базе Бароўскай сярэдняй школы. Сумесна з ваеннай часцю 22313, РАУС, ІСН будзе арганізавана работа ваенна-патрыятычнага атрада для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
У раёне праводзіцца пастаянная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У чатырох установах адукацыі ўстаноўлены сучасныя кабінеты фізікі, ідзе пастаўка абсталявання яшчэ для двух кабінетаў хіміі. На завяршальнай стадыі знаходзяцца работы па капітальным рамонце і мадэрнізацыі будынка сярэдняй школы № 3. Агульная сума ўкладанняў за час рамонту склала больш за 2 млн рублёў. У 2017 годзе завершаны бягучы рамонт Заслонаўскага ясляў-сада на суму 300 тысяч рублёў. У цяперашні час праводзіцца бягучы рамонт памяшкання сталовай сярэдняй школы № 1, будынка ясляў-сада № 9. Запланавана ажыццявіць рамонтныя работы на суму больш за 150 тысяч рублёў. Традыцыйна да пачатку новага навучальнага года ва ўсіх установах адукацыі праводзяцца касметычныя рамонты вучэбных, гульнявых, спартыўных памяшканняў, работы па добраўпарадкаванні тэрыторый.
— З увядзеннем профільнай адукацыі памяняліся акцэнты ў арганізацыі вучэбнага працэсу. Якія напрамкі выбіраюць (плануюць на новы навучальны год) вашы вучні?
— Профільнае навучанне ў нашым раёне арганізавана ва ўсіх гарадскіх і сельскіх сярэдніх школах. У цяперашні час 73% вучняў 10-х класаў і 69% навучэнцаў 11-х класаў вывучаюць на павышаным узроўні 10 вучэбных прадметаў. У Стайскай сярэдняй школе, Матырынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Заслонаўскай сярэдняй школе функцыянуюць профільныя групы педагагічнай накіраванасці. Сярод найбольш запатрабаваных профільных прадметаў — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, руская, беларуская, замежныя мовы.
— Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?
— Без сумненняў, паспяховае вырашэнне задачы па выхаванні падрастаючага пакалення магчыма толькі пры цесным узаемадзеянні сям’і і школы. І ў гэтым напрамку ў нашым раёне назапашаны пазітыўны вопыт. Працуюць сямейныя клубы, школы для бацькоў, клубы сумеснай адпачынкавай дзейнасці. Хочацца адзначыць, што ў раёне шырока выкарыстоўваецца педагагічны патэнцыял шостага школьнага дня. Арганізавана праца 132 аб’яднанняў па інтарэсах, клубаў, спартыўных секцый, якія наведваюць 1697 вучняў. На базе раённага Цэнтра дзяцей і моладзі функцыянуюць 144 аб’яднанні па інтарэсах. Тры творчыя калектывы цэнтра маюць званне “ўзорны”, адзін — “народны”. У раёне актыўна развіваецца дзейнасць грамадскіх дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Сёння колькасць раённай піянерскай арганізацыі складае больш за 2 тысячы чалавек. Дзейнічаюць звыш 70 цімураўскіх, валанцёрскіх і 58 экалагічных атрадаў (больш за 1130 навучэнцаў). Арганізавана работа 22 атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, сяброў міліцыі, ратавальнікаў-пажарных.
— Хочацца спыніцца на ролі раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?
— Асноўнай мэтай дзейнасці РВМК з’яўляецца аказанне арганізацыйнай, кансультатыўнай, вучэбна-метадычнай дапамогі ў галіне ўдасканалення прафесійных ведаў і ўменняў педагогаў, арганізацыі адукацыйнага працэсу, абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту. Узровень прафесіяналізму педагогаў раёна дазваляе ўстановам адукацыі працаваць у пастаянным інавацыйным рэжыме. У цяперашні час ідзе рэалізацыя інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню на базе гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля, сярэдняй школы № 1 Лепеля, Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна. Адкрыта эксперыментальная рэспубліканская пляцоўка ў яслях-садзе № 1 Лепеля. Яшчэ 8 устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі працуюць над творчымі праектамі абласнога ўзроўню.
— Якія праблемы вас сёння больш за ўсё хвалююць як начальніка аддзела адукацыі?
— За апошнія 10 гадоў колькасць школьнікаў у раёне скарацілася больш чым на 2000 чалавек. З 2012 года рэарганізаваны 11 устаноў адукацыі, 7 устаноў ліквідаваны. У цяперашні час прынята рашэнне аб ліквідацыі да пачатку 2017/2018 навучальнага года 4 устаноў адукацыі, яшчэ 5 устаноў зменяць выгляд ці будуць перайменаваны. Паводле прагнозаў, па выніках аптымізацыі 2017 года сярэдняя напаўняльнасць класаў па гарадскіх школах складзе 23,4 чалавека, па сельскіх — 11 чалавека. Сэканомленыя сродкі, а гэта каля 260 тысяч рублёў, плануецца накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У цяперашні час актыўна займаемся пытаннямі далейшага працаўладкавання вызваленых кадраў. Плануем адкрыццё інтэрната на базе адной з устаноў адукацыі для навучэнцаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. У найбліжэйшай перспектыве — набыццё трох школьных аўтобусаў для арганізацыі падвозу навучэнцаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.