Рэдкі талент

- 10:04Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Звонка і радасна празвінеў званок на ўрок літаратуры. Мы ўсё яшчэ жартуем, мітусімся, але вось у калідоры застукалі абцасікі — гэта ідзе яна, наша настаўніца. Мы хутка садзімся за свае парты і заміраем у чаканні сустрэчы з ёй, нашай любімай Яўгеніяй Антонаўнай.

Прайшло ўжо амаль 35  гадоў, як я скончыла школу, вось ужо амаль 30 гадоў і сама працую настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а сваю любімую настаўніцу, усе яе ўрокі памятаю, як быццам гэта было толькі ўчора. Мне і маім аднакласнікам вельмі пашанцавала, бо рускую мову і літаратуру ў нас выкладала Яўгенія Антонаўна Дужык, высокапрафесійны, дасведчаны, таленавіты і эрудзіраваны педагог. Кожны яе ўрок — гэта маленькае жыццё, якое яна жыла з намі  — сваімі вучнямі.  Мая любімая настаўніца валодала рэдкім настаўніцкім талентам, які дазваляў ёй закрануць самыя патаемныя струны дзіцячых душ. І не толькі дзіцячых. Памятаю, як на ўрок пазакласнага чытання, прысвечаны людзям, якія праявілі гераізм у мірны час, прыйшла мама майго аднакласніка. Яўгенія Антонаўна, як заўсёды, вельмі эмацыя­нальна расказвала нам пра тое, як малады хлопец з глыбінкі цаной уласнага жыцця выратаваў людзей, як яго маленькая дачка прыходзіла потым на магілу да бацькі, каб сказаць яму: “Добры дзень, тата…” Усе дзяўчынкі на ўроку ціхенька ўсхліпвалі і выціралі слёзы. А мама нашага аднакласніка сядзела на задняй парце і, апусціўшы галаву, плакала.

У маёй памяці засталіся не толькі ўрокі Яўгеніі Антонаўны. Вельмі цікава, на адным дыханні, праходзілі ўсе літаратурныя вечары, якія яна рыхтавала. Люты 1987 года… Апошні год у школе. Я ўжо ведаю, што абавязкова стану настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Упершыню ў нашай школе незвычайны вечар пры свечках “Каханне — чароўная краіна”.  У зале няма свабодных месцаў: старшакласнікі, настаўнікі, бацькі. Усе выступоўцы хвалююцца, перажываюць. І вось згасла святло, запаліліся свечкі, загучала пяшчотная лірычная мелодыя, і паліліся вершы Пушкіна,  Ясеніна, Блока… Гэта быў незабыўны вечар: бура эмоцый і пачуццяў, слёзы і радасць. Менавіта з той пары ў нашай школе № 2 Мастоў стала традыцыяй праводзіць вечары кахання.

Як склалася жыццё маёй любімай настаўніцы? Нара­дзілася Яўгенія Антонаўна на хутары Каменка Шчучынскага раёна 20 красавіка 1933 года ў сялянскай сям’і. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было 8 гадоў, яна паспела скончыць толькі першы клас. Чатыры страшныя ваенныя гады не аслабілі жадання вучыцца, а потым — і жадання вучыць іншых. Вырашыла паступаць у Гродзенскае педагагічнае вучылішча. Экзамены па рускай і беларускай мовах, матэматыцы і Канстытуцыі здала паспяхова і стала студэнткай. Пасля заканчэння вучылішча была размеркавана ў  вёску Барташы, што за 8 кіламетраў ад хаты. Класы былі вялікія, па 32 вучні і больш. Набрала першы клас і выпусціла яго. Пазней працавала настаўніцай  матэматыкі і фізікі ў вёсцы Еўлашы. У Грамавіцкай школе вяла матэматыку, геаграфію, спевы. Сустрэла будучага мужа, Адама Канстанцінавіча, які скончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум і быў накіраваны ў Масты на працу. Пераехаўшы ў Масты, Яўгенія Антонаўна працавала ў Правамастоўскім дзіцячым доме выхавальніцай старшай гру­пы, з 1960 года — у сярэдняй школе № 2 горада настаўніцай пачатковых класаў, а пазней, скончыўшы філалагічны факультэт, — настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Сваёй высакароднай прафесіі яна аддала больш за 40 гадоў.

Усе чацвёра дзяцей Яўгеніі Антонаўны скончылі школу з залатым медалём, атрымалі вышэйшую адукацыю, двое з іх сталі педагогамі. Сын, Уладзімір Адамавіч Дужык, доўгія гады выкладаў матэматыку і інфарматыку ў гімназіі № 1 Мастоў, цяпер ён на заслужаным адпачынку. Дачка, Людміла Адамаўна Шалесная, выкладае рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 2 Мастоў, там жа, дзе працавала яе маці. 

Настаўнік — гэта не проста прафесія, гэта прызванне, а яшчэ, як некаторыя кажуць, дыягназ. Настаўніка можна пазнаць па манеры маўлення, паводзінах у грамадстве. Уменне слухаць, чуць, разумець, дапамагаць, спачуваць — гэта тыя якасці, якія выдаюць настаўніка заўсёды і ўсюды. Яўгенія Антонаўна Дужык якраз такі педагог. Таму нядзіўна, што многія мае аднакласніцы, як  і я, пайшлі па слядах Яўгеніі Антонаўны і прысвяцілі сваё жыццё педагогіцы. Інакш і быць не магло. Калісьці аўтар знакамітай кнігі “Педагогіка для ўсіх” пісьменнік і публіцыст Сымон Салавейчык напісаў: “Настаўнік — гэта вучань, назаўсёды выкліканы да дошкі”.  Іншымі словамі, настаўнік — гэта чалавек, які штодня здае экзамен і дапамагае дзецям зрабіць першыя крокі па заблытаным лабірынце жыцця.  

Маёй любімай настаўніцы ўжо няма побач з намі, але жыве памяць, у кожным  яе вучні жывуць яе ўрокі чалавечнасці і дабрыні. Дзякуй вам, Яўгенія Антонаўна, за тое, што я стала настаўніцай. Усе гады сваёй настаўніцкай працы я імкнуся быць падобнай на вас. У 2021 годзе я была ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі. Веру, што вы б ганарыліся сваёй  вучаніцай. Вы — мой настаўнік назаўжды!

Галіна ГАЛАВЕНКА,
настаўніца  рускай мовы і літаратуры
Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы 
Мастоўскага раёна 
Гродзенскай вобласці.