Выяўленне і развіццё адораных дзяцей, рэалізацыя іх патэнцыяльных магчымасцей — адзін з прыярытэтаў сучаснай адукацыі. Задача сям’і заключаецца ў тым, каб своечасова разгледзець задаткі дзіцяці, задача ж школы — падтрымаць вучня і развіць яго здольнасці, стварыць умовы для самавызначэння і самарэалізацыі. Як будзе наладжана ўзаемадзеянне школы і сям’і па вырашэнні гэтай задачы, такі будзе і вынік: адкрыюцца перад вучнем новыя далягляды ці закрыюцца дзверы, якія вядуць да новых перспектыў развіцця.
Спачатку моўны слых…
Адоранае дзіця мае права разлічваць, што яго задаткі і здольнасці знойдуць разуменне і падтрымку з боку бацькоў, а пазней падтрымку педагогаў у пошуку найлепшага іх выкарыстання і для яго самога, і для навакольных. Калі ў дзіцяці выражаны задаткі ў галіне лінгвістыкі, вельмі важна і бацькам, і настаўнікам ведаць, што характарызуе лінгвістычную адоранасць дзіцяці.
У першую чаргу гэта наяўнасць моўнага слыху (чуйнасць да фанетычнага, рытмічнага, інтанацыйнага аспектаў мовы), моўнай памяці (папаўненне слоўнікавага запасу, авалодванне граматычнымі канструкцыямі), лексічнай і граматычнай інтуіцыі, эмацыянальна-вобразнага і функцыянальна-стылістычнага ўспрымання мовы. Не менш важным фактарам для паспяховага авалодвання замежнай мовай з’яўляецца наяўнасць станоўчай матывацыі ў навучэнцаў, цікавасці да жыцця і культуры іншых краін, камунікабельнасць.
Пры выяўленні лінгвістычнай адоранасці навучэнцаў настаўнікі замежнай мовы выкарыстоўваюць комплексны падыход, шырокі спектр разнастайных метадаў. Гэта назіранні ў школьнай і пазашкольнай дзейнасці, тэсціраванне для вызначэння здольнасцей да вывучэння замежнай мовы і ўзроўню валодання ёй, выяўленне найбольш моцных і слабых бакоў навучэнцаў у вывучэнні замежнай мовы, экспертнае ацэньванне іх адукацыйных прадуктаў творчай дзейнасці, вынікі ўдзелу ў Міжнародным конкурсе “Лінгвісцяня”, канферэнцыі па замежнай мове “Свет без межаў”, прадметных алімпіядах. Інфармацыя па выяўленні лінгвістычнай адоранасці і крытэрыях яе вызначэння даводзіцца да бацькоў.
Алімпіяды па замежных мовах з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных відаў работы з вучнямі, якія праяўляюць ярка выражаную лінгвістычную адоранасць. Дзеці могуць праявіць свае моўныя здольнасці і адлюстраваць узровень валодання замежнай мовай.
Для паспяховай работы па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды настаўнікі нашага рэгіёна засвоілі адукацыйныя праграмы дзейнасці метадычных фарміраванняў па тэмах “Распрацоўка алімпіядных заданняў па замежных мовах”, “Метадычнае забеспячэнне працэсу падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па замежнай мове”. Засваенне праграм ажыццяўлялася на тэарэтычных і практычных занятках у творчай групе, кіраўніком якой з’яўляецца настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні Т.М.Шыдлоўская. У склад творчай групы ўвайшлі настаўнікі, якія валодаюць уменнямі ажыццяўляць навучанне замежнай мове ў адпаведнасці з вынікамі дыягностыкі, стымуляваць кагнітыўныя здольнасці навучэнцаў і знаходзіць кантакт з бацькамі адораных дзяцей.
…а потым заданні
Распрацоўка алімпіядных заданняў па замежнай мове патрабавала актуалізацыі ведаў па фармуляванні існуючых патрабаванняў да распрацоўкі такіх заданняў. У выніку членамі творчай групы была падрыхтавана адпаведная памятка-рэкамендацыя, якая ўключала наступныя патрабаванні:
1. Заданні павінны адпавядаць вызначанай мэтавай функцыі, якая заключаецца ў тым, каб праверыць засваенне праграмнага матэрыялу на высокім узроўні і ўменні па прымяненні ведаў (прадугледжаных праграмай) у новай сітуацыі пры пастаноўцы і вырашэнні нестандартных пытанняў і заданняў.
2. Спалучаць заданні рознага ўзроўню складанасці, каб удзельнікі алімпіяды маглі выканаць хаця б адно алімпіяднае заданне.
3. Тэкставыя матэрыялы павінны быць сучаснымі, аўтэнтычнымі, тэматычна і сацыякультурна адэкватнымі, без выкарыстання ненарматыўнай лексікі (для старэйшай узроставай катэгорыі выкарыстоўваць сучасныя аўтэнтычныя тэксты, для малодшай узроставай катэгорыі рэкамендуецца адаптацыя тэкстаў).
4. Моўная складанасць тэкстаў адпавядае ўзроўню складанасці, пастаўленай задачы і навыку, які правяраецца, а інтэлектуальная складанасць прапанаваных для вырашэння лінгвістычных задач — узросту ўдзельнікаў алімпіяды.
5. Правяраць трэба ўсе віды моўнай дзейнасці.
6. Фармуляваць заданні алімпіяды як канкрэтную камунікатыўную задачу.
7. Для аўдзіравання і пісьмовай работы выкарыстоўваць звязныя тэксты.
8. Унутры аднаго пакета заданняў злучаць заданні рознага тыпу.
9. Павінна выконвацца закончанасць, прастата, даступнасць у фармулёўцы заданняў.
10. Заданні павінны быць творча арыентаваныя.
11. Фармат заданняў не павінен быць паўтарэннем фармату цэнтралізаванага тэсціравання.
На аснове ўказаных патрабаванняў члены творчай групы распрацавалі алімпіядныя заданні для 5—11 класаў, якія аформлены ў вучэбна-метадычны дапаможнік “Рыхтуемся да алімпіяды па замежнай мове”.
Метадычнае забеспячэнне працэсу падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па замежнай мове прадугледжвала распрацоўку для настаўнікаў раёна праграмы па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды, мэта якой заключалася ў выніковай падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд рознага ўзроўню.
У аснову зместу праграмы пакладзены агульныя прынцыпы навучання адораных дзяцей (прынцыпы развіццёвага навучання, індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання, уліку ўзроставых магчымасцей).
Аб’яднанне ў сістэму
Змест праграмы арыентаваны на сістэматызацыю і паглыбленне ведаў лексіка-граматычных з’яў з апярэджаннем, развіццё ўменняў успрымаць на слых аўтэнтычную мову, фарміраванне ўменняў для свабодных зносін на замежнай мове і сістэму работы з адоранымі навучэнцамі па падрыхтоўцы да алімпіяд па замежнай мове. Прадстаўленая сістэма ўключае:
— выяўленне найбольш падрыхтаваных, здольных, матываваных навучэнцаў у галіне замежнай мовы праз назіранне ў ходзе вучэбных заняткаў (урок, факультатыў), індывідуальных, пазаўрочных заняткаў і мерапрыемстваў па прадмеце, псіхолага-педагагічную дыягностыку, аналіз паспяховасці па сумежных дысцыплінах;
— камплектаванне групы вучняў па ўзроставых характарыстыках;
— распрацоўку практычнай часткі праграмы (тэматычнага планавання);
— дзейнасць па развіцці дзіцячай адоранасці на ўроках з выкарыстаннем ІКТ, інтэграваных уроках, у час правядзення экскурсій, дыскусій, прэс-канферэнцый, ролевых гульняў, круглых сталоў, прадметных тыдняў, конкурсаў і віктарын, творчых дамашніх заданняў, дыстанцыйных алімпіяд, самастойнай работы, даследчай работы.
У праграме вызначаны патрабаванні да алімпіяднай падрыхтоўкі. Гэта ў першую чаргу мэтанакіраванасць і сістэматычнасць у падрыхтоўцы да алімпіяды з выкарыстаннем усіх рэсурсаў, якія ёсць у наяўнасці. На аснове практычнай часткі праграмы распрацаваны індывідуальныя планы для кожнага вучня, дзе адлюстравана спецыфічная траекторыя руху вучня ад няведання да ведаў, ад практыкі да творчасці.
У праграме прадстаўлены крытэрыі і паказчыкі сфарміраванасці ўменняў у адносінах да вызначаных тураў алімпіяды: дыялагічная мова (уменне рэагаваць на пытанні, выказваць і аргументаваць свой пункт гледжання, удакладняць інфармацыю, уносіць тлумачэнні, выражаць пачуцці рознага характару), маналагічная мова (уменне выказвацца па пэўнай сітуацыі, выражаць пачуцці рознага характару), успрыманне тэксту на слых (разуменне асноўнага зместу выказванняў маналагічнага і дыялагічнага характару па найбольш актуальных тэмах, выбарачнае разуменне патрэбнай інфармацыі ў прагматычных тэкстах), моўныя веды і навыкі (уменне прымяняць веды лексіка-граматычных з’яў у пісьмовай рабоце і інтэрпрэтаваць моўныя сродкі, якія адлюстроўваюць асаблівасці іншай культуры).
Практычная частка праграмы ўяўляе сабой тэматычнае планаванне, якое складаецца з пяці модуляў: азнаямленне з фарматам алімпіяды, стратэгіі падрыхтоўкі да раздзелаў “Listening” (як працаваць з інструкцыяй? Як працаваць з заданнем? Як працаваць з тэкстам?), “Use of English” (структура раздзела, аналіз заданняў), “Speaking” (практычныя рэкамендацыі, практыкаванні на пераадоленне тыповых цяжкасцей, стратэгіі, накіраваныя на фарміраванне кампенсаторных уменняў у вусных маўленчых зносінах), пробны тэст у фармаце алімпіяды.
Кожны настаўнік напаўняе зместам заняткі, зыходзячы з аналізу выканання алімпіядных заданняў вучнямі. Такім чынам, кожны вучань мае індывідуальны план падрыхтоўкі да алімпіяды.
Сумесныя пасяджэнні
Эфектыўнымі формамі работы творчай групы сталі сумесныя пасяджэнні настаўнікаў з высокаматываванымі дзецьмі. Вучням была прадстаўлена магчымасць працаваць у трох групах адпаведна тром турам алімпіяды з рознымі настаўнікамі. Заняткі з вучнямі праходзілі ў інтэрактыўным рэжыме. Настаўнікі (Т.М.Шыдлоўская, А.М.Семянцова, Г.М.Бакуновіч) правялі заняткі па падрыхтоўцы вучняў да аўдзіравання і прапанавалі вучням наступныя правілы, якімі яны павінны карыстацца пры падрыхтоўцы да гэтага віду моўнай дзейнасці: абавязкова прывыкнуць да гучання замежнай мовы, слухаць кожны дзень (хаця б па 5 хвілін), развіваць здольнасці ў комплексе, уключаць замежную мову фонам і спакойна займацца сваімі справамі, працаваць з аўдыякнігамі, слухаць хіты на замежнай мове і навіннае радыё.
Т.М.Конанава, Н.К.Дудзінская правялі заняткі, у якія ўключылі заданні па лексіка-граматычных тэмах, якія выклікалі ў вучняў цяжкасці ў час выканання алімпіядных заданняў.
Педагогі І.В.Ляшчэвіч, В.У.Міроненка арганізавалі работу майстар-класа, які быў праведзены Паўлам Шахновічам, вучнем 11 класа гімназіі Смаргоні, які стаў пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове і атрымаў дыплом І ступені (настаўнік І.В.Ляшчэвіч).
Практыка правядзення сумесных пасяджэнняў настаўнікаў і вучняў паказала, што такая работа дае пэўны плён: павышае матывацыю, стварае сітуацыю поспеху, выклікае інтарэс у вучняў да вывучэння замежнай мовы, жаданне працаваць самастойна з навуковай, навукова-папулярнай літаратурай, здзяйсняць пошук інфармацыі ў інтэрнэце. Такая работа будзе працягвацца і надалей.
Плануем стварыць творчую групу высокаматываваных вучняў, удзельнікаў алімпіяды для перадачы вопыту вучням сярэдняга звяна (навучаючы іншых, яны будуць удасканальваць і свае веды).
Што гарантуе паспяховую работу з адоранымі вучнямі па замежнай мове? Удзельнікі творчай групы перакананы ў тым, што для паспяховай работы з адоранымі дзецьмі неабходна асэнсаваць важнасць яе кожным членам калектыву і прызнаць адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці школы, а таксама стварыць і пастаянна ўдасканальваць метадычную сістэму і прадметныя падсістэмы работы ў гэтым кірунку, аптымальна будаваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі для кожнага адоранага вучня.
Валянціна БАРЭЙКА,
метадыст Смаргонскага вучэбна-метадычнага кабінета,
выдатнік адукацыі;
Таццяна ШЫДЛОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні,
кіраўнік творчай групы.