Рэйтынг высокі

- 16:09Адукацыйная прастора

Учора ў Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра Сяргея Аляксандравіча Маскевіча з пераможцамі Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат, 20-й Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, экалогіі (ICYS) і 47-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі. Міністра цікавілі як аспекты падрыхтоўкі нашых школьнікаў да інтэлектуальных спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню, так і ўражанні пераможцаў.

У сустрэчы ўзялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч, вядомы настаўнік матэматыкі дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мікалаевіч Волкаў, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Святлана Васільеўна Уклейка.
Акрамя таго, побач з пераможцамі былі кіраўнікі каманд. Гэта настаўнік матэматыкі Ліцэя БДУ аспірант БДУ Міхаіл Васільевіч Карпук; старшы выкладчык кафедры камп’ютэрнага мадэлявання фізфака БДУ настаўнік фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч; дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат фізіка-матэматычных навук Віталь Уладзіміравіч Жылко; намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Барыс Валянцінавіч Задворны. А таксама дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта кандыдат хімічных навук Віктар Мікалаевіч Хвалюк і асістэнт кафедры арганічнай хіміі хімфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Рыгоравіч Шклярук.

Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя міжнародныя спаборніцтвы праходзілі ў красавіку бягучага года і ўсе сталі паспяховымі для беларускіх каманд, таму на пачатку сустрэчы міністр адукацыі, вітаючы пераможцаў, адзначыў, што нашы школьнікі чарговы раз прадэманстравалі свой высокі інтэлектуальны ўзровень, тым самым пацвердзіўшы дзейснасць нашай сістэмы адукацыі. “Нам неабходна ўдзельнічаць у тых інтэлектуальных спаборніцтвах, якія падымаюць рэйтынг нашай сістэмы адукацыі ў свеце”, — адзначыў С.А. Маскевіч.

Нагадаем, што Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат праходзіла ў Люксембургу з 8 па 14 красавіка. І як трапна заўважыў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, вынікі гэтай алімпіяды яскрава паказалі, што і на Беларусі ёсць свае Соф’і Кавалеўскія. Гэта ўладальніцы залатых медалёў: Лізавета Даўгяла з ліцэя БДУ (настаўнікі М.В. Карпук, С.П. Сташулёнак), Настасся Жыркевіч з гімназіі № 3 Бабруйска (настаўніца Н.А. Статкевіч), Варвара Кузміцкая з Ліцэя БДУ (настаўнік І.І. Варановіч), і бронзавая медалістка Ірына Бурак, прадстаўніца гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага (настаўнікі Л.І. Лаўрыновіч, Б.Б. Камракоў).
Расказваючы пра алімпіяду, дзяўчаты заўважылі, што ўдзельнічаць у мерапрыемствах такога кшталту, канечне, вялікае дасягненне, бо на міжнародную алімпіяду па матэматыцы, як правіла, трапляюць хлопцы. Апроч таго, такія інтэлектуальныя спаборніцтвы — гэта яшчэ і звычайныя чалавечыя зносіны, новыя знаёмствы і ўражанні. Мовай зносін удзельніц алімпіяды была англійская, і, як адзначылі нашы пераможцы, іх узровень валодання англійскай мовай даваў магчымасць не проста падтрымліваць размову, а нават спрачацца і нешта расказваць.
“Было вельмі прыемна, што нашу краіну ў Еўропе ведаюць добра, ведаюць яе нацыянальныя сімвалы, а некаторыя нават паспелі вывучыць колькі беларускіх слоў”, — адзначылі дзяўчаты.

А вось нашым удзельнікам міжнароднай канферэнцыі ICYS, якая праходзіла ў Інданезіі з 15 па 22 красавіка, падчас прэзентацыі сваёй каманды ўдалося арганізаваць цэлае шоу, на якім беларускую песню спявалі ўсе прысутныя, уключаючы міністра адукацыі Інданезіі. Але наша каманда запомнілася не толькі прыгожымі спевамі, але і выдатнай абаронай сваіх дакладаў.
У выніку на сустрэчы з міністрам свой медаль прадэманстраваў Захар Якубоўскі з гімназіі № 1 Жодзіна (настаўнікі А.І. Слабадзянюк, Э.М.Якубоўская), які за даследаванне “Перкаляцыя” заваяваў “бронзу”. Максім Бязрукаў і Аляксандр Стадольнік з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага (настаўнік Б.В. Задворны) за даследаванне па матэматыцы “Гульні перкаляцый на графах Кэлі груп” атрымалі “серабро”. Сярэбраны медаль дастаўся і Уладзіславу Паўловічу з Ліцэя БДУ за даследаванне па інфарматыцы “Алгарымы генерацыі дрэў” (настаўніца А.І. Лапо).
Будучы капітанам каманды, Захар Якубоўскі звярнуў увагу прысутных на тое, што каманда да ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных рыхтавалася вельмі сур’ёзна. І вынік таго каштаваў. Па словах Захара, каб перамагчы на канферэнцыі такога кшталту, толькі школьных ведаў не хопіць. “У 1-й гімназіі Жодзіна даецца выдатная адукацыя па матэматыцы і фізіцы, але навукова-даследчая дзейнасць патрабуе дадатковых ведаў і навуковых кансультацый спецыялістаў”, — сказаў Захар.
У сваю чаргу В.У.Жылко адзначыў, што каманда беларускіх школьнікаў па выніках канферэнцыі ў секцыі “Фізіка” ўвайшла ў тройку лідараў. Самымі моцнымі ў гэтым кірунку сталі палякі, але беларускія школьнікі адстаюць не намнога.

Зусім нядаўна наша каманда вярнулася з 47-й Міжнароднай Мендзялееўскай хімічнай алімпіяды, якая праходзіла ў Ташкенце з 22 красавіка па 1 мая. У алімпіядзе прымалі ўдзел 118 школьнікаў з 17 краін свету. Наша каманда ў чарговы раз вярнулася з трыумфам. На яе рахунку 10 медалёў.
“Золата” прывёз Сяргей Кузоўчыкаў, прадстаўнік гімназіі № 1 Мінска імя Ф. Скарыны (настаўніца Н.С. Краўцова). “Серабра” былі ўдастоены Мікалай Арцюшэўскі з Ліцэя БДУ (настаўнік В.Э. Матуліс), Аляксандра Дземідовіч з гімназіі № 15 Мінска (настаўніца Н.Д. Рахманава), Аляксандра Радчанка з гімназіі № 7 Маладзечна (настаўніца Н.Д. Пашчук), Андрэй Швед, прадстаўнік гімназіі № 12 Мінска (настаўніца С.М. Светнік), Лізавета Петрусевіч, выхаванка гімназіі № 29 Мінска (настаўніца Н.В. Куракова).
Бронзавыя медалі атрымалі: Ілья Зянькоў з Мінскага абласнога ліцэя (настаўніца С.Г. Мельнікава), Андрэй Лойка з сярэдняй школы № 165 Мінска (настаўніца М.І. Самец), Цімафей Раманоўскі, прадстаўнік сярэдняй школы № 12 Слуцка (настаўніца Н. М. Чабыцька), Кацярына Нічыпарава, выхаванка Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 (настаўнік С.С. Крутаў).

Трэба адзначыць, што нашы дзеці да Мендзялееўскай алімпіяды рыхтуюцца ў большасці сваёй самастойна. За іх плячыма перамога на рэспубліканскай алімпіядзе, што, канечне, з’яўляецца асноўнай падрыхтоўчай базай для пакарэння міжнародных вяршынь, але не менш важнай застаецца лакальная падрыхтоўка на месцах у сваіх навучальных установах разам са сваімі настаўнікамі.
У гэтай сувязі Віктар Мікалаевіч Хвалюк выступіў з прапановай арганізаваць для такіх настаўнікаў пэўную праграму, якая дазваляла б збірацца на адпаведныя канферэнцыі і курсы. “Цяпер да алімпіяд у асноўным рыхтуюць сталыя настаўнікі, але да гэтай справы трэба далучаць і маладых. А іх трэба падтрымліваць і заахвочваць. Спецыяльныя курсы ці канферэнцыі маглі быць пляцоўкай не толькі для абмену вопытам, але і вучобы. Мы, выкладчыкі хімфака БДУ, гатовы далучыцца да гэтага працэсу і працаваць разам са школьнымі настаўнікамі”, — адзначыў Віктар Мікалаевіч.
Віталь Уладзіміравіч Жылко таксама прапанаваў некалькі ініцыятыў, якія, на яго думку, паспрыялі б развіццю школьнай навукі і, адпаведна, павышэнню канкурэнтаздольнасці нашых школьнікаў на міжнародным узроўні. “Было б выдатна, калі б у нашай краіне быў створаны музей навукі, які ўключаў бы экспазіцыйныя залы па ўсіх навуковых напрамках. Такія музеі ёсць у многіх краінах свету, і там праводзяцца не толькі экскурсіі, але і заняткі”, — сказаў Віталь Уладзіміравіч.
Акрамя таго, В.У. Жылко закрануў пытанне адбору дзяцей да ўдзелу ў канферэнцыі. Як вядома, рабочай мовай канферэнцыі з’яўляецца англійская, а некаторыя дзеці, маючы выдатную навуковую падрыхтоўку, не могуць пахваліцца такім жа высокім узроўнем сваёй англійскай мовы. Неабходны спецыяльныя курсы. Як, зрэшты, і навуковае куратарства: пасля адбору дзяцей кожнаму ўдзельніку канферэнцыі або міжнародных турніраў па матэматыцы ці фізіцы патрэбен навуковы куратар, які будзе падтрымліваць і дапамагаць на працягу ўсяго часу падрыхтоўкі. Такі вопыт ёсць, напрыклад, у Літве. А ў нас пакуль нават падрыхтоўчыя зборы не праводзяцца.
Не менш важным з’яўляецца і пытанне фінансавання паездак. Напрыклад, сёлета, калі б не спонсарская дапамога і ўласныя фінансавыя магчымасці некаторых удзельнікаў, на канферэнцыю ICYS змаглі б паехаць толькі два ўдзельнікі і адзін кіраўнік. Яшчэ хацелася б большай цікавасці да лёсу нашых пераможцаў з боку арганізацый і ўстаноў, якія маглі б заахвочваць такіх дзяцей сваімі ўзнагародамі.

З неабходнасцю павялічыць фінансаванне падрыхтоўкі беларускіх школьнікаў да міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў пагадзіўся і М.М. Волкаў, які, апроч таго, акрэсліў тры складнікі поспеху нашых дзяцей: зразумела, самі школьнікі, іх настаўнікі і навучальныя ўстановы, здольныя стварыць адпаведныя ўмовы для дзяцей і настаўнікаў. А затым ад імя настаўнікаў матэматыкі выступоўца папрасіў падкарэкціраваць тэрміны правядзення этапаў рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, каб даць магчымасць школьнікам заявіць пра сябе і на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе, правядзенне якой супадае з нашым абласным турам. Тым больш, патэнцыял ёсць.

У адказ на агучаныя ініцыятывы Сяргей Аляксандравіч Маскевіч запэўніў, што Міністэрства адукацыі будзе працаваць над тым, каб палепшыць умовы падрыхтоўкі самых здольных і таленавітых вучняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.