Родная народная “Настаўніцкая”

- 16:37Міншчына, Прэс-тур

31 мая ў парламенце адбылася сустрэча журналістаў “Настаўніцкай газеты” з дэпутатамі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.

— Правядзенне сустрэчы напярэдадні Дня абароны дзяцей нельга назваць выпадковым супадзеннем — гэта сведчанне таго, наколькі мы сугучныя ў сваёй дзейнасці, — адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. — Мы аб’яднаны адной справай у развіцці адукацыйнай галіны, у навучанні і выхаванні маладога пакалення: дэпутаты гэта здзяйсняюць на заканадаўчым узроўні, а наша газета — праз друкаванае слова, праз фарміраванне грамадскай думкі. Мы разам працуем на карысць нашай педагагічнай грамадскасці, на карысць нашых дзяцей, і ў гэтым наша асноўная місія.

— Сапраўды, мы, па сутнасці, калегі, мы аднадумцы, таму што працуем на адукацыю і ў яе гонар, вырашаем пытанні нашага настаўніцтва, мы — у парламенце і ў акругах, а вы — на старонках нашай профільнай газеты, — падтрымаў галоўнага рэдактара старшыня Пастаяннай камісіі А.І.Сягоднік. — Наша дзейнасць у многім пераклікаецца, і нам вельмі важна мець дастойнага паплечніка, якім з’яўляецца для нас калектыў “Настаўніцкай газеты”.

Па словах Аляксандра Іванавіча, “Настаўніцкую” па праве можна назваць роднай народнай.

— Мы ўсе знаёмы з нашай газетай вельмі добра і з даўніх часоў, таму што жыццё кожнага члена нашай камісіі звязана з адукацыяй, з настаўніцтвам, — падзяліўся А.І.Сягоднік. — Сярод дэпутатаў — педагогі і кіраўнікі адукацыйнай галіны, і кожнаму з нас сфера адукацыі дакладна вядома.Таму тыя законапраекты, якія паступаюць у камісію, вывучаюцца з прафесійнай дасканаласцю.

За апошнія гады камісіяй было разгледжана шмат законапраектаў, сярод якіх найбольш гучныя ў нашым грамадстве — Кодэкс аб адукацыі і Кодэкс аб культуры. Дакументы ствараліся пры цесным супрацоўніцтве з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі, вывучаліся меркаванні грамадскасці, канкрэтных устаноў і арганізацый. Работа над удасканаленнем Кодэкса аб адукацыі яшчэ вядзецца, а праект Кодэкса аб культуры вынесены на гэтую сесію ў другім чытанні.

Але не толькі заканатворчасцю займаюцца дэпутаты. У сферу іх дэпутацкіх абавязкаў уваходзць работа ў выбарчых акругах, сустрэчы з выбаршчыкамі.

— Праблемы, з якімі да нас ідуць людзі, самыя розныя, — расказалі дэпутаты. — Часцей за ўсё яны тычацца не толькі адукацыйнай галіны, культурнай сферы або навукі, а звычайна гэта жыццёвыя пытанні. Прыходзіцца ўнікаць і ў зусім іншыя сферы, каб дапамагчы чалавеку. А гэта, магчыма, самае важнае — быць карысным людзям. Так і вы сваімі матэрыяламі і ўвогуле шчырым словам імкняцеся дапамагчы сваім чытачам.

Кожны дэпутат камісіі падзяліўся з журналістамі сваімі думкамі, расказаў, чым займаецца канкрэтна ў камісіі, у сваёй акрузе. Як вядома, парламентарыі вядуць актыўную грамадскую работу, займаюцца дабрачыннасцю, арганізоўваюць шматлікія мерапрыемствы. У сваю чаргу журналісты “Настаўніцкай” расказалі аб асаблівасцях журналісцкай справы, аб сваіх творчых планах на найбліжэйшы час.

Дэпутаты выступілі ў якасці экскурсаводаў і пазнаёмілі гасцей з галоўнай славутасцю парламента — Авальнай залай, дзе праходзяць пасяджэнні сесій, з экспазіцыяй выставы аб развіцці парламентарызму ў Беларусі і з прэс-цэнтрам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Ігара Грэчкі.