Родную мову ў вёсцы Верасніца па-сапраўднаму любяць і паважаюць

- 15:54Нам пішуць

Панядзелак 15 лютага выдаўся сонечным і яркім. Але не толькі надвор’е радавала настаўнікаў і навучэнцаў Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Кожны, хто заходзіў у гэты дзень у навучальную ўстанову, пісаў на стэндзе “Зарапад падзяк і пажаданняў” ветлівыя словы на беларускай мове. Зорачкі, нібы брыльянтавыя расінкі, пачалі зіхацець у фае першага корпуса. Колькі шчырых пажаданняў было напісана кожнаму з нас! Так упэўнена і творча пачаўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе.

У гэты ж дзень для навучэнцаў 3-4 класаў быў арганізаваны музычны перапынак. Маленькія школьнікі танцавалі пад мелодыі беларускіх песень. На наступны дзень навучэнцы 3-5 класаў рыхтавалі малюнкі да беларускіх казак, а старэйшыя (з 6 па 11 клас) рабілі ілюстрацыі да твораў Івана Мележа. Дарэчы, апошняе мерапрыемства было прымеркавана да 95-годдзя пісьменніка. Журы вызначыла пераможцаў, якімі сталі Лізавета Кадоліч (4 клас), Дзмітрый Блоцкі (9 клас), Ганна Блоцкая (6 клас).
А ў сераду, 17 лютага, па школе разліваліся гукі чароўных мелодый. У нас праходзіў конкурс беларускай народнай песні. За права быць лепшымі змагаліся навучэнцы 3-11 класаў, якія з вялікай цікавасцю і задавальненнем удзельнічалі ў гэтым свяце. Уся школа апынулася ў атмасферы беларускіх традыцый. Кожны клас прадставіў і праінсцэніраваў выбраны ім народны твор. Амаль усе школьнікі паказалі вялікія творчыя здольнасці, а журы з вялікай асалодай паслухала песні: “Нясе Галя воду”, “Цячэ вада ў ярок”, “Купалінка”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Ехаў пан-капітан”, “Ты ж мяне падманула”. Дыпломы I, II і III ступені атрымалі адпаведна навучэнцы 6-га, 11-га і 5-га класаў.
Чацвер пачаўся з правядзення рэспубліканскага конкурсу “Буслік-2016”. Праверыць свае веды па беларускай мове пажадалі аж 47 вучняў нашай школы. У гэты ж дзень прайшоў конкурс чытальнікаў, дзе гучалі вершы Я.Коласа, П. Панчанкі, Н.Гілевіча, Р. Барадуліна, байкі К.Крапівы. Вельмі прыемна, што беларускія словы так прыгожа, мілагучна, яскрава ліліся з вуснаў Алёны Вашковай (3 клас), Дар’і Дарошка (4 клас), Данілы Страха (5 клас), Яўгена Кадоліча (6 клас), Паліны Саўчук (8 клас), Настассі Рыдзецкай і Уладзіслава Вашкова (9 клас), Алесі Кажаноўскай (10 клас), Аліны Кошман (11 клас). Трэба дадаць, што ў нашай школе амаль усе навучэнцы размаўляюць на беларускай мове. Але менавіта такія конкурсы пераконваюць нас яшчэ раз у тым, якое вялікае значэнне мае наша родная мова, як дзеці стараюцца паглыбіць свае веды аб ёй, зацікавіўшыся крыніцамі духоўнага багацця.
А завяршыўся тыдзень не менш цікавым мерапрыемствам 19 лютага. Напярэдадні, увечары, вучні разам з бацькамі рыхтавалі беларускія стравы. Таму конкурс “Запрашаем на беларускія прысмакі” запомніўся дзецям і педагогам як сапраўднае свята. Кожны клас упрыгожыў свой стол на беларускі лад: рушнікамі, сурвэткамі, абрусамі, старадаўнім посудам. Чаго толькі ні ўбачыла тут журы! Калдуны, дамашнія каўбасы, дранікі, клёцкі, бульбяная бабка, салодкія бліны з мёдам, верашчака, мачанка, нарэзаная паляндвіца з салам. Хацелася ўсё хутчэй пакаштаваць. Але навучэнцы падрыхтавалі абарону свайго стала: хто прыгадаў, як смачна зварыць бульбу, а хто ўспомніў прыказкі і прымаўкі пра ежу. Шасцікласнікі, напрыклад, апрануліся ў нацыянальныя касцюмы і праспявалі песні, а дзевяцікласнікі з задавальненнем падзяліліся рэцэптамі прыгатавання страў. А потым усе з вялікай асалодай пілі гарбату, частаваліся прысмакамі па-беларуску. Усе навучэнцы былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені.
У суботу на ўрачыстай лінейцы падвялі вынікі Тыдня беларускай мовы і літаратуры, уручылі граматы, дыпломы і падарункі.
А мне застаецца дадаць, што праца настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры нашай школы не застанецца марнай, таму што родную мову ў вёсцы Верасніца па-сапраўднаму любяць і паважаюць. А такія мерапрыемствы праводзяцца для таго, каб дзеці са школьных гадоў прывучаліся любіць і шанаваць народныя традыцыі, знаёміліся з творамі нашых паэтаў і пісьменнікаў.

Наталля ВАШКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.