Роўныя магчымасці: гурткі Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава дзейнічаюць амаль ва ўсіх сельскіх школах раёна

- 16:19Образование

Цэнтр дзіцячай творчасці Мсціслава — месца, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды знаходзяць сабе справу па інтарэсах і могуць здзейсніць свае мары. Прычым роўныя магчымасці для атрымання дадатковай адукацыі тут прадастаўляюць як гарадскім, так і вясковым дзецям, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дырэктар Ганна Марфонава дэманструе вынікі праектаў цэнтра

— У нашай навучальнай установы гаворачая назва, і мы стараемся поўнасцю ёй адпавядаць — сапраўды быць тэрыторыяй творчасці. Галоўны прыярытэт для нас — навучэнцы, іх захапленні і запыты. Усе педагогі знаходзяцца ў пошуку ідэй, цікавых сучасным дзецям, — расказала дырэктар установы Ганна Марфонава.

Сёння ў цэнтры функцыяну­юць 35 аб’яднанняў па інтарэсах. Тут захавалі ўсе класічныя напрамкі, а таксама з улікам сучасных рэалій практычна штогод адкрываюць новыя гурткі.

— Сёлета мы набралі для навучання 86 груп, у якія залічана звыш тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Адукацыйныя праграмы рэалізуюцца па розных профілях. Педагогі вучаць дзяцей вакальнай, тэатральнай, выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ганчарнаму майстэрству, харэаграфіі, плаванню, гульні ў шахматы і валейбол.

Зараз навучэнцам вельмі цікавыя прыродазнаўчаматэматычныя і грамадска-гуманітарныя аб’яднанні. Дзеці з задавальненнем вучацца робататэхніцы, асновам камп’ютарнай і экалагічнай дасведчанасці, журналістыцы, валанцёрству, англійскай мове. Пералік адукацыйных паслуг у нас вельмі шырокі, і ён пастаянна мяняецца з улікам павеваў часу. Напрык­лад, летась былі адкрыты такія гурткі, як “Лічбавае і 3D-мадэляванне”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”. Мы таксама ўлічваем просьбы бацькоў. Вялікім попытам карыстаецца нядаўна адкрытая школа развіцця для дашкольнікаў, — адзначыла Ганна Іванаўна.

Ахапіць дадатковай адукацыяй у цэнтры імкнуцца як мага большую колькасць навучэнцаў. Дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах наладжана ў сельскіх школах, ЦКРНіР і школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

— Мы стараемся, каб магчымасці для атрымання дадатковай адукацыі былі ў кожнага дзіцяці. Асноўнай сваёй мэтай бачым раскрыццё вучнёўскіх талентаў. Але важным лічым і выхаванне падрастаючага пакалення. Выхаваўчаму кампаненту надаём першачарговае значэнне: рэгулярна арганізоўваем для дзяцей праекты, якія развіваюць у іх маральныя якасці, фарміру­юць нацыянальную самасвядо­масць, грамадзянскасць і патрыя­тызм, — паведаміла Ганна Марфонава.

За апошнія некалькі гадоў тут рэалізавалі шэраг ініцыятыў з акцэнтам на мсціслаўскай спадчыне. Калектыў цэнтра перакананы: вучыць любіць Радзіму трэба з малога.

Шматлікія ініцыятывы ва ўстанове накіраваны на фарміраванне ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскасці і патрыятызму

— Дзеці павінны ведаць гісторыю і культуру роднага краю, горада ці вёскі, дзе яны нарадзіліся. На гэта і робім упор. Разам з педагогамі навучэнцы з энтузіязмам вывучалі мясцовы арнамент, стваралі рэйтынг славутасцей Мсціслаўшчыны. На зборы інфармацыі мы не спыняемся. Так, топ-10 адметных архітэктурных аб’ектаў раёна дзеці адлюстроўваюць праз роспіс на талерках, а вывучэнне арнаменту знайшло адлюстраванне ў стварэнні герданаў і сучасных сумак-вышыванак. Асаблівай нашай гордасцю з’яўляецца інтэрактыўная экспазіцыя “Жывая памяць”, якая стала вынікам маштабнай пошукавай работы. У адным з вучэбных кабінетаў размясціліся сабраныя матэрыялы, рэчы і падрабязныя біяграфічныя звесткі аб мсціслаўчанах, якія праявілі сябе ў Вялікай Айчыннай вайне і ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Цяпер працуем над афармленнем віртуальнай экскурсіі па экспазіцыі, — расказала Ганна Іванаўна.

У гэтай установе займаюцца і працоўным выхаваннем дзяцей. Сумесна з педагогамі вучні збіраюць травы і ягады, з якіх потым робяць натуральны смачны чай. З ураджаю яблыневага саду, што расце вакол цэнтра, дзеці пад наглядам настаўнікаў вырабляюць пасцілу. Уся прадукцыя папулярная сярод насельніцтва.

— Цікавыя жыхарам і гас­цям горада і нашы гістарычныя квесты, турыстычныя праграмы. Пазабюджэтная дзейнасць дапамагае нам паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу і, адпаведна, якасць адукацыі. У сукупнасці з плённай працай педагогаў гэта дазваляе дасягаць высокіх поспехаў у навучанні і выхаванні дзяцей, — падкрэсліла Ганна Марфонава.

Ганарыцца Цэнтру дзіцячай творчасці Мсціслава насамрэч ёсць чым. Штогод яго выхаванцы вызначаюцца дзясяткамі прызавых дыпломаў на рэспубліканскіх і абласных конкурсах. Па профілі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўстанова неаднаразова прызнавалася лепшай у вобласці.

— З вектарам на раскрыццё патэнцыялу нашых вучняў будзем працаваць і надалей. У нас шмат планаў, але ключавая мэта застаецца нязменнай: працягваць рабіць дзяцінства юных мсціслаўчан яркім, маляўнічым і запамінальным, — запэўніла дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
фота аўтара