Рознакаляровая арт-тэрыторыя

- 12:12Культура

Сёння мы з вамі завітаем ва ўнікальную ўстанову адукацыі, сапраўдную майстэрню беларускай культуры — у Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў. Адукацыйнае асяроддзе гэтай установы спрыяе раскрыццю і развіццю юных талентаў, фарміраванню мастацкага густу і пачуцця прыгожага, а таксама самаўдасканаленню і самарэалізацыі творчых педагогаў.

Летапіс акадэміі талентаў

Недалёка ад Нямігі знаходзіцца сталічная гімназія-каледж мастацтваў, якая за сваю 100-гадовую гісторыю неаднаразова мяняла назву. Так, у 1919 годзе гэта была жаночая беларуская 26-я гвардзейская школа, у 1944-м яна стала школай № 26, якая ў 70-я гады набыла статус адзінай у Мінску школы з мастацкім ухілам, аб’яднаўшы творчую эліту горада. Затым, у 1991-м, яна ператварылася ў Мастацкі ліцэй пры Акадэміі мастацтваў, а ў 2000-м на яго базе ўзнікла гімназія-каледж мастацтваў, якая пры гэтым набывала новы ўтульны дом па адрасе: вул. Камуністычная, 52. Мяняліся назвы, памяшканні ўстановы, вучні, педагогі, але нязменным заставалася адно — раскрыццё і выхоўванне юных талентаў, якія ў далейшым станавіліся яркімі прадстаўнікамі айчыннага мастацтва.

“У нашай гімназіі-каледжы заўсёды панаваў асаблівы, нават можна сказаць, чароўны дух мастацтва, — падкрэсліла дырэктар установы Лілія Міцура, якая працуе тут кіраўніком ужо 20 гадоў. — Па адукацыі я гісторык, але так склаліся абставіны, што ў далёкім 1978 годзе я трапіла ў сярэднюю школу № 26 піянерважатай. Адразу было вельмі складана ўліцца ў патрабавальны, згуртаваны і масціты калектыў, у якім працавалі такія педагогі, на якіх я глядзела з заміраннем сэрца. Але гэта былі тыя людзі, якія вучылі праца­ваць і жыць, вучылі любіць дзяцей і з павагай ставіцца да ўсяго, што адбываецца навокал. Напэўна, усё тое, што я ўмею сёння, — дзякуючы ім. Потым я была настаўнікам, пасля стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з 2001 года была прызначана кіраўніком гімназіі-каледжа. Усё маё жыццё прайшло тут, і сёння я магу сказаць, што гэта мой дом! Наша ўстанова — не проста школа, дзе дзеці вучацца маляваць, гэта своеасаблівая творчая сям’я майстроў”.

Нядзіўна, што ў такой творчай атмасферы раскрыліся здольнасці соцень адораных дзяцей і ў 1990 годзе школа стала членам ЮНЕСКА. З набыццём новага статусу слава гімназіі-каледжа выйшла за межы краіны. Персанальныя выставы навучэнцаў з поспехам праходзілі ў Германіі, Францыі, Нарвегіі, ЗША, Японіі, Даніі, Польшчы і многіх іншых краінах.

А ствараюць гэтую атмасферу сумеснай творчасці і прыгажосці майстры сваёй справы. Многія з педагогаў, як і дырэктар Л.А.Міцура, працуюць тут усё сваё прафесійнае жыццё. Настаўнікі і выкладчыкі гімназіі-каледжа мастацтваў — сапраўдныя прафесіяналы: аўтары вучэбных праграм, адукацыйных праектаў, публікацый у перыядычным друку, пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, члены Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.

“Усяго ў нас працуюць 103 выкладчыкі, якія складаюць моцны педагагічны калектыў, хоць і складаны, таму што палова з іх — творчыя людзі, прафесійныя мастакі, якія патрабуюць асаблівага падыходу. 90% калектыву — выкладчыкі вышэйшай і першай катэгорыі, ёсць у нас 2 настаўнікі-метадысты, — патлумачыла Лілія Аляксееўна. — На жаль, не ўсе нашы мастакі маюць педагагічную адукацыю, але мы іх накіроўваем на курсы перападрыхтоўкі, імкнучыся падтры­маць кожнага. У нас шмат сталых настаўнікаў з вельмі багатым вопытам, некаторыя працуюць у нас паўстагоддзя. У той жа час яны ніколі не крыўдзяць маладых і ставяцца да іх па-бацькоўску. Тут прывыклі шанаваць людзей, бо настаўнік у першую чаргу — асоба, чалавек са сваімі праблемамі, цяжкасцямі, адметным унутраным светам. Мяне калісьці першы дырэктар гэтай школы навучыў, што заўсёды трэба бачыць людзей і любіць іх, бо толькі тады зможаш зразумець іх. І ведаеце, мне ніколі нікога не прыходзілася ўгаворваць нешта зрабіць, я магла выскачыць у калідор і сказаць: “Дзяўчаткі, трэба!”, і ўсё — мне ішлі насустрач. У нашай школе ўсе заўсёды крочаць наперад”.

У гімназіі-каледжы займаюцца 673 вучні, 125 з якіх атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. “Пасля каледжа ўсіх сваіх выпускнікоў мы паспяхова працаўладкоўваем. Увогуле ў горадзе наша ўстанова лічыцца пэўным брэндам, таму калі нашы выпускнікі ідуць у профільныя УВА, то ўсе ведаюць, што яны ўжо маюць вельмі добрую падрыхтоўку. Акрамя таго, нашы гімназісты паступаюць і ў іншыя ўніверсітэты, і сёння мы ганарымся не толькі нашымі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі, але і медыкамі, фізікамі, матэматыкамі, лінгвістамі”, — дадала дырэктар установы. Дарэчы, у наступным годзе ў каледжы плануецца набраць пробную групу на новае аддзяленне “Віртуальны дызайн”, для якога кампанія Wargaming дапамагла з абсталяваннем новага камп’ютарнага класа, дзе вучні будуць авалодваць 2D- і 3D-мадэляваннем.

Што тычыцца адметных кабінетаў, то іх у гімназіі-каледжы багата: гэта не толькі самыя разнастайныя абсталяваныя вучэбныя кабінеты і майстэрні, але і эстэтычна аформленыя рэкрэацыі і галерэі дзіцячай творчасці, адметны кабінет беларускай мовы і літаратуры, сучасная спартыўная зала і нават пакой псіхалагічнай разгрузкі. “Мы заўсёды стараемся чымсьці здзівіць нашых дзяцей і зрабіць усё, каб яны прыходзілі да нас з радасцю. Імкнёмся ісці ў нагу з часам, каб было цікава, сучасна і камфортна нашым вучням, каб школа сапраўды нагадвала дом, таму што нашы дзеці пражываюць разам з намі сваё жыццё, яны прыходзяць у 8.30 і сыхо­дзяць познім вечарам. Мы проста абавязаны ствараць для іх спрыяльныя ўмовы, што і робім на працягу многіх гадоў, — сказала Л.Міцура. — Для пагружэння дзяцей у свет творчасці ў нас створана ўнікальнае адукацыйнае асяроддзе, якое не толькі спрыяе навучанню дзяцей, але і фарміруе ў іх эстэтычны густ, пачуццё прыгожага. Пры гэтым нашы педагогі дбайна сочаць за захаваннем і развіццём індывідуальнага мастацкага почырку вучня”.

Код здароўя

У гімназіі-каледжы мастацтваў таксама арганізавана ўнікальная выхаваўчая прастора. Па словах дырэктара ўстановы, тут працуюць выдатныя псіхолагі, педагог-арганізатар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.М.Гусятнікава. “У нас шмат увагі ўдзяляецца псіхічнаму стану дзяцей: нават даросламу складана выстаяць у гэтым свеце, а падрастаючаму пакаленню ўдвая складаней. Таму ў нас функцыянуе незвычайны кабінет псіхалагічнай разгрузкі. Ім больш за ўсё карыстаюцца юнакі і дзяўчаты, якія паступілі да нас пасля 9 класа. А нашы гімназісты, якія вучацца з 2 класа, ужо прывыклі да нагрузак, — паведаміла Лілія Аляксееўна. — Вялікая ўвага ўдзяляецца і ідэалагічнаму выхаванню, прычым нашы выкладчыкі ўласным прыкладам паказваюць, як трэба любіць сваю краіну. Дарэчы, наша гімназія-каледж была адзначана за лепшы праект па арганізацыі працэсу выхавання і атрымала грант Мінгарвыканкама. Наша школа — тэрыторыя здароўя, бо і здароўезберагальных тэхналогій у нас шмат”.

Установе быў выдзелены грант на рэалізацыю праекта “Распрацоўка і ўкараненне мадэлі фарміравання бяспечных і адказных паводзін падлеткаў #РИСК_NET у выхаваўчае асяроддзе ўстаноў адукацыі”. Яго інавацыйнасць у тым, што для прафілактычнай работы выкарыстоўваецца адкрытая інтэрнэт-прастора ў спалучэнні з неабмежаванымі магчымасцямі інтэрнэт-рэсурсаў, соцыуму, сучасных стратэгій узаемадзеяння, падыходаў, форм і метадаў прафілактычнай работы з моладдзю. “Праект рэалізуецца намі ўжо на працягу двух гадоў. З групай педагогаў і валанцёраў мы праводзім розныя акцыі, у сацыяльнай сетцы “УКантакце” створаны суполкі “Твая інтэрнэт-тэрыторыя” для дзяцей і “Інтэрнэт-тэрыторыя твайго дзіцяці” для бацькоў. Мы праводзім работу з дзецьмі па фарміраванні бяспечных паво­дзін у інтэрнэце, абмяркоўваем інтэрнэт-рызыкі ХХІ стагоддзя: кібербулінг, громінг, кра­дзяжы з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі і г.д. Важным складнікам прафілактычнай работы з’яўляецца ўзаемадзеянне са спецыялістамі розных дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Будзем працягваць гэты праект і надалей, таму што нашы дзеці праводзяць у інтэрнэце па 3—5 гадзін на дзень, і гэтую віртуальную прастору, у якой мы сёння жывём, неабходна рабіць бяспечнай”, — азнаёміла з праектам С.М.Гусятнікава.

Святлана Міхайлаўна таксама акцэнтавала ўвагу на мадэлі работы іх сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, якая называецца “Код здароўя”. Раз на чатыры гады ў Мінску праводзіцца гарадскі конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя вучняў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін і фарміраванні здаровага ладу жыцця. Сёлета гімназія-каледж удзельнічала ў намінацыі “Мадэль работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі па суправаджэнні дзейнасці, накіраванай на выхаванне культуры бяспечнай жыцця­дзейнасці, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і адказных паводзін”.

“Мы вырашылі ў нашай мадэлі акцэнтаваць увагу на прасторава-прадметным кампаненце — дзе і як навучаецца дзіця, на сацыяльным кампаненце — хто навучае і на тэхналагічным — чаму навучаецца. Мы ствараем камфортную і ўтульную прастору для вучняў, якая складаецца і з разнастайных рэкрэацый, зон, “Тэрыторыі эмоцый і зносін”, існуе нават лаўка прымірэння з мастком крокаў, якія трэба прайсці, каб стварыць добрыя ўзаемаадносіны. Ідэя гэтага ў тым, каб падкрэсліць, што людзі не павінны будаваць сцены ў зносінах адзін з адным, а павінны будаваць мосцікі, — расказала намеснік дырэктара. — Такім чынам мы дапамагаем нашым вучням спраўляцца са стрэсамі, канфліктамі, развіваем іх эмацыянальны інтэлект, вучым улічваць патрэбы і пачуцці навакольных. Выкарыстоўваем таксама розныя віды арт-тэрапіі: казкатэрапію, пясочную тэрапію, глінатэрапію, метад мандалы, праводзім творчыя конкурсы, стварылі АРТ-тэрыторыю гімназіі-каледжа ў Instagram “Маладзёжны віртуальны вернісаж”, дзе дэманструюцца работы навучэнцаў”.

Альма-матар = прафесійная сцяжынка

Сярод выпускнікоў гімназіі-каледжа мастацтваў — паўсотні стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і мноства знакамітых дызайнераў, архітэктараў і мастакоў. У скарбонцы ўзнагарод нямала дыпломаў і грантаў. Славіцца ўстанова і сваёй пераемнасцю: у сцены альма-матар педагогамі вяртаюцца яе былыя выпускнікі. Сярод іх і малады выкладчык выяўленчага мастацтва Марына Жвірбля.

“У каледж я паступіла пасля 9 класа і адразу акунулася ў незвычайную творчую атмасферу, якая дапамагла мне сфарміравацца ў прафесійным плане, паслужыла станаўленню майго светапогляду. Тут я знайшла сапраўдных сяброў з ліку аднакурснікаў, з якімі мы і зараз падтрымліваем адносіны. Выкладчыкі заўсёды былі неабыякавымі, у першую чаргу нас ацэньвалі, даючы права на памылку. Мне хочацца спадзявацца, што і я працягваю гэтую традыцыю. У мяне выкладала Юлія Валер’еўна Касцюкевіч, і заўсёды было адчуванне, што яна за нас, вучняў, што б ні здарылася, а таму ва ўстанове панавала, можна сказаць, сямейная атмасфера, — дзеліцца ўспамінамі Марына Леанідаўна. — Я працую ў каледжы ўжо сёмы год, але і сёння адчуваю сябе маладым выкладчыкам, бо няма руціны, а выкладанне прыносіць вялізнае задавальненне”.

Вучням і педагогам гімназіі-каледжа адкрываецца шлях не толькі самапазнання, але і самаўдасканалення і самарэалізацыі, у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву з установамі адукацыі мастацкай накіраванасці Беларусі і іншых краін, у межах якога праводзяцца сумесныя пленэры, выставы, сустрэчы з таленавітымі мастакамі і выкладчыкамі з розных краін. Гэта дае ім магчымасць праз далучэнне да нацыянальнай i сусветнай культуры павышаць свой інтэлектуальны ўзровень, развіваць творчы патэнцыял, заяўляць пра сябе. Такім чынам, самапазнанне, самаўдасканаленне і самарэалізацыя раскрываюць сутнасць ідэі пераемнасці, якая ляжыць у аснове работы гімназіі-каледжа мастацтваў.


Багатыя традыцыі, высокі ўзровень прафесіяналізму педагогаў, дасягненні вучняў зрабілі Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў адной з лепшых навучальных устаноў Беларусі. Пра давер вучняў і іх бацькоў да ўстановы сведчыць той факт, што са сцен гімназіі-каледжа выйшла не адна сямейная дынастыя. “Наша ўстанова ўнікальная, бо ў ёй дзеці вучацца і займаюцца сваёй любімай справай — творчасцю. У нас з павагай ставяцца да дзіцячай творчасці, любяць, разумеюць і паважаюць падрастаючае пакаленне. Таму мы з радасцю чакаем хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат, якія хочуць тварыць, атрымаць добрую спецыяльнасць і крочыць у жыццё ўпэўнена”, — рэзюмавала Лілія Міцура.

Вольга АНТОНЕНКАВА.