Розум без кнігі — як птушка без крылаў

- 12:12Нам пішуць

23 красавіка — Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права. У нашай школе гэтай падзеі прысвечана акцыя “Розум без кнігі — як птушка без крылаў”, якая прайшла 20 красавіка. Да першакласнікаў у госці завіталі выпускніцы — вучаніцы 11 класа. Дзяўчаты расказалі пра гісторыю свята, правялі казачную віктарыну, раздалі дзецям буклеты, паказалі прэзентацыю “Помнікі кнізе”, падарылі кніжку вершаў. У першакласнікаў ад мерапрыемства засталіся самыя прыемныя ўражанні. А яшчэ нашы маленькія навучэнцы падзяліліся сваёй радасцю, што яны ўжо самі чытаюць кніжкі і з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі не толькі школьнай, але і сельскай. Гэта дае ім адчуванне даросласці.

Выхавальніца групы прадоўжанага дня Алена Фёдараўна Ганчарова арганізавала экскурсію ў сельскую бібліятэку, дзе дзецям адкрыўся незвычайны кніжны свет. Трэба было бачыць вочы дзяцей, уражаных вялікай колькасцю кніг, разуменнем іх значнасці, цікавым аповедам бібліятэкара.

Выхаванне кнігай ва ўсе часы лічылася самым дзейсным сродкам. Нездарма ва ўсім свеце налічваецца агромністая колькасць помнікаў кнізе. Мэтай акцыі стала прывіццё любові да чытання. Такія мерапрыемствы ў нашай школе ўжо не адзін год даказваюць сваю эфектыўнасць і патрэбнасць.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.