Рукатворныя рэчы заўсёды дарэчы

- 11:22Культура

Выставачная зала Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі апранула цёпла-мяккую, утульную вопратку, створаную рукамі юных майстроў Беларусі. Выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд” сабрала каля 400 работ, розных па тэматыцы, кампазіцыі і тэхніцы выканання, створаных у традыцыйным і сучасным напрамках. У свяце, прысвечаным адкрыццю выставы і ўзнагароджванню, прынялі ўдзел больш за 100 навучэнцаў і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны.

У саматканым свеце апынуліся цацкі і сувеніры, пано і габелены, дываны і абрусы, сурвэткі і разнастайныя сумкі, вышытыя вокладкі і закладкі для кніг, скарбонкі, жаночыя ўпрыгажэнні, тканыя магніты, падушкі, розныя варыянты беларускага традыцыйнага рэгіянальнага касцюма, яго элементы і інтэрпрэтацыі. Тут пасяліліся і самыя розныя лялькі: пачынаючы ад традыцыйных абярэгаў, лялек-матанак, абрадавых (велікодная, вербная і інш.), лялек у нацыянальным строі да сучасных лялек, сярод якіх — гістарычны вобраз полацкай князёўны Рагнеды, паненка з завіўкай і ў карункавым капялюшыку, рэперша ў скураных батфортах і інш. Высветлілася, што лялька ў многіх аўтараў асацыіруецца з бабуляй. Свае лялечныя фантазіі на “бабуліну” тэму прадставілі адразу некалькі канкурсантаў.

Значнай часткай экспазіцыі сталі тканыя і вышытыя ручнікі з розных раёнаў Беларусі, якія аб’ядналі ў сабе вытрыманую чырвона-белую каларыстыку і знакавую семантыку арнаменту. Прыкладам адраджэння старажытнага рамяства сталі арыгінальныя, выкананыя ў розных тэхніках і прыёмах паясы: тканыя на дошчачках, тканыя на ніту, тканыя на бердзечку, плеценыя і тканыя на кроснах, арыгінальна аздобленыя.

Журы вызначыла 25 пераможцаў і 51 прызёра выставы-конкурсу ў трох узроставых катэгорыях (6—9 гадоў, 10—12 гадоў, 13—16 гадоў) і намінацыях (“Захаванне беларускіх нацыянальных традыцый”, “Арыгінальная ідэя і творчае рашэнне”, “Інавацыйная тэхніка выканання”).

Старшыня журы Маргарыта Леанідаўна Шчамялёва, мастак, в.а. загадчыка кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, зазначыла:

— Гэтая выстава аб’яднала ініцыятыўнасць таленавітых педагогаў, якія змаглі данесці да сваіх выхаванцаў, што галоўнае — захаваць народныя традыцыі, рухацца наперад, інтэрпрэтаваць. Такія выставы аб’ядноўваюць людзей, якія цікавяцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, даследуюць культурную спадчыну і тым самым захоўваюць традыцыі свайго народа. Аналізуючы экспазіцыі гэтай і падобных выстаў (я яшчэ з’яўляюся старшынёй Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”), хачу сказаць, што з году ў год работы становяцца больш дасканалымі. Мастацкія кіраўнікі ўдзяляюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку справы — асноўная большасць работ выканана на вельмі высокім узроўні. Нават калі ствараецца інтэрпрэтацыя на аснове народнага мастацтва, пры гэтым і якасць, і кампазіцыйная структура вельмі радуюць.

У гутарцы пра тое, як стварыць добрую работу, Маргарыта Леанідаўна зазначыла, што важна знайсці арыгінальную ідэю, самабытнасць мастацкага ўвасаблення, захаваць баланс паміж традыцыйнымі прыёмамі беларускіх народных рамёстваў і выкарыстаннем новых тэхнік і тэхналогій. Але мастачка пераканана, што ўсё ж галоўнае — пачаць з даследавання:

— Калі вы, скажам, робіце ляльку, то павінны даследаваць касцюм, пагартаць кнігу М.Раманюка “Беларускія народныя строі”, каб не было падробкі, а прысутнічала этнаграфічная дакладнасць. Калі робіце цацку, то не трэба капіраваць яе з часопісаў, яна не павінна быць і копіяй героя мультфільма. Хаця калі гэта будзе геніяльная інтэрпрэтацыя, то чаму б і не? Праўда, мне падаецца, ствараючы інтэрпрэтацыю, лепш аддаваць перавагу класічным узорам і рабіць свае аўтарскія хады.

Дзіця ў студыі стварае тое, што яму падабаецца, а задача педагога — не проста даць яму волю, але і прывіць колераадчуванне, даць асновы колеразнаўства, кампазіцыі. У мяне сур’ёзныя заўвагі да каларыстычнай структуры лялек, падабранага для іх адзення. Часам сама лялька мае вейкі, вусны і г.д., але галоўнае — каларыт, гармонія — упушчана. У астатнім жа заўваг да напаўнення выставы ў нас няма.

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці запрашае ўсіх жадаючых да 31 жніўня завітаць на выставу і самастойна ацаніць непасрэднасць, разняволенасць творчых дзіцячых фантазій і аўтэнтыку беларускіх мастацкіх традыцый.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.