Са сталічным размахам, але з палескай шчырасцю

- 12:23Сацыяльны ракурс

У мінулую суботу ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна прайшлі “Спораўскія сенакосы”. Фэст праводзіўся дзявяты раз, сёлета — ужо ў статусе еўрапейскага. Стартаваўшы ў 2007 годзе як мясцовыя спаборніцтвы па ручным кашэнні нізінных балот, “Спораўскія сенакосы” да гэтага часу ператварыліся ў вялікае шматграннае свята. Тут сышлося ўсё — спорт, мастацтва, рамёствы, навука і тэхналогіі.

Менавіта тут, у пойме рэчкі Ясельды, раскінулася адно з найвялікшых нізінных балот Еўропы — Спораўскае. Спрадвеку мясцовыя жыхары пасвілі на яго прасторах свае статкі і касілі сена. Гэтыя мясціны аблюбавалі многія віды жывёл і раслін. І калі пік меліярацыі прайшоў, а балота атрымала міжнародны статус аховы, было ўключана ў Рамсарскі спіс і на яго тэрыторыі быў створаны дзяржаўны біялагічны заказнік, то можна было падумаць, што так будзе заўсёды.
Небяспека прыйшла адкуль не чакалі: тое, што не паспела зрабіць меліярацыя, робіць дэмаграфія! Вясковыя статкі зніклі, былыя сенажаці сталі непатрэбнымі — і пакінутыя балоты пачалі зарастаць хмызняком. Для раслін і жывёл, якія насяляюць адкрытыя прасторы, гэта нясе вельмі сур’ёзную пагрозу. Менавіта таму ў заказніку “Спораўскі” ўжо некалькі гадоў рэалізоўваюцца праекты па аднаўленні балот з дапамогай механізаванай касьбы. Прыцягнуць увагу да праблемы маюць на мэце і “Спораўскія сенакосы”.
Арганізатарамі фэсту традыцыйна выступілі Бярозаўскі райвыканкам і Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”. Мерапрыемства падтрымала Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Глабальны экалагічны фонд, праект ЕС “Энергія балот”, праект ЕС/ПРААН Clima East і інш.
Сёлета ў “Спораўскіх сенакосах” прынялі ўдзел 27 каманд з розных абласцей Беларусі, Польшчы і Германіі. У прыватнасці, нямецкую каманду пад назвай “Памеранскія буйвалы” прадстаўлялі супрацоўнікі фонду Міхаэля Зухава — менеджар праекта “Энергія балот”, які зараз рэалізоўваецца ў Беларусі, Віндэлін Віхтман і эксперт Андрэас Хаберл. Трэба заўважыць, што нямецкія вучоныя годна глядзеліся побач са спрактыкаванымі касцамі.
У складзе другой каманды праекта з адпаведнай назвай “Энергія балот” выступалі вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі геахіміі ландшафтаў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Усяслаў Раковіч і намеснік дэкана факультэта маніторынгу навакольнага асяроддзя МДЭУ імя А.Д.Сахарава Уладзімір Капіця.
Увогуле, трэба адзначыць мужнасць усіх касцоў, якія не пабаяліся выйсці на касьбу ў 35-градусную спёку. Паводле правіл, камандам, якія складаліся з двух чалавек, неабходна было як мага хутчэй і акуратней пракасіць паласу даўжынёй 100 м і шырынёй 3 м. Адзначым, што з большым ці меншым спрытам фінішавалі ўсе.
У выніку перамаглі касцы з каманды “Картузіянцы” Бярозаўскага раёна. Другое месца заняла каманда “Жылінскі” з Паставаў. Трэцімі сталі “Какарыцкія асілкі” з Драгічынскага раёна. Усе яны атрымалі ўзнагароду — сучасныя прыгожыя веласіпеды. А ўладальнікі трох першых месцаў у асабістым заліку павязуць дамоў гумовыя лодкі.
Напрыканцы спаборніцтваў на VIP-дыстанцыю (30 м) выйшлі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута, кіраўнікі мясцовых улад, замежныя госці, спонсары. І калі хтосьці скажа, што 30 м — гэта мала, той, напэўна, ніколі не касіў густую балотную траву на высокіх купінах у разгар спякотнага дня. Ва ўсякім разе, спрактыкаваныя касцы высока ацанілі майстэрства
VIP-удзельнікаў.
Ужо другі год у рамках фэсту праводзіцца адкрыты чэмпіянат Беларусі па футболе на балоце. Трэба сказаць, што гэта даволі азартна і відовішчна. Чорнае тарфяное поле і яркія футбалісты, якія па ходзе гульні (2 таймы па 13 хвілін) усё больш камуфлююцца пад навакольны пейзаж.
Сёлета на гульню заявілася 8 каманд з Брэсцкай і Мінскай абласцей. Як і павінна быць, спачатку прайшоў групавы турнір, потым паўфіналы і, нарэшце, захапляльны фінал. Пераможцай гэтага незвычайнага турніру стала баявая каманда Бярозаўскага мясакамбіната. Пасля фінальнай гульні мясцовыя ратавальнікі шчодра акацілі пераможцаў вадой з пажарнай машыны. І гэта, напэўна, лепшае, чым можна было адарыць хлопцаў, якія ў неймаверную спёку, у пыле і поце змагаліся за перамогу (зрэшты, пазней ім уручылі больш важкія прызы).

І калі хтосьці скажа, што 30 м — гэта мала, той, напэўна, ніколі не касіў густую балотную траву на высокіх купінах у разгар спякотнага дня.

На маляўнічай паляне побач з футбольным полем і сенакосамі быў разгорнуты кірмаш народных промыслаў. Тут можна было набыць драўляныя і ганчарныя вырабы, кошыкі з лазы, вышыўку і многія іншыя самаробныя рэчы. Амаль усе мужчыны спыняліся каля майстравітага дзядулі, які гандляваў косамі — звычайнымі (з елкі) і паляшуцкімі, з адмысловай ручкай (з ясеню). Мужчыны вельмі ахвотна набывалі зграбныя косы, адны — каб касіць на лецішчы, а другія, верагодна, не маглі ўстаяць перад інструментам, які заўсёды быў у пашане ў нашых продкаў.
Касцы, якія, па правілах спаборніцтваў, павінны мець уласны інструмент, першай справай накіроўваліся да шыльды “Адкляпаю касу”. Там, у цяньку, слаўны дзядуля рыхтаваў косы да работы. Пасля спаборніцтваў вярталіся, каб падзяліцца ўражаннямі.
“Спораўскаму кірмашу мы далі ўмоўную назву “Балота нас корміць, поіць, грэе і натхняе”, — расказвае каардынатар праекта “Энергія балот” Алег Сівагракаў. — Гэтым самым мы пастараліся паказаць людзям, як многа можна ўзяць з балота. А яшчэ мы хацелі давесці да людзей, што на падобных фэстах можна не толькі весяліцца, але і зарабляць грошы. У савецкі час дзесяцігоддзямі падаўлялася прадпрымальніцкая актыўнасць людзей, таму цяпер так цяжка ідзе вяртанне назад. Людзі баяцца міліцыі, баяцца падатковых органаў, увогуле баяцца гандляваць. Зараз ужо не трэба баяцца, але, як высвятляецца, трэба прыкладаць значныя намаганні, каб людзі разняволіліся і пачалі праяўляць актыўнасць. Паглядзіце, колькі тут магчымасцей! Адзін толькі прыклад: карчы, якія кучамі навалены на распрацаваных балотах, у нямецкіх супермаркетах каштуюць па 17,99 еўра. Але ўсё гэта трэба ўмець заўважыць і прадаць. Наша задача — паказаць мясцовым жыхарам патэнцыял балот і навучыць іх карыстацца гэтым патэнцыялам. Я спецыяльна папрасіў усіх сваіх калег наведаць спораўскі кірмаш і абавязкова набыць у мясцовых жыхароў які-небудзь выраб, хай сабе гэта будзе і дарагавата. Стваральныя ініцыятывы трэба заахвочваць, каб надаць людзям смеласці”.
Лірычным упрыгажэннем фэсту сталі творчыя калектывы Палесся — ансамблі “Квецень”, “Медуніца”, “Пескаўскія весялухі”, “Заранак”, “Суседкі” і іншыя. Паляшуцкая мова шчодра гучала і на сцэне, і на кірмашы, і на спораўскіх сенажацях.

Заслуга арганізатараў у тым, што свята здавалася стыхійным, неспланаваным. Было адчуванне, што ўсё тут само пяецца, танцуецца, радуецца і спорыцца. І гэтым “Спораўскія сенакосы” вельмі нагадалі еўрапейскія фэсты: людзі прыйшлі не староннімі назіральнікамі на чужое свята, а зрабілі гэтае свята самі.

Заслуга арганізатараў у тым, што свята здавалася стыхійным, неспланаваным. Было адчуванне, што ўсё тут само пяецца, танцуецца, радуецца і спорыцца. І гэтым “Спораўскія сенакосы” вельмі нагадалі еўрапейскія фэсты: людзі прыйшлі не староннімі назіральнікамі на чужое свята, а зрабілі гэтае свята самі. Ад таго і радасці было — цераз край.
Зрэшты, арганізатары папрацавалі на славу. На балотах былі акуратна размечаны дыстанцыі для камандных і індывідуальных спаборніцтваў, а таксама для VIP-касьбы. Футбольнае поле разроўнена (наколькі гэта магчыма на балоце) і паліта вадой. Для гасцей, як прынята на Палессі, было прыгатавана ўдосталь прысмакаў, квасу і марожанага. У дзіцячай зоне працавалі аніматары, для малых праводзіліся розныя конкурсы і майстар-класы. У вёску прыехаў нават 7D-кінатэатр. Вось такі атрымаўся спораўскі фэст: са сталічным размахам, але з палескай шчырасцю.

У рамках фэсту “Спораўскія сенакосы” адбыўся круглы стол “Перспектывы выкарыстання біямасы балотных раслін у якасці паліва”. У размове ўдзельнічалі спецыялісты — удзельнікі міжнародных экалагічных праектаў “Энергія балот” і Clima East, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. У рабоце таксама прыняла ўдзел супрацоўніца офіса дэлегацыі ЕС у Беларусі каардынатар праектаў у галіне энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Алена Ракава.

Праект Clima East, які працуе ў рамках вялікай рэгіянальнай праграмы ЕС і накіраваны на захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі, прэзентаваў менеджар Уладзімір Калтуноў. Ён заўважыў, што, умела кіруючы балотнымі тэрыторыямі, можна выкарыстоўваць іх як крыніцу альтэрнатыўнага паліва і адначасова захоўваць біяразнастайнасць.
Для рэалізацыі ідэй праекта Clima East былі выбраны два балоты — Спораўскае і Званец. Раней яны даволі інтэнсіўна выкарыстоўваліся мясцовым насельніцтвам для выпасу статкаў і касьбы і падтрымліваліся ў адкрытым стане. Зараз, калі балоты пачалі зарастаць хмызняком, цэлая супольнасць раслін і жывёл апынулася пад пагрозай знікнення. Задача праекта Clima East — наладзіць устойлівае кіраванне балотнымі тэрыторыямі дзеля скарачэння выкідаў парніковых газаў і захавання балотнай біяразнастайнасці. У рамках праекта ўжо набыта тэхніка для таго, каб абкошваць балоты і выкарыстоўваць атрыманую біямасу для вырабу будаўнічых матэрыялаў і альтэрнатыўнага паліва.
Акрамя таго, удзельнікамі праекта прапаноўваецца цікавае і крыху нечаканае вырашэнне праблемы тарфяных пажараў. “Як бы мы ні аберагалі балоты, яны ўсё роўна будуць гарэць, — заўважыў Уладзімір Калтуноў. — Для таго каб не дапусціць спантанных пажараў, Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах НАН Беларусі, вывучыўшы папярэдне замежны вопыт, распрацаваў навуковыя рэкамендацыі і сёлета было праведзена кантралюючае выпальванне на балоце Званцы. Мы дакладна пралічылі, з якога боку накіраваць агонь, каб ён знайшоў натуральную перашкоду і спыніўся. Пры гэтым выпальванне праводзілася па ўзгадненні і пад кантролем мясцовых землеўладальнікаў, а таксама аддзела па надзвычайных сітуацыях Драгічынскага райвыканкама”.
Выпальванне рабілася ў зімовы перыяд, калі балота замерзла. Па словах Уладзіміра Калтунова, эксперты вельмі доўга выбіралі правільнае надвор’е — патрэбнае спалучэнне вільготнасці і напрамкаў ветру. Усё прайшло вельмі добра. Каля чвэрці балота было паспяхова вызвалена ад сухой расліннасці, якая перашкаджае росту новых раслін і гнездаванню птушак. Што самае галоўнае, на вызваленых тэрыторыях значна зменшылася пагроза спантанных пажараў, якія дагэтуль здараліся штогод.

Паводле інфармацыі, агучанай загадчыкам сектара Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Казуліным, з 72 відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, 23 жывуць на балотах. У прыватнасці, вялікі падворлік — глабальна пагражальны від, які мае самы высокі статус аховы ва ўсім свеце (на планеце налічваецца ўсяго некалькі тысяч). У нашай краіне гняздуецца 150—200 пар, практычна ўсе на балотах. Акрамя таго, у Беларусі жыве каля 5% сусветнай папуляцыі дупеля, большая частка — таксама на балотах. Вядома, усе чулі пра вяртлявую чаротаўку, якая выбірае для жыцця выключна нізінныя балоты. 90% нацыянальнай папуляцыі сканцэнтравана якраз тут, на Спораўскім і Званцы, таму ад лёсу гэтых балот залежыць існаванне папуляцыі цэлага віду, нават многіх відаў.

Пра Міжнародны экалагічны праект “Энергія балот” мы не так даўно пісалі. Аднак нагадаем, што ажыццяўляецца ён спецыялістамі Беларусі і Германіі, галоўным чынам на базе балота Дакудаўскага і торфабрыкетнага завода “Лідскі”, і таксама мае на мэце забеспячэнне ўстойлівага кіравання выпрацаванымі тарфянікамі на тэрыторыі Беларусі. (Дарэчы, абодва праекты — і “Энергія балот”, і Clima East — фінансуюцца Еўрапейскім саюзам на агульную суму амаль 3 млн еўра).
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі геахіміі ландшафтаў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Усяслаў Раковіч гаворыць, што многія выпрацаваныя тарфянікі не прыдатныя для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, таму яны часта аказваюцца закінутымі. Вучоны паказвае фотаздымкі, дзе адлюстраваны пустынны, амаль месячны ландшафт.
“Негатыўныя наступствы дэградацыі выпрацаваных тарфянікаў не толькі экалагічныя, але і эканамічныя, — расказвае Усяслаў Раковіч. — Сёння ў Беларусі існуе каля 300 тысяч га выпрацаваных тарфянікаў і больш за 20 тысяч га не прыдатных для вядзення сельскай гаспадаркі. Там мэтазгодна праводзіць працэс паўторнага забалочвання, частку з іх можна выкарыстоўваць для вырошчвання біямасы дзеля выпрацоўкі паліва”.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага навукова-даследчага цэнтра “Экалогія” Алег Родзькін заўважыў, што выпрацаваныя тарфянікі настолькі разнастайныя, што часта на адным гектары нельга знайсці двух аднолькавых участкаў. Яны адрозніваюцца і па глыбіні торфу, і па расліннасці, і па магчымасцях скасіць і вывезці біямасу, і па тэрмінах, калі выпрацаваныя тарфянікі былі закінуты (у першыя гады гэта пустэльня, дзе нават пустазелле не расце). “Наша задача — каб усе ўчасткі былі ўключаны ў абарот і давалі эканамічны эфект”, — адзначыў Алег Іванавіч.
Праект “Энергія балот”, які пяты год рэалізоўваецца на тэрыторыі балота Дакудаўскага Лідскага раёна, прыносіць плён. Каардынатар праекта Алег Сівагракаў прадэманстраваў удзельнікам круглага стала новыя паліўныя брыкеты, вырабленыя не з традыцыйнага торфу, а з расліннай біямасы, атрыманай з выпрацаваных і зноў забалочаных тарфянікаў. Гэта наша перспектыва.
Праект “Энергія балот” завяршаецца ў снежні. Як паведаміў у інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” Вендэлін Віхтман, менеджар праекта з боку фонду Міхаэля Зукава, чаканым вынікам пяцігадовай работы будзе станоўчы экалагічны ўплыў на беларускія балоты.
“Фонд Міхаэля Зукава фінансуе не толькі беларускі праект, паралельна мы працуем у некалькіх еўрапейскіх краінах, — адзначыў Вендэлін Віхтман. — Калі скласці ўсе праекты разам, то атрымаецца цэльная карціна выкарыстання палудзікультуры (раслінаводства на забалочаных тарфяніках. — Г.С.). Гэта дазваляе нам эфектыўна распаўсюджваць у Беларусі вопыт іншых праектаў”.
“Вельмі важна, што ў Беларусі пачынаецца выкарыстанне балотнай біямасы для энергетычных мэт, — дадаў нямецкі эксперт Андрэас Хаберл. — Наш фонд упершыню пачаў супрацоўнічаць з торфабрыкетным заводам, які пры вырабе паліва частку торфу заменіць узнаўляльнай біямасай. Таму зараз увесь свет чакае, які будзе эканамічны эфект. Атрыманыя вынікі будуць вельмі каштоўнымі для ўсіх”.
Зараз складаецца бізнес-план праекта, але пра рэальныя лічбы можна будзе гаварыць толькі тады, калі на торфабрыкетным заводзе “Лідскі” пачне працаваць пелетная лінія. Як паведаміла менеджар праекта “Энергія балот” Ларыса Ушкова, плануецца, што гэтая лінія будзе запушчана ўжо восенню.
“Еўрапейская камісія зацікаўлена ў праектах, якія не толькі маюць навуковую аснову, але і накіраваны на развіццё сельскіх тэрыторый, — заўважыў Вендэлін Віхтман. — Хацелася б, каб мясцовыя жыхары пераходзілі на аднаўляльныя крыніцы энергіі. У Германіі ўжо ёсць цэлыя вёскі, якія адмаўляюцца ад цэнтралізаванага забеспячэння і выкарыстоўваюць мясцовыя крыніцы як для вырабу электрычнасці, так і для ацяплення дамоў. Было б добра, калі б такія вёскі пачалі з’яўляцца і ў Беларусі”.
Праект “Энергія балот” блізіцца да завяршэння. Аднак каардынатар праектаў ЕС у галіне энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Алена Ракава заклікала ўдзельнікаў падумаць над тым, каб работа ў гэтым важным напрамку была працягнута. ЕС гатовы фінансава падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на ахову навакольнага асяроддзя, захаванне клімату і біяразнастайнасці.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі аўтара і з архіва праекта ЕС “Энергія балот”.