Яшчэ два гады назад на адной з нарад па маніторынгу выканання Дэкрэта № 18 з вуснаў спецыялістаў давялося пачуць выраз: псіхалагічны эфект ад прыняцця дэкрэта перастае спрацоўваць, варта шукаць новыя спосабы ўздзеяння на нядбайных бацькоў. Іншымі словамі, калі па першым часе вельмі многіх мам і татаў выцвярэжвала, у прамым і пераносным сэнсе, адна думка пра тое, што ў іх могуць забраць дзяцей, з цягам часу многія з іх прызвычаіліся да яе. І сёння сам па сабе факт адабрання вельмі часта ўжо не іграе той рашаючай ролі ў вяртанні сям’і да нармальнага жыцця, як было на пачатку рэалізацыі дакумента. Да таго ж і вядучыя спецыялісты ў галіне аховы дзяцінства, абапіраючыся на прынцып неабходнасці захавання сям’і для дзіцяці, сцвярджаюць: адабранне — гэта ні ў якім выпадку не спосаб прафілактычнага ўздзеяння, а крайняя мера, якая прымяняецца, калі ўсе іншыя магчымасці вычарпаны і ёсць рэальная пагроза жыццю і здароўю дзіцяці.
Між тым і сёння не рэдкасць выпадкі, калі ледзьве не адзінай дзейснай мерай лічыцца адабранне дзіцяці. Безумоўна, на паперы ёсць і ўсё іншае: пастаноўка на ўлік асоб, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведванне сям’і, бясконцыя справаздачы, у якіх раз за разам адзначаецца пагаршэнне сітуацыі. І як заканамерны вынік такой работы з сям’ёй — адабранне, якое і становіцца той самай адзінай рэальнай і нібыта дзейснай мерай уздзеяння. Вось толькі праблема ў тым, што для ўсё большай колькасці бацькоў такое рашэнне — нібыта “вызваленне”: у палоне сваіх залежнасцей, псіхалагічных праблем нярэдка адабранне дзіцяці яны не ўспрымаюць як страту. Для дзяцей жа гэта ў любым выпадку неверагодны стрэс. Злучыць у далейшым такую сям’ю вельмі няпроста, калі не сказаць — немагчыма.
Ці ёсць альтэрнатыва такому сцэнарыю? Спецыялісты Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра сцвярджаюць, што ёсць, і пачынаюць работу па стварэнні аддзялення дзённага знаходжання.
Кожная нядобранадзейная сям’я — гэта як разбураны пазл: вось была цэлая карцінка, а потым засталіся толькі асобныя яе элементы — дзеці, бацькі, павага і каханне адно да аднаго… Сабраць жа зноў гэты пазл у адно цэлае магчыма толькі ў тым выпадку, калі будуць злучаны ўсе фрагменты. Задача няпростая, і ў многім залежыць ад таго, ці зможа спецыяліст знайсці заканамернасць у тым, што прывяло да разбурэння, ці адшукае шлях да кожнага “фрагмента” гэтага пазла. І “цяжкая артылерыя” тут не памочнік: нават адзін зламаны фрагмент не дазволіць сабраць сям’ю ў адно цэлае. Зразумела, для вырашэння гэтай задачы толькі перыядычнага наведвання сям’і недастаткова. Неабходна планамерная пастаянная работа з усімі яе членамі — і дарослымі, і дзецьмі. Менавіта на такую работу з сям’ёй накіраваны новы праект Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Спецыялісты гэтай установы пачынаюць рэалізацыю праекта “У асяроддзі сяброў”, які прадугледжвае стварэнне групы дзённага знаходжання на базе цэнтра для 12 дзяцей і падлеткаў, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
— У большай часткі сем’яў, з якімі мы працуем, праблемы маюць хранічны характар, перыядычна могуць узнікаць пагаршэнні, і тады дзеці і падлеткі, якія выхоўваюцца ў гэтых сем’ях, маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы з боку іншых дарослых, — адзначае дырэктар Смаргонскага СПЦ Ларыса Генрыкаўна Татарынава. — Стварэнне гэтай паслугі прадухіліць адабранне і змяшчэнне дзіцяці ў дзіцячы сацыяльны прытулак. Бо для непаўналетніх гэта заўсёды траўма. Нават тады, калі гэта было чаканым, дзеці адчуваюць страх і няўпэўненасць, адчуваюць сябе залежнымі ад знешніх акалічнасцей і незнаёмых людзей. Дастаткова спытаць у сябе: “А ці хацелі б мы аказацца ў такой сітуацыі? Што б мы адчувалі, пазбавіўшыся звыклага асяроддзя, людзей і рэчаў — усяго таго, што мы называем “сваім”? Расставанне з сям’ёй, па сутнасці, з’яўляецца прызнаннем таго, што для пэўнага дзіцяці быць любімым сваімі бацькамі — немагчыма, гэта сур’ёзная траўма, якая прыносіць боль, крыўду на бацькоў і на жыццё наогул, пачуццё адрынутасці і гнеў. А пры наяўнасці цэнтраў дзённага знаходжання, якія б планамерна вялі работу з сям’ёй, з большай верагоднасцю можна сцвярджаць, што сям’ю захаваць удасца.
Спецыялісты цэнтра падкрэсліваюць: работа з сям’ёй у рамках аддзялення дзённага знаходжання павінна будавацца на грунтоўнай падрыхтоўцы і весціся добра падрыхтаванымі спецыялістамі.
— Спачатку праводзіцца дэталёвае вывучэнне сямейнай сітуацыі — наведванне сям’і і складанне акта аб стане жыллёва-бытавых умоў, — дзеліцца вопытам дырэктар цэнтра. — Далейшае знаёмства адбываецца на базе нашага цэнтра, дзе праходзіць сустрэча дзіцяці, яго бацькоў са спецыялістамі з сумесным складаннем індывідуальнага плана работы, у якім вызначаюцца асноўныя мэты работы з сям’ёй і прапісваюцца канкрэтныя дзеянні па паляпшэнні сітуацыі. Такім чынам, прадугледжваецца індывідуальная і групавая работа з дзецьмі і іх бацькамі, сумесныя мерапрыемствы з сям’ёй, наведванне па месцы жыхарства — работа вядзецца як у цэнтры, так і на тэрыторыі кліента. Курс “Уменне быць бацькамі” для дзяцей і дарослых, сумесныя святы, бацькоўскія сходы, сацыяльны патранат, індывідуальныя псіхалагічныя і сацыяльна-педагагічныя кансультацыі для дзяцей і дарослых, юрыдычныя кансультацыі — усё гэта змяшчаецца ў кожны план работы з сям’ёй, уключанай у работу дзённага аддзялення.
Пры гэтым шырока выкарыстоўваецца міжведамаснае ўзаемадзеянне для вырашэння праблем сям’і (дапамога ў працаўладкаванні, лячэнні, вырашэнні юрыдычных пытанняў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і інш.). Значную ролю ў станоўчым вырашэнні праблем сям’і адыгрывае матывацыя бацькоў і іх гатоўнасць вырашаць праблемы, што ўзніклі, таму спецыялісты цэнтра рэгулярна падкрэсліваюць станоўчыя змены бацькоў і падтрымліваюць іх. З бацькамі абавязкова абмяркоўваюцца дасягненні дзяцей, іх здольнасці, якія ўдалося раскрыць.
— Мы не можам і не павінны аддзяляць дзіця ад сям’і, таму місія спецыялістаў групы дзённага знаходжання разам з дзецьмі і іх бацькамі — дасягнуць стабільных паляпшэнняў у жыцці. Гэтую работу можа ажыццявіць толькі дабра зладжаная каманда. Гэта не павінен быць проста догляд дзіцяці і чытанне натацый бацькам, важна знайсці шлях вырашэння праблем канкрэтнай сям’і, — падкрэслівае Ларыса Генрыкаўна.
Варта адзначыць, што спецыялісты цэнтра прымяняюць у сваёй рабоце разнастайныя метады і формы работы. У рабоце з дзецьмі, напрыклад, гэта як традыцыйныя выхаваўча-рэабілітацыйныя праграмы “Сацыяльна-бытавая рэабілітацыя”, “У свеце прафесій і захапленняў”, “Эстэтычнае выхаванне”, “Духоўна-маральнае выхаванне”, так і прынцыпова новыя. Напрыклад, наведвальнікі дзённага аддзялення, акрамя ўсяго, уключаюцца ў клуб “Афлатун”, работа якога накіравана на падрыхтоўку да самастойнага жыцця шляхам навучання сацыяльнай і эканамічнай пісьменнасці.
— У рамках клуба ў асноўным выкарыстоўваюцца актыўныя метады навучання: гульні, трэнінгі, работа ў парах і групах. Праграмай прадугледжана наведванне банкаў, удзел у сацыяльных і фінансавых праектах, — расказвае сацыяльны педагог Смаргонскага СПЦ, рэгіянальны майстар-трэнер па праграме сацыяльна-эканамічнай адукацыі “Афлатун” Вольга Марысеўна Шэкала. — Дзеці вучацца простым і патрэбным рэчам, якія заўсёды спатрэбяцца ў жыцці: бесканфліктным паводзінам, уменню супрацоўнічаць, складанню каштарысаў свят; вучацца планаваць сваё жыццё, зберагаць не толькі фінансавыя, але і матэрыяльныя, прыродныя рэсурсы, эканоміць час.
Яшчэ адзін незвычайны метад работы — заняткі для выхаванцаў “магіяй, што вылечвае”.
— Па гэтай методыцы нам дапамагаюць працаваць з дзецьмі спецыялісты мясцовага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Сутнасць методыкі простая, але вельмі дзейсная: спецыялісты, якія прайшлі навучанне па рэалізацыі гэтай праграмы, вучаць дзяцей простым, але вельмі эфектным фокусам. Гэта не толькі дае дзецям цікавы занятак і новыя веды, але і істотна павышае іх самаацэнку: такі фокуснік заўсёды ў цэнтры ўвагі аднагодкаў у школе, ён набывае аўтарытэт і новых сяброў, што ў сітуацыі з нашымі дзецьмі вельмі каштоўна.
Рэалізацыя такога праекта — гэта выключна ініцыятыва цэнтра, фінансава і метадычна гэтая дзейнасць сёння падтрымліваецца Прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь.
Для больш шырокага распаўсюджвання такой прафілактычнай паслугі патрабуецца вырашыць шэраг пытанняў на самым высокім узроўні: замацаваць у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі паняцце “цэнтр дзённага знаходжання”, распрацаваць прыкладнае палажэнне, неабходную дакументацыю, штатны расклад для таго, каб была магчымасць выдзяляць фінансаванне на харчаванне і іншыя выдаткі (на цяперашні момант яно ажыццяўляецца за кошт спонсарскіх і пазабюджэтных сродкаў). І не менш важнае — неабходна загадзя рыхтаваць спецыялістаў для работы ў цэнтры дзённага знаходжання.
— Вопыт работы аддзялення дзённага знаходжання на базе Смаргонскага СПЦ дасць магчымасць матываваць іншыя ўстановы адукацыі на падобную дзейнасць, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, ствараць падобныя групы для дзяцей і падлеткаў непасрэдна ва ўстановах адукацыі, — падкрэсліла Ларыса Генрыкаўна. — Такая шчыльная работа з сям’ёй на месцах дазволіць узняць прафілактычную дзейнасць на прынцыпова новы ўзровень. Важна толькі граматна наладзіць работу спецыялістаў, каб не адбылася падмена паняццяў і такія групы не ператварыліся ў аналаг груп прадоўжанага дня пры школе.