СаДРУЖНАсць у навуцы

- 13:53Якасць адукацыі

У Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў ІІІ форум вучоных дзяржаў — удзельніц СНД. Падобныя мерапрыемствы раней праводзілі Масква і Ерэван. 

У першы дзень форуму адбылося азнаямленне з поспехамі беларускіх вучоных. На выставе Нацыянальнай акадэміі навук былі прадстаўлены распрацоўкі ў галіне фізіка-тэхнічных, аграрных, гуманітарных, хімічных навук і інш. Уласныя распрацоўкі дэманстравалі і даследчыкі-пачаткоўцы: маладыя вучоныя прэзентавалі больш за трыц­цаць праектаў, што ўдзельнічалі ў рэс­публіканскім конкурсе “Сто ідэй для Беларусі”.

— Сёння няма ніводнай сферы навуковай дзейнасці, дзе б не перасякаліся інта­рэсы даследчыкаў краін — удзельніц СНД. Навука глыбока інтэгравана па розных напрамках, — заўважыў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Леанід Анфімаў. — Акцэнт робіцца на тых напрамках, якія тычацца лічбавізацыі і інавацыйнага развіцця эканомікі, розных галінах вытворчай і гаспадарчай дзейнасці. Гэта тэндэнцыі ўсяго свету. 

Удзельнікамі сёлетняга форуму сталі звыш 150 вучоных. Гэта людзі, якія “ро­бяць” навуку ў лабараторыях і на прадпрыемствах. Асноўныя мэты ўзаемадзеяння — актывізацыя навуковага супрацоўніцтва спецыялістаў дзяржаў — удзельніц СНД, стварэнне міжнародных даследчыцкіх калектываў для сумесных навуковых пошукаў і фарміраванне сістэмы міжнароднай мабільнасці вучоных і маладых спецыялістаў. 

Прадстаўнікі розных краін разгледзелі праблемы і перспектывы развіцця фундаментальнай навукі, прааналізавалі шляхі ўдасканальвання навуковага супрацоўніцтва ў лічбавую эпоху. Вучоныя адзначылі агульнанавуковыя праблемы: недахоп высокакваліфікаваных спецыялістаў па вузкіх напрамках, невялікі інтарэс мола­дзі да навукі, цяжкасці ў абмене вопытам. Сярод іншых пагроз, якія сёння стаяць перад чалавецтвам, спецыялісты вылучылі змяненне клімату, паніжэнне ўрадлівасці глеб, зніжэнне агульнасусветных запасаў збожжа і інш. Рашэнне практыкі бачаць ва ўдасканаленні працэсаў дакладнага і адаптыўнага земляробства, распрацоўцы сістэм па аднаўленні прадукцыйнасці глеб, гарантаванні харчовай бяспекі асобных краін. Навукоўцы аднагалосна адзначылі, што інвестыцыі павінны мець інавацыйны характар і ісці не­адрыўна ад навукі.

Акрамя таго, у межах форуму прайшоў з’езд навуковых саветаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук і пасяджэнне савета па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў — удзельніц СНД. 

— На форуме вучоных краін СНД мы абменьваемся сваімі дасягненнямі. Па выніках мерапрыемства будзе прынята дэкларацыя аб далейшым навуковым супрацоўніцтве нашых дзяржаў. Тут прадстаўлены ўсе галіны вытворчасці і навукі, пачынаючы з космасу і заканчваючы экалогіяй. Таксама мы актыўна працуем у галіне матэрыялазнаўства, сельскай гаспадаркі, біятэхналогій. Усе прывыклі да таго, што паўсюль у свеце развіваюцца ІТ. Але па ўдзельнай вазе біятэхналогіі не саступаюць, а з цягам часу, мяркуем, пераўзыдуць ІТ-галіну, — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. — Так склалася, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заўсёды была і застаецца ўніверсальнай структурай, якая займаецца многімі пытаннямі. Нас добра ацэньваюць калегі з іншых краін, да нас імкнуцца, пераймаюць веды, натхняюцца. 

Ірына ІВАШКА. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.