Сахараўскі ўніверсітэт прапанаваў абітурыентам шэраг новаўвядзенняў

- 12:37Вышэйшая школа
Сёлета Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д.Сахарава ўпершыню ажыццяўляе прыём абітурыентаў з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння. Такім чынам, ён стаў другой установай вышэйшай адукацыі ў нашай краіне (пасля БДУІР), якая пачала шырокае выкарыстанне згаданай сістэмы. Яе зручнасць паспелі ацаніць абітурыенты і іх бацькі.
Зрэшты, гэта не адзінае новаўвядзенне, на якое варта звярнуць увагу паступаючым у Сахараўскі ўніверсітэт.
Магчымасць зрабіць больш асэнсаваны выбар

Першымі, хто ацаніў зручнасць аўтаматызаванай сістэмы прыёму заяў і залічэння, былі супрацоўнікі прыёмнай камісіі. З першых дзён стала зразумела, што, дзякуючы згаданай сістэме, можна не толькі пазбегнуць чэргаў пры падачы дакументаў, але і стварыць камфортныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў уступнай кампаніі.
— Аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння дазваляе абітурыентам удзельнічаць у конкурсе адразу па трох спецыяльнасцях у межах аднаго профілю, — тлумачыць адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Наталля Аляксандраўна Савасценка. — Напрыклад, паступаючыя на факультэт экалагічнай медыцыны здавалі ўступныя іспыты па рускай ці беларускай мове, хіміі і біялогіі — гэта адзін профіль, а паступаючыя на факультэт маніторынгу навакольнага асяроддзя здавалі іспыты па беларускай (рускай) мове, матэматыцы і фізіцы — гэта другі профіль. Такім чынам, кожны абітурыент пры падачы дакументаў указвае тры спецыяльнасці, па якіх ён хацеў бы атрымаць адукацыю, у парадку прыярытэту. Гэта значыць, што калі па сваіх балах абітурыент не паступіць на спецыяльнасць, якую ён указаў першай, ён будзе залічаны на другую або трэцюю.
Сёння ўжо многія абітурыенты і іх бацькі адзначаюць зручнасць аўтаматызаванай сістэмы прыёму заяў і залічэння. Яны разумеюць, што верагоднасць паступіць ва ўніверсітэт пры выкарыстанні гэтай сістэмы вышэйшая, чым калі прыём ажыццяўляецца толькі на адну спецыяльнасць.
— Сістэма практычна выключае ваганні абітурыентаў і неабходнасць перападаваць дакументы з адной спецыяльнасці на іншую, — заўважыў першы прарэктар МДЭУ імя А.Д.Сахарава Уладзімір Іванавіч Красоўскі. — Абітурыент сам загадзя выбірае тры спецыяльнасці, якія яму найбольш падабаюцца, і яму застаецца толькі чакаць вынікаў паступлення. Асабліва зручна гэта для іншагародніх, якім не трэба ў апошні дзень ехаць у Мінск, каб зноў прымаць важнае рашэнне.
Трэба прызнаць, што такая сістэма мае нават лепшую прафарыентацыйную скіраванасць, чым калі абітурыенты ў апошні дзень пачынаюць перападаваць дакументы на спецыяльнасці, куды, на іх думку, яны змогуць “прайсці”. І ўжо дакладна, яна значна менш стрэсавая.

Самы высокі конкурс — на “Медыцынскую экалогію”

Як і ў іншых установах вышэйшай адукацыі, у экалагічным універсітэце маніторынг прыёмнай кампаніі праводзіцца чатыры разы на дзень: у 9, 12, 15 і 18 гадзін. І калі параўнаць сёлетнія лічбы з мінулагоднімі, то сітуацыя ў цэлым падобная.
— Мы праводзім маніторынг прыёмнай кампаніі па першай спецыяльнасці, адзначанай абітурыентамі ў парадку прыярытэту, — заўважыла Наталля Аляксандраўна. — І згодна з данымі на 15 гадзін панядзелка, можна бачыць, што на спецыяльнасць “Медыцынская экалогія” на 10 бюджэтных месцаў дзённай формы навучання пададзена ўжо 37 заяў. Але нават тыя, хто мае ніжэйшыя балы і загадзя ведае, што не паступіць на згаданую спецыяльнасць, не збіраюцца забіраць дакументы, бо ведаюць: яны маюць усе шансы паступіць на другую або трэцюю спецыяльнасць, указаныя імі ў парадку прыярытэту.
Дарэчы, на спецыяльнасць “Медыцынская экалогія” конкурс ужо ёсць і на завочную форму (на 10 бюджэтных месцаў — 16 заяў), хаця прыём дакументаў сюды будзе весціся аж да 2 жніўня.
— Прыём на завочнае навучанне мае сваю спецыфіку, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна. — Сюды паступаюць пераважна тыя, хто ўжо мае сярэднюю спецыяльную адукацыю або вопыт работы па профілі. Гэта вельмі матываваныя людзі, якія мэтанакіравана выбіраюць і ўніверсітэт, і спецыяльнасць. Адметны той факт, што асноўны наплыў паступаючых на завочную форму — па суботах, бо ўсе яны, як правіла, працуюць. Напрыклад, у мінулую суботу мы сустракалі іншагародніх абітурыентаў з паловы восьмай раніцы.

Не ўрачы, але спецыялісты ў галіне медыцыны

Сёлета ў Сахараўскім універсітэце з’явілася новая спецыяльнасць — “Медыцынская фізіка”. Яе выпускнікі будуць забяспечваць дзейнасць устаноў аховы здароўя ў галіне выкарыстання фізічных метадаў дыягностыкі і лячэння пацыентаў з дапамогай складанага тэхнічнага абсталявання, у тым ліку з мэтай бяспечнага выкарыстання крыніц іанізуючага выпраменьвання. Акрамя таго, медыцынскія фізікі павіны быць здольны да вядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне дзеяння фізічных фактараў на арганізм чалавека. Яны не будуць займацца ўрачэбнай дзейнасцю, аднак непасрэдна звязаны з медыцынай.
— Пра запатрабаванасць спецыяльнасці “Медыцынская фізіка” сведчыць той факт, што яна была ініцыіравана на высокім дзяржаўным узроўні, — тлумачыць Уладзімір Іванавіч Красоўскі. — Вядома, напрыклад, што Міністэрства аховы здароўя неахвотна прымае ў сваю сістэму спецыялістаў з іншых галін. А тут якраз адваротны выпадак: міністэрства актыўна спрыяла адкрыццю згаданай спецыяльнасці ў нашым універсітэце.

Для тых, хто паступіць у Сахараўскі ўніверсітэт

Ва ўніверсітэта, нарэшце, з’явілася ўласнае жыллё ў студэнцкай вёсцы, і месцы ў інтэрнаце атрымаюць не менш як 90% сёлетніх першакурснікаў. Гэта, аднак, не азначае, што ім гарантавана жыллё на ўвесь перыяд навучання, але тыя, хто добра вучыцца і праяўляе актыўнасць, абавязкова будуць забяспечаны месцамі ў інтэрнаце.

Дарэчы…

З гэтага года Сахараўскі ўніверсітэт амаль усе свае спецыяльнасці пераводзіць на чатырохгадовы тэрмін навучання. І толькі па трох — “Медыка-біялагічная справа”, “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” і “Медыцынская фізіка” — застаецца пяцігадовы тэрмін навучання. Гэта звязана з тым, што аб’ём ведаў, якія патрэбна засвоіць студэнтам, каб стаць спецыялістамі ў згаданых галінах, вельмі вялікі.

На спецыяльнасць “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” набор вядзецца толькі за кошт сродкаў бюджэту.

Ужо другі год вядзецца прыём абітурыентаў і ў філіяле МДЭУ імя А.Д.Сахарава ў Ерэване (Арменія) па спецыяльнасцях “Медыцынская экалогія” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у экалогіі)”. І хоць прыёмная кампанія там будзе весціся аж да сярэдзіны восені, ужо зараз з боку армянскай моладзі адзначаецца высокі інтарэс да навучання ў філіяле. Гэта і зразумела: МДЭУ імя А.Д. Сахарава з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў – удзельніц СНД па экалагічнай адукацыі. І за мяжой яго ведаюць, можа, нават лепш, чым у Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.